Навука і тэхналогіі3939

Як гэта працуе: сэрвіс Яндэкс.Пробкі. Рэпартаж з офіса «Яндэкса» ў Мінску

Сёння многія аўтамабілісты перад выездам у горад у гадзіну пік правяраюць на картах загружанасць вуліц. Найбольш часта для гэтага ў Беларусі выкарыстоўваюць сэрвіс «Яндэкс.Пробкі». Нам стала цікава: а якім чынам Яндэкс аператыўна даведваецца пра загрузку дарог?

Мы наведалі мінскі офіс «Яндэкса» і даведаліся, як насамрэч працуе сэрвіс. А заадно паразмаўлялі пра тое, якія звесткі пра беларускіх карыстальнікаў інтэрнэту цікавяць расійскія спецслужбы.

Сэрвіс «Яндэкс.Пробкі»

Пра асаблівасці працы сэрвісу нам распавёў рэгіянальны менеджар «Яндэкса» ў Беларусі Ягор Цыганок.

Ягор Цыганок.

«Яндэкс.Пробкі — гэта алгарытм, які дазваляе нам аналізаваць дарожную сітуацыю і візуалізаваць яе на нашых картах. Алгарытм заснаваны на карыстальніцкіх дадзеных. Нашы карыстальнікі з усталяванымі на іх прылады мабільнымі Яндэкс.Картай або Яндэкс.Навігатарам перасоўваюцца па горадзе, і дадатак аўтаматычна адпраўляе бягучае размяшчэнне карыстальніка і яго ўнікальны ідэнтыфікатар на нашыя серверы.

Гэтыя дадзеныя безасабовыя — увесь абмен звесткамі, які адбываецца паміж карыстальнікам і намі, адпавядае нашай палітыцы прыватнасці. Мы не зможам вызначыць па гэтых звестках, з якой менавіта машыны іх атрымалі», — распавядае спадар Цыганок.

Фактычная хуткасць руху, якую кіроўцы бачаць на сваіх навігатарах, вызначаецца з дапамогай GPS-спадарожнікаў, і для пабудовы карты затораў яна не патрэбная.

Яндэкс усё адно прыблізна можа разлічыць, з якой хуткасцю вы рухаецеся. Гэта адбываецца, дзякуючы аналізу хуткасці змянення вашага размяшчэння на карце. І ўжо пасля аналізу перамяшчэння некалькіх аўтамабіляў з прыладамі Яндэкс.Картаў вылічваецца сярэдняя хуткасць руху на дадзеным участку дарогі.

«Бываюць такія выпадкі, калі чалавек прыпаркаваўся, выйшаў на некалькі хвілін у краму, а навігатар пакінуў уключаным. Калі б сістэма палічыла яго хуткасць як нулявую, гэта магло б моцна паўплываць на сярэдні паказчык. Але сістэма ўмее адкідваць такія памежныя выпадкі. Калі машын шмат, і ўсе едуць з нармальнай хуткасцю, яна дакладна разумее, што гэты выпадак улічваць не варта.

Таму відавочна, што, чым больш аўтамабіляў на той ці іншай дарозе карыстаюцца мапай і навігатарам «Яндэкса», тым больш дакладнай выходзіць інфармацыя пра сярэднюю хуткасць руху і, адпаведна, заторы», — кажа Ягор Цыганок.

Па атрыманых выніках аналізу розныя ўчасткі дарог пазначаюцца рознымі колерамі: зялёным, жоўтым, чырвоным. Глухія заторы абазначаюцца чырвона-карычневым, а карычневым — перакрытыя дарогі. 

«Але не заўсёды, напрыклад, чырвоны колер можа азначаць, што на гэтым месцы затор, — папярэджвае Ягор. — Можа здарыцца, што па дарозе едзе мала машын, затору быццам бы няма — але дарога вузкая, з ямамі, таму машыны едуць павольна. Некаторыя ўчасткі побач са святлафорамі таксама могуць афарбоўвацца ў чырвоны колер, нават калі рух не ўскладнены».

«Яндэкс» выкарыстоўвае 10-бальную сістэму ацэнкі пробак, дзе 10 — максімальная загружанасць дарог.

Умоўныя 7 балаў Мінска будуць кардынальна адрознівацца ад 7 балаў Масквы.

Гэта звязана з розным успрыманнем дарожнае сітуацыі карыстальнікамі ў розных гарадах. У Маскве, напрыклад, усе прывыклі да сапраўды павольнага трафіку: машын шмат, шчыльнасць руху надта вялікая і сярэдняя хуткасць досыць нізкая. Таму 10 балаў там ставіцца толькі ў тым выпадку, калі рух намёртва спынены.

Ці часта здараюцца 10-бальныя пробкі ў Мінску? «Гэта бывае вельмі рэдка, — кажа Ягор Цыганок.

— Звычайны максімум для Мінску — 8 балаў.

Увогуле дзесяцібальную сітуацыю мы называем «хутчэй пешшу», гэта значыць, што сапраўды хутчэй дайсці пешшу, чым стаяць у пробцы. У Мінску такіх сітуацый не бывае, бо нават пры самых вялікіх заторах перасоўвацца пешшу атрымліваецца ўсё адно павольней».

Супрацоўнікі сочаць за сітуацыяй на дарогах Мінска.

Папярэджанні пра камеры назірання

У Яндэкс.Карце і Яндэкс.Навігатары ёсць функцыя папярэджання пра камеры відэаназірання, якія ўсталяваныя на дарогах па шляху руху аўтамабіля.

Шмат хто кажа, што папярэджваць аб камерах на дарогах — гэта несумленна. Маўляў, навошта тады іх усталёўваюць? У самой кампаніі не падзяляюць такі пункт гледжання і маюць уласную думку.

«Камеры звычайна ўсталёўваюцца на аварыйна-небяспечных участках. Адпаведна, калі нашае папярэджанне аб тым, што наперадзе камера, прымусіць кіроўцу знізіць хуткасць і быць больш уважлівым, і, дзякуючы гэтаму, не здарыцца аварыі, то гэта азначае, што мы робім добрую справу.

 І тут нашыя мэты супадаюць з мэтамі ДАІ: галоўнае — гэта зніжэнне аварыйнасці, а не збор штрафаў», — запэўнівае нас Ягор.

Пра выкарыстанне Яндэксам беларускае мовы

Паколькі «Яндэкс» — кампанія расійская, якая стала транснацыянальнай. Відавочна, што ў кожнай краіне яна мае працаваць на мясцовых мовах. На беларускую мову перакладзеная пакуль толькі галоўная старонка пошуку і яшчэ некалькі сэрвісаў. Тыя ж Яндэкс.Карты беларускай версіі не маюць, а Яндэкс.Навігатар па-беларуску не размаўляе.

Па словах сп. Цыганка, кампанія праводзіць рэгулярны маніторынг усіх краін на патрэбу ў моўнай лакалізацыі:

«На жаль, у Беларусі патрэбы ў навігатары на беларускай мове пакуль не бачна. Але, калі яна ўзнікне, Яндэкс абавязкова прыме адпаведныя захады. Мы гатовыя падладжвацца пад любы рынак».

Кожны перамоўны пакой у мінскім офісе «Яндэкса» мае беларускую назву: «У нескладовае», «Белавежская пушча», «Хутка-смачна» і іншыя.

Патрэба ў моўнай лакалізацыі вызначаецца, у першую чаргу, колькасцю пошукавых запытаў на той ці іншай мове. У Беларусі доля запытаў у «Яндэкс» на беларускай мове складае каля 2—3%. Але дакладную лічбу вызначыць цяжка, бо калі некаторыя словы, уведзеныя ў радок пошуку, аднолькава пішуцца на дзвюх, а часам і на трох мовах — беларускай, украінскай, рускай — сістэме складана адразу зразумець, якая гэта мова з трох.

Пра супрацоўніцтва са спецслужбамі

Нядаўна стаў вядомы дакладны спіс дадзеных карыстальнікаў сацсетак, сайтаў і мэсэнджараў, якімі цікавіцца ФСБ Расіі. Мы запыталіся ў Наталлі Жураўлёвай, кіраўніцы прэс-службы Яндэкса ў Беларусі, як новы расійскі закон паўплывае на беларускіх карыстальнікаў сэрвісаў кампаніі.

Наталля Жураўлёва.

«На тэрыторыі ўсіх краін «Яндэкс» працуе ў адпаведнасці з іх заканадаўствам. Ніколі нічые дадзеныя не могуць быць прадастаўленыя без адпаведнага рашэння суда, — запэўнівае Наталля. — У «Яндэксе» няма ніякага спецыяльнага канала, па якім ФСБ магло б свабодна праглядаць усе дадзеныя карыстальнікаў і, тым больш, чытаць іх перапіску. Так, асобныя звесткі могуць быць прадастаўленыя. Але гэта можа адбыцца толькі ў тым выпадку, калі мы палічым гэта аргументаваным. Быў выпадак, калі нейкія дзяржорганы ў Расіі папрасілі даць пэўныя дадзеныя аднаго з карыстальнікаў электроннай пошты і нават прыйшлі з рашэннем суда, але юрысты кампаніі палічылі гэты запыт неаргументаваным і інфармацыю не выдалі. Потым на «Яндэкс» падалі ў суд, і кампанія гэты суд выйграла».

Між тым, па словах сп. Жураўлёвай, варта разумець, што калі гаворка ідзе пра карыстальніка пошуку, то пра яго кампанія не ведае практычна нічога, акрамя таго, які запыт быў зададзены з ягонага камп’ютара.

«Мы нават не ведаем, ці быў гэта рэальны чалавек, або ўсяго толькі котка па клавіятуры прабегла», — кажа Наталля.

Дарэчы, лакальныя офісы (якім з’яўляецца і офіс у Мінску) не валодаюць дадзенымі карыстальнікаў. Калі ўлады Беларусі захочуць атрымаць нейкую інфармацыю, ім прыйдзецца звярнуцца ў расійскае ТАА «Яндэкс»

з захаваннем усіх працэдур, прадугледжаных міжнароднымі нормамі, а таксама ўмовамі міжнародных пагадненняў паміж краінамі.

Гэтаксама як для атрымання інфармацыі пра карыстальнікаў сэрвісаў «Гугла» неабходна звяртацца ў офіс кампаніі ў Каліфорніі, спецыялісты якога будуць дзейнічаць у рамках законаў гэтага штата.

Каментары39

Дзядуля з Віцебска запосціў фота са скрынкай ад тэлевізара і стаў зоркай тыктоку. А яго сябар ператварыўся ў мем6

Дзядуля з Віцебска запосціў фота са скрынкай ад тэлевізара і стаў зоркай тыктоку. А яго сябар ператварыўся ў мем

Усе навіны →
Усе навіны

Расійскія Таганрог і Бранск падвергнуліся атацы2

Марафон рэпрэсій не спыняецца. Паказваем жахлівыя лічбы8

Спікер парламента Наталля Качанава разбіралася з ляхавіцкай маршруткай4

У Беларусі сёлета глядзелі порна з мілфамі, а ў Расіі — анальны сэкс25

Ва Украіне загінуў беларускі добраахвотнік Газ15

«Быццам наш горад, і не наш». Расійская нацыяналістка пабывала ў Гродне і не хавае абурэння40

Макрон збіраецца ў Польшчу для абмеркавання планаў міратворчай місіі ва Украіне5

«Афіцыйная пазіцыя камітэта — мы нікога не мяняем». Прадстаўнік КДБ расказаў пра перспектывы абмену зняволенымі10

Спецпрадстаўнік МЗС Польшчы па Беларусі не лічыць працэс атрымання польскіх візаў складаным і дарагім8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дзядуля з Віцебска запосціў фота са скрынкай ад тэлевізара і стаў зоркай тыктоку. А яго сябар ператварыўся ў мем6

Дзядуля з Віцебска запосціў фота са скрынкай ад тэлевізара і стаў зоркай тыктоку. А яго сябар ператварыўся ў мем

Галоўнае
Усе навіны →