ЗША выйдуць з Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці, калі Расія на працягу 60 дзён не выканае сваіх абавязацельстваў у рамках пагаднення, заявіў дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампеа.
Раней прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абвясціў пра скасаванне дамовы з Расіяй аб ліквідацыі ракет сярэдняй і малой далёкасці. ЗША заявілі, што Расія парушыла дагавор, распрацаваўшы крылатую ракету вялікай далёкасці Наватар 9M729.
Краіны — сябры НАТА таксама прызналі, што Расія парушае дамову аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасці (ДРСМД) і ўсклалі адказнасць за захаванне дамовы на Маскву. Раней Расію ў парушэнні ДРСМД абвінавачвалі толькі ЗША.
У сваю чаргу афіцыйны прадстаўнік МЗС Расіі Марыя Захарава сказала, што Расія выконвае ДРСМД.
«Расія няўхільна выконвае палажэнні дагавора, і амерыканскаму боку гэта вядома», — сказала яна, пракаментаваўшы ўльтыматум ЗША.
Каментары