Прыйшлі пакараць мужа, бо жонка напісала заяву аб згвалтаванні. А забілі суседа — крывавая разборка ў Юравічах
Уначы на 4 лістапада ў аграгарадку Юравічы Калінкавіцкага раёна адбылася крывавая бойка. Кампанія маладзёнаў у масках збіла гаспадара аднаго з дамоў, яго жонку і суседа. Сусед памёр у бальніцы.
Следчы камітэт пакуль высвятляе дэталі злачынства. Цалкам магчыма, што двум з трох нападнікаў будзе пагражаць расстрэл. Яшчэ адзін з непаўналетніх, да яго закон будзе больш гуманны.
«Наша Ніва» распытала мясцовых жыхароў пра абставіны трагедыі.
Да мясцовага жыхара Аляксандра Г. маладзёны завіталі позна ноччу.
«Прыйшлі з сякерай, з ломам. У масках. Пачалі грукацца ў дзверы. Саша выйшаў. Пачалася бойка.
У гэты момант сусед, Сяргей Кучар, выйшаў на перакур. Пачуў шум, пайшоў паглядзець, што адбываецца. Кажуць, заступіўся за Сашу… Ну і атрымаў таксама.
Мне пазваніла жонка Сашы, кажа, прыйдзіце, ён разбіты… Я прыйшоў: сын ляжыць ля ганку, сусед — каля дома. Абодва ў крыві, хрыпяць, галовы разбітыя…», — распавёў «Нашай Ніве» бацька пацярпелага Аляксандра.
Неўзабаве прыехала хуткая. Аляксандра і жонку Аксану забралі ў бальніцу. Сусед, Сяргей Кучар, памёр ад траўмаў. Яму было 45 гадоў.
Аляксандар цяпер у рэанімацыі. Жонку Аксану таксама адвезлі ў бальніцу, але шпіталізаваць не сталі.
Прычыны канфлікту бацька не ведае.
Вядома, што нападнікаў было трое: Павел Т., Рыгор Дз. і Віталь К.
Бацька Паўла Т. таксама сцвярджае, што не ведае прычынаў нападу: «Гэта старыя разборкі ў іх. Але сын нас у дэталі не пасвячаў».
У загінулага Сяргея Кучара засталося двое дзяцей і двое ўнукаў. Ён працаваў у Расіі, у той трагічны вечар быў у матчынай хаце ў Юравічах, а наступнай раніцай мусіў вяртацца ў Расію на працу, распавяла «Нашай Ніве» яго жонка Ірына.
«Мы баімся за сваіх дзяцей і жыццё. Летам гэтая тройца хадзіла па дварах па вёсцы і страляла сабак. Мы і чакалі, што неўзабаве будуць страляць людзей. Рыгора судзілі летам за тое, што сабак страляў, але хутка адпусцілі.
Цяпер кажуць, што адзін з кампаніі будзе ўсё браць на сябе, каб астатніх адпусцілі», — кажуць у мясцовай школе пра нападнікаў.
«Раней іх дзядзькі нас пужалі, а цяпер гэтыя», — кажуць вяскоўцы і адзначаюць, што маладзёны ўжо прыцягваліся да крымінальнай адказнасці.
Але ў гэтай гісторыі не ўсё так проста. Мясцовыя кажуць, што адзін з нападнікаў, Павел, нядаўна згвалтаваў жонку Аляксандра. Аксана напісала заяву, а пасля разам з мужам пачала патрабаваць грошы з Паўла — маўляў, тады забярэ заяву (варта адзначыць, што ў такіх справах «забраць заяву» немагчыма).
Маці Паўла расказвае падобную гісторыю, якую, праўда, ведае са слоў сына. Яна кажа, што Павел і пацярпелы Аляксандр нярэдка выпівалі разам.
«Нядаўна Аксана сапраўды напісала на Паўла заяву аб згвалтаванні. Але там нічога не было, гэта яе муж падгаварыў зрабіць, хацеў «зняць» з майго сына грошы. Паўла забіралі ў міліцыю, але пасля адпусцілі. Ён мне расказаў, што тая Аксана пасля прызналася міліцыі, што не было згвалтавання і напісала паперу, што ўсё было па згодзе», — тлумачыць маці Паўла.
Што было пасля, яна не ведае. Ці пайшоў яе сын адпомсціць свайму крыўдзіцелю? Наўмысна хацеў забіць і Аляксандра, і яго жонку, а пасля збегчы? Адказаў у маці няма.
«Ведаю толькі, што калі адпусцілі сына з міліцыі, то да яго прыходзілі нейкія людзі ад таго Аляксандра. Сын казаў, што хацелі забіць яго, але ён патлумачыў, што нікога не гвалтаваў», — кажа жанчына.
А ў той вечар, калі адбылося збіццё, Аляксандр з жонкай заходзілі і да яе ў госці.
«Ён прыходзіў да нас з жонкай. Былі п’яныя. Ён яшчэ больш-менш, яна зусім ніякая. Прапаноўвалі, можа, я хачу што-небудзь у іх купіць, памяняць на гарэлку. Бетон, казалі ёсць, алюміній. Прасілі хоць па 100 грамаў. Дала я ім літр самаробнага віна, каб адчапіліся, ну і ўсё. А пазней, уначы, усё і здарылася. Прыйшоў да іх Павел з сябрамі…»
Цяпер усе трое нападнікаў пад вартай. Дакладныя матывы і абставіны здарэння высвятляюць следчыя.
Каментары