Улада

«Выходзь, падла». Ускрываюцца страшныя падрабязнасці смерці салдата і сітуацыі ў Печах увогуле. Віна — на «шакалах»

21-гадовы Аляксандр Коржыч больш не жыве. Фота з сацсетак. 

Нядаўна ў барысаўскіх Печах, дзе праходзяць вучобу салдаты тэрміновай службы (кухары, кіроўцы, кінолагі і г.д.), знайшлі павешаным маладога хлопца — 21-гадовага Сашу Коржыча. Ён служыў у 3 школе, 3 роце, 2 узводзе.

Да службы ў арміі Коржыч быў паспяховым хлопцам. Ён добра зарабляў як аўтамеханік, у яго было шмат сяброў, ён вёў актыўны лад жыцця. Яму сама жыць, кахаць — а ён памірае. Дарэчы, гэта другі чалавек за год: 31 сакавіка ў іншай часці ў Барысаве ў пятлі знайшлі другога хлопца, Арцёма Басцюка. Следства па ягонай смерці дагэтуль не скончылася.

Чым адметная смерць Сашы Коржыча сярод іншых смерцяў?

Тым, што гэты выпадак дазваляе зразумець механізм работы саміх Печаў — гісторыя пінскага хлопца выкрыла ўвесь той гадзючнік, які там развёўся: салдатам першага перыяду выстаўлялі «рахункі» за тое, каб іх не чапалі фізічна. Скаргі афіцэрам прыводзілі да падвойных здзекаў.

Расказы сяброў і маці загінулага кідаюць у шок.

Па-першае, выходзіць, што хлопца знайшлі мёртвым у нейкім падвале праз некалькі дзён пасля таго, як ён памёр. А дагэтуль ён быў у медроце — піў вугаль з валяр'янкай ад тэмпературы і прасіў бацькоў выслаць антыбіётыкаў.

Тут медыкі і афіцэры ківаюць адзін на аднаго: маўляў, мы думалі, што ён быў у медыкаў, а тыя кажуць, што мы яго выпісалі…

Вось што расказала «Нашай Ніве» маці Аляксандра Коржыча.

«Найперш, да Сашы я амаль не магла патрапіць у час службы, не ўдавалася. Доўгая сустрэча была 3 ліпеня. І калі па тэлефоне ён казаў проста «Усё нармальна», то там ужо выгаварыўся.

Ён расказваў неймаверныя рэчы. Што сяржанты прыводзілі ноччу прастытутак, аб'яўлялі роце «трывогу», самі забаўляліся з імі, а іх прымушалі глядзець. Пра сэксуальны гвалт… Я кажу: дык што вы там, сасалі ім, лізалі? Што? Ён нічога не кажа, гаворыць: табе лепш не ведаць. Там быў канкрэтны рахунак, які выстаўляўся за бяспеку, — 15 рублёў у дзень. Ён спачатку супраціўляўся, але яго моцна білі. Агулам з карты Сашы знікла ў невядомым кірунку 1500 рублёў. Ён прасіў мяне высылаць яму грошы, я высылала. І я ведала, што іх адбіраюць прапаршчыкі і сяржанты, але што мне рабіць было, каб яго там забілі?

Да службы ў арміі Коржыч быў паспяховым хлопцам. Ён добра зарабляў як аўтамеханік, у яго было шмат сяброў, ён вёў актыўны лад жыцця.

Я б крэдыт узяла, калі б ведала. Так усе там робяць. І вось, калі ён мне сказаў, што яму гэта абрыдла, што ён не хоча, каб я несла такія выдаткі, гэта ўсё і здарылася. Ён сказаў, што пойдзе да ротнага «разбірацца». І потым яго знайшлі ў пятлі, так вось «разабраўся», — кажа забітая горам жанчына.

«Калі мы прыляцелі ў часць па цела, мне яго не аддавалі, казалі: яно «яшчэ не гатова». Я кажу камандзіру часці: «Вядзіце мне таго прапаршчыка, які вам нашы грошы насіў. Ці вы нічога не ведалі?» А ён давай расказваць, што прапаршчык у падарожжы, а тэлефоны Сашы ён таксама не можа аддаць: маўляў, ён іх прадаў за даўгі. Я кажу, закрый рот, падла — мой сын мне перад войскам кухню падарыў за 2 тысячы даляраў, а ты мне расказваеш, што ў яго тут даўгі былі?

Ён сціх адразу, пачалі нас мурыжыць у Барысаве. То туды паедзьце, то сюды.

Калі забралі цела, то там гематомы па ім — у пахвіне, у раёне печані, нырак. І ўся галава ў дробных ранах, нібы шылам калолі. Гэта фашысты. Мая маці бачыла труп і сказала, што немцы з іх у канцлагеры так не здзекаваліся, як тут свае ж.

Ён жа не хацеў з'язджаць! Яму брат прапаноўваў у Маскву перабрацца да яго, там бізнэс, а ён кажа: я ж беларус чыстакроўны, чаго мне туды ехаць?»

Святлана, маці Аляксандра. Гадавала сына адна, больш дзяцей не мае.

Маці таксама кажа, што яго, найхутчэй, палохалі і яе жыццём.

«Апошні яго званок быў з пытаннем: «Маці, як ты?». І ён так кожнае слова прамаўляе: «М-а-м-а, як у цябе справы? Я пытаюся, як ты? У цябе ўсё н-а-р-м-а-ль-н-а?» — кажа жанчына і больш не можа гаварыць. 

Як мы даведаліся, у курсе сітуацыі з вымагальніцтвам былі і сябры Сашы: яны збіралі грошы і таксама клалі іх яму на карту.

Куды яны ішлі? Кажуць, што «каб не білі Сашу», хаця спачатку ён і казаў, што ўсё гэта «на булачкі», але такія сумы не маглі ісці на «булачкі», гэта было ясна.

Адметна, што Саша меў тры тэлефоны: два з іх узяў у войска («званілку» і смартфон), а круты айфон пакінуў на захаванне сябру. Да айфона была прывязаная картка, якую Саша аддаў прапаршчыку.

Па плацяжах, як нам паказалі сябры, можна адсачыць гастролі людзей, у якіх яна была: вось яны аплочваюць штосьці ў начным клубе, вось запраўляюць машыну, вось — купляюць штосьці на «Барысаў-Арэне», а вось ужо ў Мінску, а вось у Жлобіне.

«Калі я прыехаў да Сашы апошні раз, ён казаў, што ротны, — так, здаецца, менавіта ротны, — хоча выкупіць яго айфон за 30 рублёў, і тады, маўляў, Саша зможа пайсці ў доўгі «ўвал» на тры дні», — расказаў нам сябра Сашы, Ілля, у якога быў той айфон.

«Самы жорсткі сяржант там быў Б. [імя і прозвішча ёсць у Рэдакцыі], мянушка Бэран, — дадае ён.

Як высветліла «Наша Ніва», Б. і другі датычны сяржант С. цяпер затрыманыя ў Барысаве. Нам гэта пацвердзілі іх сваякі.

Мама і сябры Аляксандра Коржыча.

Дарэчы, на пахаванне хлопца мелі нахабства прыехаць і камандзіры Сашы. Але іх ахоўвала міліцыя, бо жыхары Пінска былі гатовыя парваць іх на ласкуты. «Выходзь сюды, падла, я табе сам абарву пагоны і пакладу ў труну разам з Сашам», — такое крычалі ім людзі.

Вышэйшае кіраўніцтва вучэбкі ў Печах.

Чытайце таксама: Міністэрства абароны выступіла з заявай пра смерць вайскоўца ў Барысаве

Але ці можа быць такое ў сучаснай Беларусі? Мо гэта толькі перабольшванні забітых горам блізкіх?

Мы пагаварылі з былымі і дзейнымі вайскоўцамі, якія некалі мелі дачыненне да Печаў.

Вось што нам расказаў чалавек, які прайшоў вучэбку ў Барысаве ў 2014 годзе, але ў іншай роце.

«Дзе ён [Саша Коржыч] быў, там п***ец. Паўсюль салдатаў гнабяць і афіцэры, і прапары, і сяржанты. Мяне ўразіла, калі я туды прыехаў і ў першы дзень пайшоў на курылку, то там пацаны беглі на месцы і курылі, прыкінь. Я кажу: вы што, **анутыя, што вы робіце? А ім сяржанты нібы паставілі ўмову: калі цела ў вертыкальным становішчы, то ты можаш або страявым ісці, або бегчы.

Як кажу ім: вы сур'ёзна? Вы іх не можаце на**й паслаць? А яны вочы ў зямлю. Ну але потым я сам сутыкнуўся. Сэнс такі: не будзеш плаціць бабкі — будзеш гінуць у нарадах і фізічна. Таму, ты альбо жорстка ставіш сябе, або… або за ўсё плаціш. Хочаш мабілу — 20 рублёў, хочаш пазваніць — столькі ж. Гэта называецца «выкупіць тэлефон». Я ж таксама малады быў, першы раз не зразумеў і даў грошай, а мне іх не вярнулі. Ну і атрымалася, што я выкупіў раз і назаўсёды — я біўся з імі кожны дзень, кожны божы дзень. Паратунак — толькі калі ты спартовец, баксёр ці барэц. Мне абяцалі скінуць гіру 32 кг ноччу на галаву, прыкінь, а я іх за гэта кожнага па адным выводзіў у туалет і сёк, пакуль не пачыналі енчыць. Ну гэта страшна, насамрэч. Выхад быў толькі адзін — біць я***. Я маці ніколі не казаў, што там адбываецца.

Там у пацаноў столькі слёз выцекла, што можна было возера побач з Барысавам заліць», — сказаў нам гэты хлопец.

Прыкладна тое ж самае расказвае іншы хлопец, якому, як ён кажа, «не фартанула» — меў трапіць у спецназ, але не хапіла месцаў, і каб не чакаць паўгода лішнія, ён пагадзіўся на Печы. Цяпер жа ён кантрактнік там, куды і хацеў трапіць: у адной з частак ССА.

«Афіцэраў Печаў салдаты называюць «шакаламі» паміж сабой, — кажа ён. — Чаму шакалы? Таму што яны даядаюць слабых. Я не буду казаць, што грошы прыносяць ім, бо не бачыў. Але што грошы вымагалі сяржанты — гэта факт.

І там ніхто ж не кажа наўпрост, а намёкамі. Мне адразу прыйшло разуменне, што іх трэба проста п***ць, каб яны баяліся на цябе глянуць.

Печы — гэта г.зв. «чмо-войскі», дзе квітнее дзедаўшчына. У параўнанні з імі ССА і спецназ — дзіцячы сад. У ССА камеры стаяць, а ты пастаў камеру ў Печах, пажадана ў туалеце — там вы такога нагледзіцеся… Там мы зімой снег у кубы раўнялі, каб было «прыгожа». Начныя адцісканні… кукаванні, спевы песняў у тумбачках. Што пра гэта гаварыць, ай… Там іерархія, як на зоне:

першы перыяд службы не можа гаварыць наўпрост з трэцім перыядам — усё перадаецца праз другі. Ёсць касты: «дзяды», «чарпакі», «чэрці».

Ведаеш, што такое «чэрці»? Гэта калі чалавеку трынаццаць раз б'юць тапкам па галаве з падачы сяржантаў, і ён робіцца як бы «апушчаным». З ім нельга гаварыць, яму нельга курыць, нельга хадзіць у буфет, яго можна толькі п***зіць. Калі фізічна не змогуць п***зіць, то будуць п***зіць слабейшых, хто абс***ецца, каб яны з табой не гаварылі і г.д. І гэта падтрымліваецца «шакаламі». Скажам, у сталовай такім людзям выдаецца дзіравая лыжка, каб ён не мог есці суп — ён выцякае проста.

Калі ў кагосьці жорсткія пабоі, то яго хавалі недзе. Пад ложкам, скажам. А замест яго ў шэраг станавіўся днявальны. Медычка ўсіх падлічыла — і нармальна.

Калі ты, не прывядзі Бог, жаліўся бацькам, а яны ішлі да кіраўніцтва, то ты сабе амаль падпісаў прысуд, лічы. Прыходзіць «шакал» [афіцэр] і кажа: маўляў, вось гэтага мамка прыязджала, майце на ўвазе.

Але сяржанты ў той жа час часта хадзілі жаліцца да шакалаў, што іх не слухаюцца. Мы проста заехалі туды бандай: адразу пасябравалі ўчатырох і слалі на*** сяржантаў хорам і адзін за аднаго заўсёды стаялі, пару разоў пусцілі іх пад ногі. А хто не быў дружным… Я як успамінаю, як здзекаваліся з мамкіных сынкоў, то рэальна дагэтуль трасе… Усім жа не дапаможаш, бо там пяць тысяч чалавек служаць. Калі ў іншай вучэбцы маладых ганяюць, то ты за іх ніяк не ўступішся. А ўступішся раз і — то ты ж далей пойдзеш, а іх загасяць потым, што яны сто раз тваю дапамогу праклянуць. Але як іх выхоўваць? Гэта ў**кі і фашысты».

Варта адзначыць, што некаторыя салдаты, якія праходзілі службу там жа ж, дзе і памерлы Саша, адмаўляюць існаванне дзедаўшчыны ў выглядзе грашовых пабораў і збіванняў.

Дзейны афіцэр адной з элітных частак, у чыім падпарадкаванні знаходзяцца салдаты, акадэмічна апісаў нам, чаму так адбываецца, што ў адных ёсць, а ў другіх дзедаўшчыны няма.

«У войску салдаты дзеляцца на тры ўмоўныя катэгорыі, — сказаў ён: «авечкі» — тыя, каго прыгнятаюць, «ваўкі» — тыя, хто прыгнятае, і «ваўкадавы» — тыя, хто можа даць адлуп ваўкам і ўзяць пад абарону статак «авечак».

Ад працэнтных суадносінаў гэтых трох тыпаў і залежыць сітуацыя з дзедаўшчынай у часці, дзе афіцэрам па барабане, што ў іх там адбываецца. Калі яны заплюшчваюць вочы, то сяржанты адчуваюць беспакаранасць, і потым тыя, хто слабы духам, вось так сканчаюць. Пра Печы заўсёды казалі, што там адбываецца штосьці жудаснае, нават калі я яшчэ быў курсантам першага курсу. Я б такіх афіцэраў ставіў да сценкі, разам з прапарамі і сяржантамі», — эмацыйна выказаўся ён, бо гэтая гісторыя ўжо разнеслася сарафанным радыё па іншых часцях.

Адзначым, што апытаныя намі вайскоўцы падкрэслівалі існаванне жорсткай дзедаўшчыны толькі ў частках, дзе кіруюць «шурупы», — гэта вайсковы слэнг, які абазначае не належнасць да эліты, другаснасць.

Паняцце ідзе ад выразу «Войскі — гэта шчыт і меч Айчыны», дзе шчыт — пагранічнікі, авіяцыя, меч — спецназ, ССА, а шурупы на шчыце — усё астатняе.

Таксама сваім меркаваннем падзяліўся сяржант часці ўнутраных войскаў 3214, — гэта той самы «меч», — ён кажа, што верыць у расказы Аляксандра пра шлюх у часці і паборы пры ўмовах, што хтосьці з «начальства» быў мясцовы [а адзін з сяржантаў акурат з Барысава — НН].

«У «спецуры» усё не так, у нас тут спартоўцы збольшага, трэніроўкі па рукапашным боі, усе заўсёды пры справе, няма калі дурэць. Ну бывае там, што «дзяды» пасылаюць па марожанае, па цыгарэты. Самае жорсткае, што можа быць, — гэта калі зловяць з насваем (бо некаторыя любяць), то могуць прымусіць заварыць з яго чай і выпіць. Ну прарыгаешся, але будзе навука. А што да Печаў, то любы чалавек у форме ў курсе, што там чарнуха робіцца. Я думаю, хлопца гэтага наўрад ці хтосьці вешаў, проста ён не вытрымаў здзекаў. Словы афіцэраў пра тое, што яны некалькі дзён не ведалі, дзе ён знаходзіцца, — гэта беліберда і хлусня. За кожным, хто выпісваецца з санчасці, пасылаюць сяржанта для гарантыі. А тут яны не ведалі? Усё яны ведалі, проста выйгравалі час для прыдумкі версій, хавалі здарэнне. У гэтым я перакананы».

Пасля гэтых гісторый прапануем чытачам і кампетэнтным органам адказаць для сябе на некалькі пытанняў:

1) Ці здольнае абараніць краіну такое войска, дзе замест клопату аб функцыянальнай і баявой падрыхтоўцы, у салдата баліць галава (а часам і печань з рэбрамі) пра тое, як адкупіцца ад сяржантаў і прапаршчыкаў?

2) Ці могуць насіць званне афіцэра людзі, у чыіх часцях квітнее аброк? Ці мае гэты аброк пірамідальны выгляд?

3) Чаму некалькіх смерцяў маладзёнаў ад наркаты хапіла, каб дзяржава прыняла дэкрэт №6 і пачала саджаць барыг тысячамі, а за такія ж пакутлівыя смерці маладых пацаноў у адной асобна ўзятай часці мы не бачым поўнай лавы падсудных?

4) Навошта дагэтуль у такіх часцях існуюць «палітрукі»?

5) Чаму ніхто не аналізуе прычын сітуацыі, калі ў вайсковыя вучэльні з года ў год ідуць тыя, хто проста не мае здольнасцяў набраць болей за 150 балаў на ЦТ разам з атэстатам?

***

На тэлеграм-канал «Нашай Нівы» можна падпісацца тут.

Каментары

Прабеларускія лукашысты яднаюцца супраць прарасійскіх11

Прабеларускія лукашысты яднаюцца супраць прарасійскіх

Усе навіны →
Усе навіны

Як можа змяніцца палітыка Літвы адносна Беларусі, калі на выбарах перамогуць левыя ці радыкалы

Стане яшчэ халадней3

Лукашэнка прапанаваў вырошчваць у Гомельскай вобласці персікі9

«Субстанцыя»: новы хорар з Дэмі Мур не шкадуе нікога5

Версія пра кантакты Гуцэрыева і амерыканцаў: яго паслаў Лукашэнка13

Легенда амерыканскага спорту парваў на кавалкі фатаграфію Дональда Трампа8

Хурма, баравікі, памідоры і нават гранаты. Што можна ўхапіць на Камароўцы ў сярэдзіне восені

Беларускі гурт Intelligency выпусціў першы за два гады альбом. Раней хіт August прынёс ім сусветную вядомасць2

У Магілёве пасажырскі аўтобус урэзаўся ў слуп ВІДЭА1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Прабеларускія лукашысты яднаюцца супраць прарасійскіх11

Прабеларускія лукашысты яднаюцца супраць прарасійскіх

Галоўнае
Усе навіны →