Грамадства8484

«Загадаў аблізаць ёршык для ўнітаза». Суд па справе Коржыча: адкрываюцца падрабязнасці здзекаў ФОТА

У судзе Маскоўскага раёна Мінска 8 жніўня пачаўся працэс па справе аб смерці салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча. На лаве падсудных — трое стараслужачых. Іх вінавацяць у хабары, крадзяжы і злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі, што прывяло да цяжкіх наступстваў.

Аляксандр Коржыч

Вісеў у пятлі 7 дзён

Нагадаем, цела Коржыча са звязанымі нагамі і майкай на галаве знайшлі 3 кастрычніка ў падвале будынка медычнай роты ў Пячах. Коржыч правісеў у пятлі 7 дзён, яго не маглі знайсці, бо вайскоўцы думалі, што ён у медчастцы, а медыкі — што яго забралі вайскоўцы.

Высветлілася, што «дзяды» пастаянна спаганялі з Коржыча грошы. А банкаўскую картку хлопца ўвогуле адабраў прапаршчык.

Пасля смерці Аляксандра Коржыча ў войску прайшла хваля затрыманняў. Праверкі — а пасля і суды над вайскоўцамі — пракаціліся па ўсёй краіне. За першае паўгоддзе 2018 года асудзілі 28 вайскоўцаў.

Раследаванне справы Коржыча ішло некалькі месяцаў. Лукашэнка асабіста дазволіў маці загінулага прысутнічаць на допытах вайскоўцаў. У выніку следчыя ўсё ж вырашылі, што гэта было самагубства, а не забойства.

Судзяць траіх сяржантаў

8 жніўня на лаве падсудных — трое маладых хлопцаў: Яўген Бараноўскі, Антон Вяжэвіч і Ягор Скуратовіч. Усе яны былі сяржантамі ў частцы, дзе служыў Аляксандр Коржыч.

20-гадовы Скуратовіч родам з Жабінкі — гэта маленькі горад у Брэсцкай вобласці, 23-гадовы Бараноўскі — з вёскі на Барысаўшчыне. Вяжэвічу — 22 гады, нарадзіўся ў вёсцы пад Мінскам. Ён адзіны з хлопцаў жанаты, нават мае сына (прычым бацькам стаў прыкладна ў 17 гадоў).

Акрамя таго, у залі суда — 22 салдацікі. Спачатку здавалася, што тое, як часам робіцца, нагналі маладых на паказальны суд. Але высветлілася, што ўсе 22 чалавекі праходзяць пацярпелымі па справе.

Пракурор Юры Шарснёў агучыў абвінавачванне.

Яўген Бараноўскі пайшоў служыць 20 мая 2016. Шматлікія пацярпелыя трапілі ў армію праз год. Гэтым і скарыстаўся абвінавачваны.

Замест таго, каб сачыць за дысцыплінай, Бараноўскі, на той момант ужо сяржант, уключыўся ў яе парушэнне. Мабільнікі, якія ён заўважаў у салдат, Бараноўскі пакідаў сабе. Нікому пра гэта не дакладваў. «Маладыя» вымушаныя былі прасіць у яго свае мабільныя «ў арэнду». За адзін сеанс сувязі Бараноўскаму плацілі 30—40 рублёў.

Аляксандр Коржыч таксама звяртаўся да сяржанта і таксама вымушаны быў плаціць.

Плацілі салдаты сяржанту і за магчымасць схадзіць у краму. Тут падатак браўся таварамі: распушчальная кава «3 у 1», вафлі, цыгарэты, макароны «Ролтан»… Усё гэта, паводле следства, ішло сяржанту Бараноўскаму.

Аднымі грашыма не абмяжоўваліся. Бараноўскі з яшчэ адным сяржантам, Скуратовічам, падымалі салдат і прымушалі адціскацца. Такім чынам «маладых» каралі за недастаткова хуткае шыхтаванне, кепска прышытыя каўнерыкі. Часам хлопцаў падымалі і ноччу з ложкаў.

Падчас адцісканняў іх нярэдка прымушалі заміраць на паўсагнутых руках. Аднойчы за размовы пасля каманды «адбой» салдат паднялі з ложкаў і прымусілі адціскацца ў супрацьгазах. Адзін з іх спачатку адмовіўся, але, атрымаўшы некалькі ўдараў ад сяржанта, усё ж пачаў адціскацца.

Тое ж рабіў і сяржант Ягор Скуратовіч. Браў з салдатаў прадукты за дазвол схадзіць у краму, браў грошы. Здаваў у арэнду «канфіскаваныя» мабільнікі, прымушаў «маладых» адціскацца.

Часам прыдумлялі і садысцкія пакаранні. «Загадаў аблізаць ёршык для ўнітаза», — зачытаў пракурор.

Адбіралі ежу і білі праз флягу

Акрамя таго, сяржанты адбіралі ў «маладых» ежу, якую тым перадавалі сваякі: кілбасу, сала, курыцу, нават цукеркі і яблыкі. Некаторыя «духі» — сярод іх і Аляксандр Коржыч — плацілі за тое, каб іх не білі ці не прымушалі выконваць загады сяржантаў. Каштаваў такі «імунітэт» у залежнасці ад сітуацыі каля 30 рублёў.

За час службы сяржант Бараноўскі такім чынам зарабіў на салдатах не менш за 220 рублёў.

Часам сяржанты праяўлялі фантазію. Аднаго з салдат на некаторы час прычапілі наручнікамі да батарэі. Іншага, якога злавілі з цыгарэтай у прыбіральні, прымусілі прыбіральню мыць. Вось толькі перад гэтым Бараноўскі вымазаў усё памяшканне чорнай ваксай для чысткі абутку.

Білі салдатаў праз флягу. Скуратовіч прыстаўляў яе горлам да цела салдата, а сам лупіў па донцы.

Трэці сяржант, Антон Вяжэвіч, паводле следчых, нічым не адрозніваўся ад двух іншых: адбіраў у «маладых» тэлефоны, браў прадуктовы «падатак». Хіба толькі любіў больш разнастайнае меню. Калі Бараноўскі і Скуратовіч абмяжоўваліся цыгарэтамі, «ролтанамі», кавай і вафлямі, дык Вяжэвіч часам загадваў салдату прынесці яму салат ці нават піцу. Браў і грашыма, і не толькі. Аднойчы салдат, каб не прыбіраць у казарме, адкупіўся ад Вяжэвіча вусцілкамі для абутку.

Агулам сяржант набраў хабару больш чым на 180 рублёў.

Удзельнічаў сяржант Вяжэвіч і ў фізічных здзеках з салдат. Прымушаў рабіць прысяданні, адцісканні пасля адбою.

Таксама Вяжэвіч загадваў салдатам слаць яму пасцель, прыбіраць казарму ўначы. Убачыўшы ў аднаго з салдатаў брудныя боты, Вяжэвіч прымусіў хлопца выціснуць ваксу сабе на рукі і чысціць боты рукамі.

Як і яго сябры, сяржант Вяжэвіч сістэматычна адбіраў у «маладых» ежу і грошы, біў салдат праз фляжку, лупіў далонню па шыі.

Здзекаваўся сяржант і непасрэдна з Коржыча. Аднойчы Вяжэвіч спіхнуў Коржыча ў акоп і пачаў кідаць у яго рыдлёўкамі. Яны ўтыкаліся ў зямлю побач з салдатам.

Таксама пракурор падкрэсліў, што сяржанты мусілі лепш разумець, што яны робяць і што адбываецца ў частцы, лепш сачыць за падначаленымі і прадбачыць сітуацыю з суіцыдам Коржыча.

Яўген Бараноўскі прызнаў віну часткова. Іншыя сяржанты — таксама. Ягор Скуратовіч адмовіўся прызнаваць, што злоўжываў уладай, што і прывяло да суіцыду Коржыча. З тым, што браў хабар, ён пагадзіўся. Антон Вяжэвіч прызнаў: хабар браў. Але, маўляў, не па папярэдняй змове. І тое, што злоўжыванне ўладай прывяло да смерці Коржыча, ён таксама прызнаваць адмовіўся.

Акрамя таго, абвінавачаныя папрасілі дапытаць іх толькі пасля таго, як выслухаюць сведкаў і пацярпелых. Але суддзя Алег Лапека адмовіў. Свае паказанні сяржанты дадуць на наступным пасяджэнні, якое адбудзецца 9 жніўня.

Каментары84

ГУБАЗіК пагражае Максу Каржу9

ГУБАЗіК пагражае Максу Каржу

Усе навіны →
Усе навіны

Выязны «Мак.бай» у Маладзечне сабраў вялізныя чэргі. А што з цэнамі?9

Астапеня ацаніў, колькі беларусаў падтрымлівае бел-чырвона-белы сцяг25

Генпракуратура хоча вярнуць у Беларусь Крыж Ефрасінні Полацкай, слуцкія паясы і сані Напалеона14

Дачка падпаліла фіранку: падрабязнасці трагедыі ў Сеніцы, дзе загінулі двое дзетак3

Стане яшчэ халадней. Але дзякуй, што пакуль без снегу2

Выпускнік мінскай беларускамоўнай гімназіі скончыў Гарвардскі ўніверсітэт. Вось дзе ён цяпер працуе21

Трагедыя ў Мінскім раёне: загінулі двое дзяцей

Мужчына, які ўдарыў малатком па сцяне Крамля, аказаўся не беларускім палітвязнем, а яго поўным цёзкай

Змянілі тэрмін уручэння позвы на вайсковыя зборы

больш чытаных навін
больш лайканых навін

ГУБАЗіК пагражае Максу Каржу9

ГУБАЗіК пагражае Максу Каржу

Галоўнае
Усе навіны →