Прадзюсар і жонка спевака Ялфімава: «Мы і раней выступалі ў Крыме? І што? Ніхто нам ва Украіну ўезд не забараняў»
Вядомы беларускі спявак Пятро Ялфімаў, які апошнія пяць гадоў жыве ў Маскве, узяў удзел у канцэрце падчас адкрыцця так званага «Крымскага моста». Канцэрт з гэтай нагоды праходзіў у Керчы. На ім прысутнічаў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін.
Пятро Ялфімаў змясціў у сацсетках фотку «Раніца. Крым. Мост». Звязацца з самім Ялфімавым не ўдалося, ён прымае залікі ў студэнтаў. Затое адказала ягоны прадзюсар Таццяна Касмачова.
«Што ў вас выклікала абурэнне? Што кепскага, што будуюць дарогі, масты, што людзям лягчэй будзе дабірацца да працы? Што ў гэтым кепскага? Мост гэты будавалі і Беларусія [сказала менавіта так — «НН»], і Расія, і Украіна, і Таджыкістан, і грузіны, і армяне. І я гэтых людзей бачыла», — кажа Касмачова.
Ці не паставілі крыж тым самым на гастролях ва Украіне? «Мы ездзім на гастролі ва Украіну. Я спадзяюся, што вельмі хутка сітуацыя наладзіцца, і ўсе будуць ездзіць, куды захочуць, як было некалі. У мяне сваякі ва Украіне, і ў Пеці сваякі ва Украіне. І што? Мы ездзілі ў Крым і раней, былі ў Сімферопалі, на вялікіх спектаклях і канцэртах. Пры гэтым ездзілі і ў Адэсу, ніхто нам нічога не забараняў».
Мы згадалі выпадак з беларускім спеваком Максам Каржом, якому забаранялі ўезд на тэрыторыю Украіны пасля канцэрту ў Крыме. «Можа, Максіму і забаранялі, таму што ён, не ведаю што. А нам ніхто не забараняў. Ці мала якія прэцэдэнты ёсць, можа, напіўся хто, няправільна сябе паводзіць. Бліжэйшым часам ва Украіну не збіраемся, няма нагоды».
Пятро Ялфімаў прадстаўляў Беларусь на конкурсе Еўрабачанне ў 2009 годзе ў Маскве, але не змог выйсці нават у фінал. У флэш-інтэрв’ю пасля выступ ён сказаў, што праспяваў «ах…на».
Каментары