Скандальны расійскі канал Russia Today, разлічаны на замежную аўдыторыю, выпусціў тэкст, прысвечаны БНР. «Няўдалая дзяржаўнасць»: як сто год таму ў Беларусі спрабавалі пабудаваць народную рэспубліку», — так называецца матэрыял.
Намяшаўшы ў кучу і рэальныя факты, і грубыя домыслы, аўтары спрабуюць навязаць стандартныя для расійскай прапаганды ідэі (з папраўкай на краіну):
— БНР — гэта частка гісторыі, важная толькі для нацыяналістаў.
— Прызнанне БНР на дзяржаўным узроўні пацягне змену граніц: беларусы захочуць адабраць Смаленск, Падляшша і Вільню.
— Такім чынам, перыяд БССР трэба будзе разглядаць як акупацыю.
— А гэта ўжо пацягне забарону расійскай мовы і далей у такім духу.
Ніякіх новых прыёмаў маніпулявання ў тэксце няма: толькі падмена паняццяў, антынавуковая інтэрпрэтацыя фактаў, хлусня і страшылкі, агучаныя «экспертамі».
«Экспертамі», дарэчы, выступаюць дзяжурны аракул па пытаннях краін Усходняй Еўропы Алег Неменскі і беларус Пётр Пятроўскі, які прэзентуе сябе як «філосафа і палітолага».
Чытайце больш пра Пятроўскага тут: Хакеры апублікавалі дакументы, згодна з якімі беларускія аўтары рыхтуюць свае публікацыі па заказах маскоўскіх паліттэхнолагаў
«Гэта раннія формы фашызму. Крайне правая, мілітарыстычная, правадырская дзяржава атрымалася б, калі б гісторыя дала ёй шанец», — кажа пра БНР Неменскі.
«Збольшага ў грамадскай свядомасці беларусаў БНР папросту няма. Ёсць толькі ў невялікай суполкі: або прафесійных гісторыкаў, або апазіцыйных палітыкаў, якія выкарыстоўваюць БНР як гістарычны фенамен для сваіх мэтаў», — дадае Пятроўскі.
Варта дадаць, што ўраджэнца беларускага Палесся Рамана Скірмунта у тэксце называюць «палякам».
Зрэшты, у адным RT піша абсалютна правільна: «Незалежнасць БНР не прызналі ні Савецкая Расія, ні белыя Урады, ні краіны Антанты».
Каментары