Музыка7

Спакуслівыя танцы і генератар бульбы: 18 найлепшых кліпаў беларускіх выканаўцаў у 2018 годзе ВІДЭА

«Наша Ніва» працягвае падсумоўваць вынікі 2018 года. Публікуем топ з 18 кліпаў беларускіх выканаўцаў, што пабачылі свет у адыходзячым годзе. 

18. PAWA — Dudaročku

Адкрывае наш топ іранічны кліп пра жыццё сучаснага дудара ў касцюме адыдас. Скокі ў тралейбусе з кантралёрам пад электра-фолк, гопнікі і любоўная драма — усё гэта можна знайсці ў бадзёрым роліку.

17. Ціма Беларускіх — Мокрые кроссы + Незабудка

На пачатку снежня новая зорка беларускай музыкі выдала кліп адразу на два свае хіты. Публіка ацаніла: амаль чатыры мільёны праглядаў, але нешта ў гэтым відэа не так.

Складваецца ўражанне, што гэта аматарская пародыя на кліпы Макса Каржа. Але калі ў арыгінал ты верыш, бо біяграфія Каржа не з'яўляецца таямніцай, то ў выпадку з Цімай Беларускіх, здаецца, ад іміджу «бэдбоя» нічога не застанецца, калі слухачы даведаюцца праўду.

Мы ж будзем сачыць далей.

Чытайце таксама:

Ціма Беларускіх і яго фанаты(-кі) ВІДЭА

Чаму «Беларускіх» не беларускае прозвішча і ўвогуле аксюмаран

16. Mario Arrivederci — Riflessione

Не спяшайцеся са сваімі «Штооо?!»

Напэўна, больш атмасфернага і рамантычнага відэа больш не будзе ў нашай падборцы. Таму варта паглядзець яго яшчэ некалькі разоў, каб атрымаць асалоду ад вытанчанай атмасферы, гітарнага сола і заходу сонца над Свіслаччу.

15. Лера Яскевіч — Рух

Сціплы, але вельмі прыгожы кліп на беларускамоўную песню маладой беларускай спявачкі.

Хацелася б пажадаць у новым годзе для Леры скарэння новых музычных вяршыняў і яшчэ больш песень на роднай мове!

Чытайце таксама:

Шчырая гутарка з Лерай Яскевіч, якая рве інтэрнэт музычнымі каверамі, пра адказнасць перад аўдыторыяй, правінцыю і пакаленне блогераў

«Ток» з мегапапулярнай блогеркай Лерай Яскевіч: Пра галодныя 2000-я, жыццё ў сталіцы і шоу Перліна

14. Panska Moc — Улыбка

Дэбютны кліп гурта, які пазіцыянуе сябе музыкай бетонных мінскіх сцен. Але Мінск у відэа атрымаўся сонечным і лямпавым, як у прынцыпе і сама песня, якую хочацца пастаянна напяваць.

13. Shuma — Clouds (Хмаркі)

Сюжэт кліпа заснаваны на рэальнай гісторыі трансгендарнай дзяўчыны Валерыі Шандэры.

Гэтым відэа Shuma хацела падтрымаць усіх, хто зведваў на сабе гвалт за сваю іншасць, а таксама распачаць кампанію па падтрымцы бацькоў ЛГБТ-дзяцей.

12. Drum Ecstasy — Happy Day

Павучальны кліп на кампазіцыю, якая ўяўляе сабой традыцыйны іспанскі тост. Лірычны герой відэа пачынае выпіваць з прыгожымі дзяўчатамі, а ў канцы відэа замест прыгажунь з'яўляюцца суворыя хлопцы.

Кліп гурт здымаў амаль цалкам сваімі сіламі і выдаткаваў на яго каля 500 даляраў.

11. NAVIBAND feat. Melitina Staniouta — Рэчанька

Гэты год быў вельмі насычаным для ўдзельнікаў калектыву: у Арцёма і Ксюшы нарадзіўся сын, нягледзячы на прыемныя клопаты, NAVIBAND не спынілі музычную дзейнасць: актыўна гастраліравалі, выдавалі сінглы і здымалі кліпы.

У 2018 годзе ў гурта выйшла адразу тры відэа, але нам бы хацелася адзначыць менавіта «Рэчаньку» з удзелам Меліціны Станюты, бо ён быў прысвечаны Дню роднай мовы. Ды і гэта проста эталон вытанчанасці, стылю і прыгажосці.

10. ЛСП — Холостяк

Папярэджваем: на відэа ёсць нецэнзурная лаянка!

Летам мы пісалі пра вяселле Алега ЛСП, а ўжо восенню расійскія хіт-парады разрываў трэк «Холостяк», запісаны беларусам сумесна з Ягорам Крыдам і Федуком.

У кастрычніку выйшлі адразу дзве версіі кліпаў на гэтую песню: агульная і сольная з удзелам Алега Саўчанкі.

Варта адзначыць, што рэжысёрам кліпа стала Аліна Пязак, з якой звязаныя найбольш папулярныя расійскія відэа апошняга часу.

9. Nite Nite Nite — SFMO

Першы кліп мінскага гурта Nite Nite Nite — гэта спакуслівы танец сучаснага мастацтва перад цнатлівым, але цікаўным позіркам гледача.

Галоўны герой відэа — віцебскі харэограф і мастак Аляксей Літвін. Харызма Літвіна трымае вашу ўвагу ад першай да апошняй секунды кліпа. 

Такі вось Weapon of Choice па-беларуску.

8. NIZKIZ — Люстэрка

У выніках году «НН» назвала магілёўскі гурт музыкамі года. NIZKIZ маюць свой непаўторны стыль і ўслед за беларускай сцэнай скараюць найбліжэйшае замежжа.

Песня распавядае пра некалькі «я», што жывуць у кожным чалавеку і з якімі прыходзіцца суіснаваць. А кліп — гэта гісторыя мужчыны, што знаходзіцца ў бясконцым цыкле сненняў, кожнае прабуджэнне з якога дае яму новую надзею.

7. ТТ34 — Аэростаты

Паступова легендарныя гомельскія металісты вяртаюцца з забыцця. У 2016 годзе ТТ34 запісалі першы за доўгі час лонгплэй, а пасля гэтага пачалі здымаць кліпы на трэкі з альбома.

У гэтым годзе ў каманды выйшла адразу два відэа: «Родина» ды «Аэростаты». Мы вырашылі адзначыць у нашым топе другі, які ўяўляе сабой «нямы спектакль, дзе за лялькамі хаваюцца ўсім знаёмыя вобразы». 

6. J:МОРС — Крылы

У гэтым годзе беларусы Аляксандр Цэнцер і Андрэй Барысевіч абляцелі на самалёце ўвесь зямны шар.

Кадры, адзнятыя лётчыкамі падчас падарожжа, увайшлі ў кліп на беларускамоўную песню J:МОРС. Беларускія лясы, бяскрайняя Атлантыка, амерыканскія прасторы і прыгожая музыка — такім атрымаўся відэашэраг.

5. DREZDEN — DREZDEN

Сяргей Міхалок працягвае свае творчыя эксперыменты.

Напрыканцы лета з'явіўся дэбютны альбом новага праекта Міхалка пад назвай DREZDEN, а таксама кліп на аднайменную песню, які быў зняты ў Кіеве.

Можна па-рознаму ставіцца да Міхалка і ягонай творчасці, але музыка не звяртае ўвагі на крытыку і працягвае круціць педалі творчага ровара.

4. Лявон Вольскі — Зніклыя людзі

Лявон Вольскі збірае грошы на новы альбом «Гравітацыя» і ўжо паспеў выпусціць два кліпы на песні з «Гравітацыі».

Песня і кліп, па словах Вольскага, распавядаюць пра адмысловы этап у жыцці кожнага чалавека, калі паступова сыходзяць сябры, знаёмыя, родныя. Нейкія моманты нагадваюць пра іх — месцы, рэчы, словы, музыка, — а іх ужо няма. І чым далей, тым больш такога.

3. Макс Корж — Горы по колено

Галоўны герой кліпа дазнаецца пра цяжарнасць сваёй дзяўчыны і збягае ад турбот разам з кампаніяй рэпера на Камчатку.

Неверагодна прыгожыя пейзажы Далёкага Усходу перамяжоўваюцца з душэўнымі пакутамі хлопца, якому спрабуе дапамагчы сам Корж.

Сёння гэты кліп мае больш чым 21 мільён праглядаў на YouTube, і гэта самае папулярнае відэа нашага топа.

2. NIZKIZ — Небяспечна

Другі кліп музыкаў года па версіі «НН» у нашым топе і, безумоўна, найпрыгажэйшае відэа на беларускамоўную песню ў гэтым годзе.

Сюжэт кліпа — барацьба чалавека са штучным інтэлектам у лістападаўскім лесе, на мінскіх дахах і нават пад вадой. Штучнае гуляецца з жывым нібы з лялькай, але ці зможа перамагчы яго?

1. Дай Дарогу! — Помоги!

Папярэджваем: на відэа ёсць нецэнзурная лаянка!

Разам з сінглам брэсцкія панкі прэзентавалі 7-хвілінную кароткаметражку, дзеянні якой адбываюцца ў недалёкай будучыні і саўндтрэкам да якой ідзе песня «Помоги!».

Відэа распавядае гісторыю беларускага Праметэя, які хоць і не падарыў людзям агонь, але вынайшаў вельмі важны для суайчыннікаў апарат. Паглядзіце, што з гэтага атрымалася.

А якія кліпы найбольш спадабаліся вам? Пішыце ў каментарах!

Каментары7

«Дамоклаў Меч». Канал «Белорусскій сіловік» настолькі прарасійскі, што многія меркавалі, што гэта расіяне яго вядуць. Не, за ім стаіць суперагент Лукашэнкі25

«Дамоклаў Меч». Канал «Белорусскій сіловік» настолькі прарасійскі, што многія меркавалі, што гэта расіяне яго вядуць. Не, за ім стаіць суперагент Лукашэнкі

Галоўнае
Усе навіны →