У Францыі мільёны работнікаў дзяржсектара прымаюць удзел ва ўсеагульным страйку ў знак пратэсту супраць эканамічных рэформаў прэзідэнта Эмануэля Макрона, якія прадугледжваюць маштабныя скарачэнні працоўных месцаў, паведамляе ВВС.
Reuters
З-за забастоўкі ў Францыі не працуюць школы, чыгуначны транспарт працуе з перабоямі, траціна авіярэйсаў была адмененая.
Французскі ўрад плануе ў бліжэйшыя пяць гадоў скараціць 120 тысяч працоўных месцаў у дзяржаўным сектары.
У верасні ў Парыжы прайшла шматтысячная дэманстрацыя, удзельнікі якой патрабавалі ад урада адмовіцца ад рэформы. Удзел у страйку прынялі ўсе дзевяць прафсаюзаў работнікаў дзяржсектара, якія прадстаўляюць інтарэсы 5,4 млн супрацоўнікаў. Як падкрэслілі ў прафсаюзах, забастоўка кажа аб «прынцыповай нязгодзе» з планамі Макрона.
У буйных гарадах, у тым ліку ў Ліёне і Нанце, прайшлі пратэстныя маршы.
Два найбуйнейшыя прафсаюзы Францыі — Французская дэмакратычная канфедэрацыя працы (CFDT) і Рабочая сіла (FO) - падтрымалі правядзенне забастоўкі.
Кіраўнік CFDT Ларан Бергер у інтэрв'ю газеце Les Echos сказаў, што дзяржаўны сектар сур'ёзна пакутуе ад «бюджэтных абмежаванняў». «Здаецца, урад не ўсведамляе ступень заклапочанасці сярод дзяржслужачых», — кажа Бергер.
Лідар FO Жан-Клод Маі далучыўся да дэманстрантаў у Ліёне. Па яго словах, ён цалкам падтрымлівае ўдзельнікаў забастоўкі, якія павінны абараніць свае правы, статус і даходы.
Выступаючы ў Ліёне, Маі адзначыў, што «стратэгія жорсткай эканоміі» паставіць пад пытанне існаванне самога дзяржаўнага сектара. Паводле яго слоў, ён асцерагаецца, што бальніцы і дзіцячыя сады будуць перададзеныя прыватнаму сектару.
У лістападзе прафсаюзы плануюць правесці яшчэ шэраг дэманстрацый супраць эканамічных рэформаў.
У верасні дзясяткі тысяч чалавек прынялі ўдзел у пратэстнай акцыі ў Парыжы, якая адбылася адразу пасля падпісання Макронам закона, які спрашчае працэдуру найму і звальнення супрацоўнікаў. Гэтую акцыю пратэсту арганізаваў Жан-Люк Меланшон, палітычны дзеяч левага толку, які лічыцца паслядоўным апанентам Макрона.
Макрон, урад якога абяцаў на працягу пяці гадоў скараціць ўзровень беспрацоўя з цяперашніх 9,5 да 7%, заявіў, што чакаў супраціву новым палажэнням працоўнага заканадаўства. На яго думку, пратэсты могуць працягвацца некалькі месяцаў.
Падтрымка Макрона ў Францыі значна знізілася з таго моманту, калі ён заняў прэзідэнцкае крэсла 7 мая.
Каментары