Аўстралійка сустрэла Каляды з коткай Розі, якая вярнулася дадому праз 14 гадоў пасля знікнення. Пра гэта паведамляе Daily Mail.
Любімая котка жыхаркі Сіднэя Б'янкі Заміт уцякла з дома, яшчэ кацяняткам. З тых часоў жанчына ні разу не бачыла гадаванца.
Як аказалася, увесь гэты час жывёла жыла ў іншым доме, усяго праз некалькі кварталаў ад Заміт. Котку падабраў пажылы мужчына, які вырашыў, што яна бяздомная. Пасля смерці новага гаспадара яго сваякі аднеслі жывёлу ў прытулак. Ветэрынары прасканавалі чып Розі і даведаліся, хто першапачаткова быў уладальнікам жывёлы.
Да Калядаў дактары звязаліся з Заміт і вярнулі ёй Розі. Ветэрынар Брэндон Коўэн адзначыў, што калі б той мужчына аднёс яе да ветэрынара на сканаванне, жывёла магла б вярнуцца дадому яшчэ 14 гадоў таму.
Заміт прызналася, што вельмі рада сустрэчы з коткай. «Калі я была маленькай, я заўсёды спадзявалася, што яна вернецца», - распавяла яна.
Каментары