Гродзенскія філосафы ў часопісе Адміністрацыі прэзідэнта: Якуб Колас, Быкаў — гэта частка рускай культуры
У вераснёўскім нумары часопісу «Беларуская думка», заснавальнікам якога з’яўляецца Адміністрацыя прэзідэнта, выйшаў навуковы артыкул «Рускі свет: праблемы, супярэчнасці, дыскусіі». Яго аўтарам выступілі гродзенскія выкладчыкі: Часлаў Кірвель і Іна Бусько.
Чаславу Кірвелю 72 гады. Ад 1981 года ён загадчык кафедры філасофіі Гродзенскага ўніверсітэта. Да гэтага навукоўца працаваў у Політэхнічным інстытуце ў Камсамольску-на-Амуры. Адметна, што два гады таму Кірвель на старонках «БелДумкі» ўжо выступаў з артыкулам «Усходнеславянскі свет: куды ісці?», у якім ён аднёс беларускі народ да ўсходнеславянскай праваслаўна-хрысціянскай цывілізацыі.
Іна Бусько родам з Жыткавіцкага раёна. Вучылася ў Новасібірску, там жа выкладала ў фармацэўтычным вучылішчы. Ад 1998 — працуе на кафедры грамадскіх навук Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта.
Ад самага пачатку артыкула Кірвель і Бусько цытуюць асветнікаў Васіля Цяпінскага і Сымона Буднага, якія ў супрацьвагу польскай мове ставілі «народ рускі» і «мову рускую».
«І пазнейшыя прадстаўнікі праваслаўна-гуманістычнага кірунку ў развіцці грамадскай думкі, такія як Стэфан і Лаўрэнцій Зізаніі, Мялецій Сматрыцкі, Афанасій Філіповіч, Сімяон Полацкі, Георгій Каніскі, актыўна звярталіся да апалогіі паняццяў «руская мова», «рускі народ», «вера продкаў», прыцягваючы для мэтаў абароны роднай ім культуры «руськую», як яны называлі яе, арыентацыю», — пішуць выкладчыкі.
Навукоўцы адразу адкідаюць тое, што мова Скарыны адрознівалася ад той мовы, якой карысталіся ў Маскоўскім княстве. Яны лічаць, што на сёння гэтаксама можна знайсці адрозненне ў мовах гарадзенцаў і гамельчукоў.
«Няма сумневаў, што паняцце «рускі», пачынаючы са старажытнасці, ішло ў непарыўнай сувязі з рэлігійнай ідэнтычнасцю хрысціянскай артадоксіі — праваслаўнай веры», — працягваюць аўтары.
Гарадзенскія філосафы кажуць, што ў савецкі час адбыўся росквіт усяго нацыянальнага, што б ні пісалі аб ціску, русіфікацыі і прыгнёту «прыхільнікі сучасных трэндавых ідэалогій».
«Толькі ў рамках культуры вялікага рускага свету, вялікай культурна-цывілізацыйнай супольнасці, якая ўзнікла на аснове дзейнасці ўсходнеславянскіх народаў разам, мы выяўляем, што вертыкалі і гарызанталі нашай культуры неабсяжны», — мяркуюць Кірвель і Бусько.
У наступным абзацы яны пералічваюць тых, хто адносіцца да «вялікай рускай культуры»: Еўфрасіння Полацкая, Францішак Скарына, Грыгорый Скаварада, Тарас Шаўчэнка, Васіль Быкаў, Якуб Колас і многія іншыя.
«Гэта агульныя намаганні, дзякуючы якім славяна-руская цывілізацыя распаўсюдзілася на велізарных прасторах ад Буга да Камчаткі. І хіба не ўвайшла ў бессвядомыя структуры ментальнасці беларусаў агульнаруская ідэнтычнасць? Вось прыклад паўсядзённага ўзроўню: у некаторых бытавых сітуацыях недаразумення ў беларуса вырываецца простае пытанне: «Ты што, нярускі?».
Аўтары мяркуюць, што на Захадзе адмыслова дэманізуюць паняцце «рускі мір», каб беларусы, украінцы і рускія перасталі лічыць сябе адзіным народам. Маўляў, еўрапейцы і амерыканцы падаюць «рускі свет» як праект імперскіх амбіцый Расіі. Далей ідзе шмат цытат заходніх навукоўцаў і публіцыстаў.
Увогуле «рускі свет» гарадзенцы лічаць асаблівым культурна-цывілізацыйным феноменам, які ўключае ў сябе «пакаленні людзей, якія незалежна ад нацыянальнасці выказалі духоўную сувязь з рускай культурай і яе каштоўнасцямі, замацаванымі ў праваслаўі». Што ж гэта за каштоўнасці «рускага свету»? Праўда, справядлівасць, сумленне, свабода і прыгажосць.
Аўтары не сумняюцца, што Беларусь і Украіна таксама адносяцца да «рускага свету». Каб пераканаць чытача ў гэтым, Кірвель і Бусько цытуюць вядомага заходнерусіста Усевалада Шымава, які лічыць, што «ўсе ўсходнія славяне з’яўляюцца рускім адзіным народам, які павінен пражываць у адзінай дзяржаве».
Каментары