Прэм'ер-міністр Польшчы Беата Шыдла падала ў чацвер увечары просьбу аб адстаўцы, яе просьба была прынятая, — паведаміла прэс-сакратарка кіроўнай партыі «Права і Справядлівасць» Беата Мазурэк, перадае тэлеканал TVN-24.
Паводле Мазурэк, месца прэм'еркі Шыдла мае заняць віцэ-прэм'ер Матэвуш Маравецкі. На пытанне пра прычыну адстаўкі прэс-сакратарка партыі заявіла, што «міжнародная і ўнутрыкраінная сітуацыя спрычынілася да таго, што перад «ПіС» стаяць трошкі іншыя выклікі, і гэта патрабуе адкарэктавання не толькі міністарскага складу, але і кіраўніцтва ўраду».
Беата Мазурэк ухілілася ад адказу на пытанне, колькі і якіх міністраў заменіць новы прэм'ер. «Калі станецца так, што ён дасць прысягу, то сам распавядзе пра дэталі сваёй працы, пра тое, каго бачыць і дзе», — падсумавала яна.
Матэвушу Маравецкаму 49 год. У палітыку ён прыйшоў з пасады кіраўніка аднаго з буйных камерцыйных банкаў краіны. Дагэтуль быў ва ўрадзе міністрам развіцця і віцэ-прэм'ерам.
На мінулых парламенцкіх выбарах 2015 году «Права і Справядлівасць» пад кіраўніцтвам еўраскептыка Яраслава Качыньскага здабыла 235 мандатаў у 460-асабовым Сейме і таму здолела самастойна сфармаваць урад. Наступныя парламенцкія выбары ў нашых заходніх суседзяў адбудуцца праз 2 гады — у 2019 годзе.
Каментары