Культура1313

Віктар Марціновіч: Фільм «Крышталь» можна было б назваць так: «У 90-я гвалтавалі людзей»

Пасля прэм’еры кліпа «У 90-я забівалі людзей» аглядальнік «Медузы» папракнуў Манетачку ў адсутнасці ўтварэння «прыбавачнага сэнсу». Я тады яшчэ ледзь не папярхнуўся: у якім, цікава, музычным прадукце апошняга часу той «прыбавачны сэнс» з’яўляецца? Хіба што ў «Black Star» Дэвіда Боўі — кліпе, які толькі з «дадатковых сэнсаў» і складаецца. Але чым мне спадабалася манетачкавае выказванне пра 90-я, дык гэта іранічнай дэканструкцыяй міфа пра «змрочныя 90-я». «Усе хадзілі абсалютна голыя», — дзіцячым галаском даверліва спявае нам артыстка, і мы разумеем, што гэта сцёб. Такі ж, як і «Мамачка, я не зігую».

Фільм «Крышталь» можна было б назваць так: «У 90-я гвалтавалі людзей». У кіне, як і ў «Манетачкі», шмат іроніі, але ў галоўным — у агульным партрэце эпохі і краіны — фільм урачыста-суворы. Ён думае, што не перабольшвае, калі кажа пра згвалтаванне заезджай юрысткі з Мінска мясцовым жаніхом.

Фільм прапануе паверыць, што беларуская правінцыя населеная непрыгожымі калдырамі, у якіх то з’яўляецца, то знікае трасяначная гаворка. Дзе тут «прыбавачны сэнс», запыталася б «Медуза». Дзе тут сэнс як такі? — запытаюся я.

Пры гэтым падкрэслю, што «Крышталь» — з’ява этапная, не менш важная за колішнюю кудзіненкаўскую «Акупацыю» ды курэйчыкаўскае «Вышэй за неба». Тут сышліся ўсе зоры: файны кастынг, добры прадакшн, вельмі ўдалае прома напярэдадні пракату. Тое, нарэшце, што дзякуючы кампрамісу давялося вылучыць прадукт на «Оскар» ад дзяржавы. Дэбютны фільм атрымаўся больш якасным за шматлікія кіны, якія дзесяцігоддзямі вытварае нацыянальная індустрыя. Нарэшце, у выпадку з «Крышталём» ёсць аб чым гаварыць (у выпадку з большасцю свежых беларускіх фільмаў мне сказаць, бадай, няма чаго).

Якое маё агульнае адчуванне ад «Крышталя»?

Вазьміце позняга Сяргея Лазніцу — таго, які змрачнейшы. Напрыклад «Пакорлівую». Вазьміце Лазніцу і прыбярыце са стужкі ўсю прыгажосць. Як унутраную, сцэнарную, так і візуальную (асабліва візуальную). А тое, што застанецца, каб кампенсаваць, заліце дурасцямі калдыроў на шлюбе, насатымі мужычкамі, цётачкамі ў прычосках. Заліце «гумарам». Але такім гумарам, каб зала падчас прэм’еры прасмяялася толькі тройчы. Каб было незразумела, гэта памфлет, гэта скарга на суайчыннікаў сусветнаму кінематаграфічнаму закуліссю ці гэта такая аўтаіронія.

Гэта як з house-музыкай, спасцігаць якую ў Чыкага марыць з’ехаць галоўная гераіня Вэля. Спачатку электронікі ў карціне шмат. House нават спрабуе замясціць сабою недахоп агульнай мелодыкі твора. І вось думаеш, што будзе прыгожа, як было ў сінопсісе: дзяўчына жыве ў Мінску ў змрочныя 90-я і хаваецца ад дуракаватай штодзённасці ў прагрэсіў-хаўсе. Ці не так было з табой самім у 1998—1999? Але на этапе рэалізацыі ўсё не спрацоўвае, бо, па-першае, музычка, якая гучыць у фільме, далёкая ад прыгажосці. Дзе сапраўдныя гімны эпохі (ці мне іх трэба пералічыць?) Не ўдалося дамовіцца пра правы? Дык а чаму тады нельга было ўзяць добрых дыджэяў і папрасіць іх зрабіць міксы ў памеры 4/4? Міксы больш таленавітыя, чым тое, што гучыць? І што робіцца з музыкай пазней? Чаму яе так менее? Калі сутычка з правінцыяй настолькі знясільвае Вэлю, што яна перастае верыць у дыпхаўс, чаму б не ператварыць гэта ў асобны канфлікт?

Навошта людзі глядзяць кіно?

Хіба для таго, каб даведацца, што «ў 90-я гвалтавалі людзей»? Для гэтага ёсць архіў газет «Прыватны дэтэктыў» і «Спід-Інфо» і спецпраекты ў сеціве. Хіба для таго, каб парагатаць? Для гэтага ёсць «Камедзі-клаб» і кліп Шнурава «8 сакавіка — лезе ў трусы рука».

Яшчэ пытанне: як вы думаеце, што трымае людзей у беларускай правінцыі?

Чаму яны не з’язджаюць адтуль? Хіба толькі таму, што няма магчымасцяў? Але ж ёсць шмат маладых, якія робяць свядомы выбар застацца. І нават пераязджаюць у беларускія вёскі і райцэнтры з Мінска.

Як ні дзіўна, адказ на абодва пытанні адзін: прыгажосць. Я гляджу аўтарскае кіно, каб пабачыць прыгажосць. Людзі засяляюць малыя гарады і вёскі праз прыгажосць. У Беларусі вельмі шмат хараства. І апошнім часам чым далей ад сталіцы, тым болей. Але хараство гэтае — не ў фрызурах, манеры апранацца ці бялюткай ладнасці зубоў. Хараство гэтае акурат унутры людзей. Адзіны скарб, які мы сёння маем, — чалавечыя душы, не сапсаваныя глабалізацыяй (праз няўключанасць у глабальную індустрыю і няведанне моваў).

Сутычка Вэлі са «страшнай» правінцыяй адбываецца ў паселішчы з заводам, дзе вырабляюць крышталь. Бліжэй за ўсё да такога паселішча ў беларускім рэале падыходзіць вёска Бярозаўка ля Нёмана. У Бярозаўцы таксама ёсць завод па вырабе шкла і крышталю.

Паколькі я шмат вандрую па Беларусі і паколькі мэтай маіх вандровак з’яўляецца пошук прыгажосці (а не чарнухі), я магу з лёгкасцю прыгадаць некалькі вясёлых гісторый і сцэн з Бярозаўкі.

Напрыклад, тут на ўзбярэжжы, ля моста, жыве чалавек, які прапануе пакатацца на водных лыжах. Робіць гэта без усялякіх грошай, проста для ўласнай асалоды і навукі госцю. Я таксама спрабаваў стаць тут на ваду — адзін, другі, пяты раз. Рукі ўжо адрываліся, а гаспадар усё «падымаў» мяне. Што было там, на ягонай душы? Чаму ён гэта рабіў? Яшчэ ў Бярозаўцы жыла дзяўчына, якая плавала са сваім сабакам. Калі Нёман разліваўся шырока ці калі плынь была занадта моцнай, сабака заўсёды паварочваў не дайшоўшы да берага і на плыву «зваў» гаспадыню. Маўляў, гайда на бераг, патопішся сама і патопіш сабачку!

На супрацьлеглым беразе ёсць вёска Ганцэвічы (не блытаць з Ганцавічамі), на якую кожны вечар улетку прыязджаюць з самай Ліды два пенсіянеры.

Ён і яна, ёй — 86, яму — 88 гадоў, муж і жонка. Выходзяць з ледзь жывога «ВАЗа», сядаюць на лаву ля крыніцы і глядзяць, як Нёман гоніць тоны вады ў бок памяранцавага сонца. Што ў іх за гісторыя?

Навошта ехаць 26 км, вось ажно сюды, калі ў Лідзе ёсць свая прыгожая рэчка Лідзейка? Хіба яны тут, на гэтым беражку, пазнаёміліся? Пацалаваліся ўпершыню? Любіліся вось пад гэтымі соснамі? Раскажы іх гісторыю, гісторыю любога з гэтых людзей — атрымаецца La Grande Bellezza Паола Сарэнціна. У якой таксама быў сцёб, але была і сутычка розных тыпаў прыгажосці — сапраўднай і калдырска-гламурнай.

І вось такое кіно можна будзе вылучыць на «Оскар» без усякіх кампрамісаў.

Каментары13

Сірыйская апазіцыя рыхтуецца да аблогі Дамаска

Сірыйская апазіцыя рыхтуецца да аблогі Дамаска

Усе навіны →
Усе навіны

Міністр фінансаў Селіверстаў пра «Арэшнік» у Беларусі: Можа, Захад здыме санкцыі адразу9

Фрыдман: Эпоха ліберальнай дэмакратыі завяршаецца22

Бондарава хоча ўмяшацца і ў медыцыну — забараніць аборты і замарозку яйцаклетак5

Іспанскі галоўны трэнер працягнуў кантракт са зборнай Беларусі, хоць задачу не выканаў

Лукашэнка і Пуцін дамовіліся па роўмінгу. Вось колькі будзе каштаваць інтэрнэт9

Індыя і Паўднёва-Афрыканская рэспубліка адхрысціліся ад праекта стварэння валюты БРІКС

Лукашэнка папрасіў Пуціна размясціць у Беларусі «Арэшнік»14

Стала вядома, што з сябе ўяўляе тыповы беларускі блогер

Перад другім турам у Румыніі цалкам адмянілі выбары. Прэзідэнцкая кампанія пачнецца наноў3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сірыйская апазіцыя рыхтуецца да аблогі Дамаска

Сірыйская апазіцыя рыхтуецца да аблогі Дамаска

Галоўнае
Усе навіны →