Пераход каля гандлёвага цэнтра «Замак» у Мінску ліквідаваны. Святлафоры дэмантаваныя, цягам ночы тут паставілі агароджу, каб людзі не перасякалі праспекта Пераможцаў у гэтым месцы.
Адначасова вядуцца працы па арганізацыі бяспечнага падыходу да «Замка» з боку падзямельнага перахода на рагу праспекта і вуліцы Сапёраў, проці завода «Атлант». Ад размешчанага каля яго прыпынку грамадскага транспарту да галоўнага ўвахода ў «Замак» каля 400 метраў.
Прыпынак грамадскага транспарту «Плошча Дзяржаўнага сцяга» часова адменены з боку плошчы (аўтобусы і тралейбусы не спыняюцца пры руху ў кірунку вуліцы Арлоўская).
Нагадаем, што 2 снежня на пешаходным пераходзе каля «Замка» грузавы аўтамабіль пратараніў пешаходаў на пераходзе. Загінула дзяўчынка, яшчэ некалькі чалавек атрымалі цяжкія траўмы. Пераход там раней быў двухэтапны. Каб перасекчы праспект, трэ' было дайсці да сярэдзіны і там чакаць зялёнага святла на процілеглым кірунку праспекта.
Праспект Пераможцаў (раней — Машэрава) — прэзідэнцкая траса. Сам «Замак» — прэстыжны гандлёвы мол насупраць палаца Незалежнасці, які было дазволена збудаваць набліжанаму да Аляксандра Лукашэнкі мультымільянеру Тапузідзісу (уласніку «Кароны», «Тытунь-інвеста»).
Каментары