Аляксандр Лукашэнка быў праінфармаваны аб кандыдатурах на пасаду новага пасла Беларусі ў Расіі. Аб гэтым па выніках сустрэчы з кіраўніком дзяржавы расказаў журналістам міністр замежных спраў Уладзімір Макей, піша БелТА.
«Прэзідэнту выкладзены прапановы па некаторых кандыдатурах на пасаду пасла Беларусі ў Расіі. Нейкія кандыдатуры прэзідэнт ацаніў станоўча. Але разам з тым даручыў дадаткова падумаць над іншымі варыянтамі», — сказаў міністр.
Папярэдні пасол у Расіі Ігар Петрышэнка нядаўна быў прызначаны на пасаду віцэ-прэм'ера.
Чакаецца таксама прыезд у Беларусь новага пасла Расеі Міхаіла Бабіча. Акрамя гэтай пасады, ён прызначаны і спецпрадстаўніком прэзідэнта Расіі па развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з Беларуссю. «Дата была абвешчаная, па-мойму, паслом Сурыкавым, што ён (Міхаіл Бабіч) плануе прыбыць сюды дзесьці ў пачатку верасня», — адзначыў Уладзімір Макей.
Каментары