Гісторыя1010

Нельга забыць: мы з вогненнай вёскі

Мая прабаба і трое яе дзяцей згарэлі жыўцом у часе антыпартызанскай аперацыі «Свята ўраджаю». Піша Святлана Курс.

Малюнак Рамана Плавінскага. Фота Юрыя Іванова.

Шура і Мазура

22 лютага 1943 года нацысты распачалі акцыю знішчэння случчакоў пад назвай «Свята ўраджаю». За два дні былі спаленыя Бярэзінец, Гондарава, Задоўба, Крушнік, Пераходы, Фадзееўка, Левішча. Гэтыя вёскі ніколі не аднавіліся. У агні Бярэзінца жыўцом згарэлі і мая прабабка па маці, Стэфанія Булынка, з дзецьмі — 14-гадовым сынам Мішам, 6-гадовай дачкой і 2-гадовым Колем. Яе старэйшая дачка, мая будучая бабка, 19-гадовая Алеся (Шура) Булынка выпаўзла з пуні і патушылася ў лужыне. Вялізныя лужыны атачылі спаленую вёску — ад жару плыў снег.

Шура цэлы зімовы дзень праляжала ў вадзе, прыкідваючыся мёртвай, слухаючы стрэлы, страшны перадсмяротны харавы крык людзей, рыканне кароў і брэх сабак. Потым настала мёртвая ціша, прыйшла выратавальная цемра, дзяўчына ўстала і пайшла ў лес. Там яна сустрэла сваю карову Мазуру, якая абгарэла не менш за Шуру. Мазура і Шура блукалі па зімовым лесе тыдзень, пакуль не прысталі да такіх самых недагарэлых, недабітых людзей. Каб не Мазура, баба не выжыла б — яна спала-грэлася аб абпалены каровін бок. Ад Мазуры ў нас пайшла дынастыя кароваў, і ўсе зваліся Мазурамі. У маленстве, у 1970-х, я была ўпэўненая, што гэта тая самая, белая ў чорныя латы, Мазура ўратавала бабулю, а значыць, маці, а значыць, мяне, і гладзіла гераіню па крутым баку.

Мог выжыць і 14-гадовы брат Шуры Міша, бо немец паддаўся на ягонае маленне і пусціў бегчы, але ўкраінцу-паліцаю захацелася пацешыцца, і ён пачаў цаляць у дзіця, якое пятляла як заяц і заверашчала як заяц, калі куля трапіла між лапатак.

У той жа дзень нехта Ліндэрман, фольксдойч, забаўляўся тым, што падкідаў угару маленькіх дзяцей і лавіў іх на штых, забіўшы 29 дзяцей у веку да 5-ці гадоў. З тых часоў бабка ненавідзела і немцаў, і ўкраінцаў, і мама ўспадкавала гэта, сказаўшы мне у 2014 годзе: «Я баюся ўкраінцаў, нас жа не рускія палілі». Так трагедыя 1943-га падзяліла нашую сям’ю ў 2014-м.

Бабка ж мая не выправілася да канца жыцця, часта плакала. Перад смерцю, у 2004-м, яна забылася, дзе яна і хто яна, ківалася і паўтарала: «23 феўраля, Бярэзінец, Гондарава, Палікараўка, Крушнік, Пераходы, Фадзееўка, Агароднікі, Жылін Брод». А таксама вязала клункі і рыхтавалася ўцякаць, кажучы, што ёй памогуць прыгожыя жаніхі, што чакаюць пад акном.

Борка і калатуша

У той жа самы час, за 100 км ад Бярэзінца, у Любанскім раёне «пацыфікавалі» Старасек, Баянічы, Загалле і Татарку. Мая бабка па бацьку, 25-гадовая Настуля Кандраценя, на сёмым месяцы цяжарнасці, сядзела ў пуні сярод жанчын, дзяцей і старых, а немцы з паліцаямі абкручвалі пуню калючым дротам і палівалі нечым з каністраў. Аднак з Любані канём прыскакаў фольксдойч (чыё імя не захавалася) і выпрасіў жыццё для землякоў. Пуню адчынілі, і ўсе кінуліся ў лес і балота. З дзецьмі, старымі, голыя-босыя, галодныя.

Пазней на людзей учынілі аблаву.

Суседка Надзя кінула ў балоце чатырох малых, каб выжыць.

У старасці, калі яна пятнаццаты год ляжала паралізаваная, казалі, што гэта ёй за тых дзетак.

Надзя такая была не адна. Свайго сына, чатырохгадовага Борку, кінулі ў балоце і маладыя інтэлігентныя бацькі з Ленінграда. Перад вайной яны прыехалі ў госці ў Беларусь, ды так і ўліплі. У блакадзе над малым Боркам усе пацяшаліся: «Што ты, Борка, кушаў? Кушаў калатушу». На калатушы — муцэ з вадой — Борка зусім аслаб, і бацькі яго кінулі ў балоце, каб уратавацца самім. Ён клікаў-клікаў іх аслабелым галаском, ды і сціх.

Злачынныя планы і апакаліптычная рэальнасць

Настолькі жорсткія і бесчалавечныя «пацыфікацыі» сталі магчымыя дзеля таго, што пад іх немцамі была загадзя падведзена грунтоўная тэарэтычная база ў выглядзе нацысцкай расавай тэорыі. Яна сцвярджала, што ўсе «неарыйскія» народы — непаўнавартасныя. Таму ў перспектыве яны мусілі вызваліць жыццёвую прастору для патрэб нямецкай нацыі, дзеля чаго распрацоўваўся амбіцыйны дзяржаўны план «Ост». Паводле яго, за 30 год пасля сканчэння вайны планавалася засяліць на захопленыя на ўсходзе землі (у тым ліку і Беларусь) 4,5 млн нямецкіх каланістаў. Пры гэтым у зоне каланізацыі меркавалася пакінуць толькі 14 млн славян, а іншых перасяліць у Заходнюю Сібір. Пад перасяленне мусілі патрапіць 65% украінцаў і 75% беларусаў, астатнія падлягалі анямечванню. Габрэі ж мусілі быць пагалоўна вынішчаныя фізічна адразу на месцы.

Пачатак 1970-х. Побач з помнікам Пелагея Рыгораўна ды Іван Нікіфаравіч — жонка і сын забітага ў 1943-м Нікіфара Іванавіча. Цела Нікіфара ўдалося пазнаць на папялішчы па камізэльцы з металічнымі гузікамі, якую пашыў яму сын. У Новіках Мядзельскага раёна фашысты расстралялі і спалілі 45 жыхароў сталага веку. Нікіфару на момант гібелі было 56. Яго жонка, Пелагея Рыгораўна, у той дзень адышлася з вёскі і так апынулася за ачапленнем. Яна прасіла пусціць яе дамоў, але салдат-мадзяр не пусціў яе ў вёску, тым самым уратаваўшы. Маладзейшых вяскоўцаў, у тым ліку Івана, немцы перад тым вывезлі на работы ў Германію.

Аднак рэальнасць аказалася яшчэ жахлівейшай за гэтыя нялюдскія планы. Пасля таго, як вайна зацягнулася і перспектывы нямецкай перамогі сталі прывіднымі, ні пра якое «перасяленне» кудысьці гаворкі, натуральна, ужо не было. У рамках жа супрацьдзеяння, як немцы казалі, «распаўзанню бандытызму» беларусаў ужо з 1942 года пачалі масава перасяляць туды ж, дзе ўжо да таго збольшага апынуліся няшчасныя тутэйшыя і прывезеныя з Еўропы габрэі — на той свет. Цэлымі сем’ямі, з жанчынамі, дзецьмі і старымі. Бо жыццё людзей, «непаўнавартасных» у вачах «арыйцаў», не каштавала і дробнага шэлега.

У выніку больш за трыста тысяч мірных вяскоўцаў Беларусі былі спаленыя ці закапаныя жыўцом, расстраляныя, закатаваныя, заколатыя штыхамі, кінутыя ў калодзеж, здушаныя ў перасоўных газэнвагенах. На маёй гаротнай Случчыне ажно 30 вёсак былі забітыя разам з жыхарамі і ніколі не адрадзіліся.

Карныя экспедыцыі і акцыі насілі рамантычныя назвы. «Наша», слуцкая, звалася «Свята ўраджаю». Любанская — «Балотная трасца». Былі і «Вясновае свята», і «Балотная кветка», а таксама «Паўночны полюс», «Зорны шлях», «Альпійскі вецер», «Заяц-бяляк», «Зімовая казка», «Лясная зіма», «Чароўная флейта», «Вольны стралок», «Шаравая маланка». Была акцыя і на Вялікдзень — «Майская навальніца».

«Каб не памагалі партызанам»

У ліпені 1941-га дзяўчаты вёскі Баянічы, вяртаючыся з пакосу, пачулі трэск матацыклаў. З-за павароткі пры канаве вылецелі некалькі матацыклаў з каляскамі, на іх сядзелі высокія прыгожыя хлопцы ў форме.

«Мы зусім не спалохаліся, — расказвала мая бабка, — яны былі такія прыгожыя, высокія, чыстыя з ліца. Злезлі з матацыклаў, нарвалі нам красак, гладзілі па косах, брошках, блузках, казалі: «Шёнэ фройляйн, шёнэ» («Прыгожыя дзяўчаты, прыгожыя»). Мы далі ім папіць, і яны паехалі».

У які момант добрыя немцы перасталі быць добрымі? Ці была ў мірных людзей магчымасць адседзецца, калі не дапамагаць партызанам? У 1970—1980-я людзі ў любанскіх вёсках гаварылі, што дыверсійную вайну распачала група энкавэдыстаў-парашутыстаў пад кіраўніцтвам Аляксандра Далідовіча, ураджэнца недалёкіх Заўшыц. 7 ліпеня ў Лёзне на Віцебшчыне тагачасны кіраўнік беларускіх камуністаў Панцеляймон Панамарэнка арганізаваў 29 груп для закідання на акупаваныя немцамі тэрыторыі. Кіраўніком адной з іх стаў Далідовіч, і ён быў адпраўлены на Любаншчыну. Група стварыла базу сярод непралазных балотаў на востраве Зыслаў і распачала напады і дыверсіі супраць немцаў. Тыя ў адказ ладзілі карныя экспедыцыі, палячы вёскі, каб знішчыць «кармавую базу» партызанкі. Савецкія ж партызаны мелі сталінскае заданне «распаліць агонь партызанскай вайны на акупаваных савецкіх тэрыторыях».

Змяняюцца пакаленні, але пра забітых захоўваецца жывая памяць. На фота — могілкі ў вёсцы Юркавічы Лагойскага раёна. На Радаўніцу родзічы прыносяць цукеркі на магілу жанчыны і трох дзетак, забітых у кастрычніку 1943-га ў вёсцы Масцішча. Фота Аляксандра Пашкевіча.

3 ліпеня 1941-га Сталін па радыё заклікаў насельніцтва так паспешліва пакінутых і акупаваных тэрыторый да бязлітаснай партызанскай вайны. Днём раней, 2 ліпеня 1941-га, Панамарэнка рапартаваў: «У Беларусі разгарнуўся партызанскі рух, на Палессі ў кожнай вёсцы ёсць свой партызанскі атрад». Праз 10 дзён ён паведаміў, што «на акупаванай тэрыторыі засталося 3 тысячы партызан. А партыя амаль штодня накіроўвае на акупаваную тэрыторыю па 200—300 чалавек, каб арганізоўваць партызанскі рух».

Панамарэнка пераконваў Сталіна ў неабходнасці стварыць такія ўмовы, «каб зямля гарэла пад нагамі ворага». 31 мая 1942 года ён сфармаваў і ачоліў Цэнтральны штаб партызанскага руху. Ужо ў лістападзе 1942-га колькасць партызанаў узрасла да 100 тысяч.

І загарэлася зямля не толькі пад нагамі ў немцаў, але — найперш — пад нагамі безабароннага мірнага насельніцтва, якое трапіла паміж молатам і кавадлам.

Мая бабка Настуля Кандраценя расказвала страшныя рэчы і пра дзеянні партызан. Наслухалася я малою пра выпадкі марадзёрства, п’янства, гвалту, бяссудных расстрэлаў.

Гісторыкам застаецца пытанне, ці апраўданыя былі тыя дзеянні дыверсантаў, якія правакавалі немцаў на жорсткасць, каб распаліць агонь партызанскай вайны.

Аднак і без гісторыкаў зразумела: нішто і ніяк не можа вытлумачыць і апраўдаць тое, што рабіла нацысцкая Нямеччына на тэрыторыі Беларусі. Ніякай пераацэнкі злачынстваў нацыстаў быць не можа. Усе іх дзеянні былі скіраваныя на татальнае вынішчэнне нашых «непаўнавартасных» продкаў.

Усім мы, бедныя беларусы, заміналі, усе нас хацелі перасяліць калі не ў Сібір, то на той свет.

«Я з вогненнай вёскі»

У пачатку 1970-х, калі я, трох-пяцігадовая дзяўчынка, сядзела на прызбе і слухала страшныя былі сваіх бабак, пісьменнікі Алесь Адамовіч, Янка Брыль і Уладзімір Калеснік рабілі тытанічную, пакутную працу — ездзілі па вёсках і запісвалі ацалелых. Кніга «Я з вогненнай вёскі» выйшла ў 1975 годзе пасля пяцігадовай працы. Гэта магутная, грунтоўна дакументаваная кніга — у ёй сотні сведчанняў ацалелых з усіх куткоў нашай краіны. Даследчыкі аб’ехалі 174 вёскі. Прачытаўшы кнігу, ужо немагчыма з іроніяй ставіцца да выразаў «шматпакутная Бацькаўшчына», «гаротная зямелька» і «абы не было вайны».

Чытаючы кнігу, літаральна чуеш роднае беларускае шматгалоссе са спаленых, перарэзаных, павешаных, прастрэленых горлаў. Красніца, Тупічыцы, Вяды, Будзенічы, Рулёва, Будзенічы, Курын, Хвойня, Рудня, Боркі, Вялікія і Малыя Прусы, Збышын, Казіміраўска, Казулічы, Люцін…

Фота Юрыя Іванова.

Вось некалькі галасоў з кнігі.

Лізавета Кубрак, тады маладая маці: «Толькі платка скінула, косы ўсе абсмаліліся. А тут от мне пальто шкварыцца, гарыць, а я яго то пяском, то так». Побач жыўцом тлеюць яе дзеці, яна ледзь паспявае тушыць. Просіць забойцаў: «Паночак, я сама з голаду, з холаду загіну, адно вы мяне не беце. Я не хачу, каб вы мяне білі. Хай я сама прападу з дзецьмі…»

Міхась Верхаводка быў дзіцём: «Я хацеў узяць хлеба, паліцай кажа: «Сынок, не бяры, ён табе не нада».

Іх палілі ў зямлянках, куранях. Міхась з мамай ляжалі ля сцяны, прыкінуліся мёртвымі, карнікі ходзяць, дабіваюць, Міхась просіць: «Мамачка, не дыхай, пачуюць»».

Матруна Грынкевіч: «Я выйшла, а ніхто не адзываецца, толькі тавар раве, ды каты мяўкаюць, ды сабакі брэшуць… Зайшла я ў некалькі хат: пуста, вада пазамярзала ў вёдрах, нічога не найду».

Вера Какора ўратавалася за копачкай сена. «Я за такую во копачку забегла і села. Шаптала тая копачка — так стралялі па ёй. I я засталася жывая. А яшчэ за капой сядзела Ева Горбань. Я хацела ўзяць яе, а яна кажа: «У мяне няма ног». Я яе і кінула».

Марыя Кот насіла целы сваіх забітых дачок і хавала ў яму, каб не пагарэлі мёртвыя дачушкі, каб не паелі іх свінні: «Хай то пабілі — дык яшчэ і згараць! Пацягнула, падняла. Дык яно такое маладое, мяккае!..»

Параска Скакун выжыла, лежачы ў твані з прастрэленым тварам і выцеклым вокам: «Во, сынкі мае родныя, да ўбілі ж і бацьку, да ўбілі ж і Любку, да ўбілі ж і Ваньку, да і Кольку ўбілі! Дык яны:

— Ой, мамка, добра хоць, што ты жывая. Аднаму было восем, другому было дзесяць, а трэцяму, што цяпер у яго цагляны дом, васямнаццаць было».

Да ацалелага Віктара Пракаповіча ў сне прыйшла жонка Алеся: «»Што ты мяне не пахаваеш, я ўжо цэлы год ляжу пад гэтым печам, а ты мяне не пахаваеш». Праўда, раскідаў гэту печ, а там костачкі, галёнкі, толькі костачкі асталіся».

Ева Тумакова: «Гляджу, ляжыць сродсцвеннік, дваццаць трэцяга года раджэння, і ляжыць, і ў яго кішкі вывернуліся… Ну ўсё, жывот яму парвала, усё… I ён гаворыць:

— Ева, дай мне вады. Я гавару:

— Ай, Ігнат, дзе я табе вазьму вады, усё ж пагарэла.

— А вы ўсе жывы?

— Убілі маю маць, а брат і бацька асталіся жывы… А вашых?

— Надзю, — гаворыць, — убілі, а Касіян папоўз у яр…»

Соф’я Скірманд: «Ну, калі самалёт гэты праляцеў, прыляцелі буслы. Во тут, відзіце… Гнёзды ж гараць іхнія. Дзеці гараць! Яны так: зах-зах-зах!.. Нада мной лятаюць. Можа, яны не нада мной, а мне здаецца, што нада мной… Гэтыя дзеці… Згарэла гняздо іх, дзе і цяпер буслянка, толькі было бліжэй… Ну, гэтыя буслы паляцелі, прылятаюць вораны. Чорныя-чорныя!.. «Ну, — думаю, — гэта мяне есці будуць!..» Абратна — уніз-уверх, уніз-уверх! Ляталі, ляталі і гэтыя паляцелі».

Хто паліў?

У кнізе «Я з вогненнай вёскі» ў якасці пацыфікатараў згадваецца карны батальён СС пад кіраўніцтвам Оскара Дырлевангера, сфармаваны са зняволеных нямецкіх турмаў, канцлагераў і ваенных турмаў СС. З 1942-га «дырлевангер» папаўняўся таксама добраахвотнікамі з ліку беларусаў, украінцаў, рускіх. Адзін з іх і застрэліў брата маёй бабулі, 14-гадовага Мішу. Сведкі згадваюць, што сярод пацыфікатараў былі і славакі, але тых хутка прыбралі з аперацый, бо яны ахвотна пераходзілі на бок партызанаў. Паступова, па меры раскручвання рэпрэсій, батальён Дырлевангера стаў палком.

Фота з суда над карнікамі, што спалілі Хатынь. 1986 год. Мужчына на фота — Мікалай Гірыловіч, адзіны, хто ўратаваўся падчас спалення вёскі Дальва Плешчаніцкага (цяпер Лагойскага) раёна. Тады яму было 13 гадоў, у момант суда — 55. Фота Юрыя Іванова.

Знакі спаленых вёсак

Гэта не толькі трагічныя коміны Хатыні, але і студні асіповіцкай вёскі Макаўе. 8 студзеня 1943 года фашысты забілі больш за 270 яе жыхароў, а таксама людзей з іншых вёсак, што ўцякалі сюды, у лясную вёску. Не выжыў ніводны жыхар гэтага Макаўя. Няма адтуль ні пошапту, ні голасу, і ніколі не будзе.

На Дзятлаўшчыне ў Ліпічанскай пушчы, ля хутара Яблынька, стаяла каменная пірамідка з іржавым чыгунным крыжам, на нізенькім цэментаваным калодзежным крузе. У прадонні калодзежа спіць засыпаная сялянская сям’я. Невядома, жывымі ці мёртвымі ўкінулі іх у студню. Іван Пархач, 48 год, яго жонка Агата — 47, дзеці Зіна — 18, Міхась — 16, Марыя — 14.

У вёсцы Касцюковічы на Мазыршчыне — чатыры магілы-калодзежы, у якіх пахаваныя жыхары вёскі, задушаныя ў душагубках. Выкарыстанне газэнвагена пры пацыфікацыі — праект «літасціўца», рэйхсфюрэра Генрыха Гімлера. 15—16 жніўня 1941-га ў Баранавічах і Мінску Гімлер назіраў масавыя расстрэлы, атрымаў стрэс і загадаў распрацаваць «больш гуманны метад смерці». Пра гэта ў сваім дзённіку сведчыць обергрупэнфюрар СС Эрых Бах-Цалеўскі, які кіраваў антыпартызанскімі акцыямі ў Беларусі і Польшчы.

Асаблівымі помнікамі загінулым сталі дрэвы. У дзяцінстве, калі нас павезлі ў Хатынь, мы дзівіліся, што на Лагойшчыне такія высокія дрэвы. Нейкая цётка ў хустачцы сказала нам: «А што ж вы дзівіцеся, дзеткі, гэта ж старыя вязы, яны ж на попеле і жыры людскім раслі».

Калі я ўпершыню пачула слова «Галакост», то падумала, што гэта пра голыя косткі ўсіх непахаваных, спаленых, развеяных. У тым ліку маіх продкаў.

Нашыя бабкі не надта цыркаліся з тым, каб хаваць ад малых унукаў страшныя ісціны. Ужо да нашых трох-пяці год мы, дзеці 1970-х, ведалі пра калектывізацыю, галадуху, вайну, сталіншчыну з трыма каласкамі, зноў галадуху і пра тое, што наш род скараціўся ў чатыры разы, а то — уга! — колькі б народу было. Гэта паклала цень на ўсё нашае жыццё, ты нібыта «носіш сваіх мерцвякоў на плячах».

Гэты тэкст ёсць данінай іх памяці і шанцам на саматэрапію. Калі ў мяне будуць унукі, я не ведаю, ці распавяду ім пра нас, недапалкаў.

Каментары10

«Зашмат у вас дзяцей». Як жыве сям'я з сямю дзецьмі, якой давялося выехаць з Беларусі1

«Зашмат у вас дзяцей». Як жыве сям'я з сямю дзецьмі, якой давялося выехаць з Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

Аўтарку лозунга «Стоп таракан» адразу асудзілі завочна, а потым вызвалілі па амністыі4

«Гэта бомба!» Пад Лідай жанчына знайшла зайздросную паляну баравікоў1

У Літве на мяжы з Беларуссю пачынаюцца вучэнні НАТА

У Берліне адкрылі самыя высокія арэлі Еўропы ВІДЭА

У Бабруйску жанчына загінула проста на сваёй кухні

Раман Пратасевіч назваў памер свайго заробку як зваршчыка26

Віталь Гуркоў скончыў спартыўную кар'еру19

«Беларусы хочуць сучаснага бацю». Астапеня пра кандыдата ў прэзідэнты, які задаволіць большасць19

У Старым замку ў Гродне знайшлі сцяну часоў Вітаўта

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Зашмат у вас дзяцей». Як жыве сям'я з сямю дзецьмі, якой давялося выехаць з Беларусі1

«Зашмат у вас дзяцей». Як жыве сям'я з сямю дзецьмі, якой давялося выехаць з Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →