Блогер і рэдактар сайта 1863х.соm Эдуард Пальчыс правёў уласнае расследаванне і выявіў факты, паводле якіх расійскія дэструктыўныя сілы спрабуюць падкупіць беларускіх журналістаў, каб трансляваць свой інфармацыйны парадак дня ў грамадства.
Пачалося ўсё з таго, што журналісту Уладзіміру Чудзянцову невядомыя прапанавалі размясціць на яго сайце навіну пра сустрэчу русафілаў у Віцебску («Наша Ніва» пісала пра тое, што на яе паклікалі неанацыста Сяргея Лушча і пасадзілі яго каля Алега Гайдукевіча).
Чытайце таксама: На дыялог прарасійскіх сіл запрасілі Гайдукевіча, «Гавары праўду» і неанацыста Лушча
Чудзянцоў даслаў гэтую інфармацыю Пальчысу.
Блогер праверыў публікацыі на тэму віцебскай сустрэчы ў СМІ і выявіў, што некаторыя дзяржаўныя і незалежныя медыя размяшчалі гэтую інфармацыю.
Пасля Пальчыс сам паспрабаваў «стаць» прарасійскім публіцыстам. Вось перапіска, якая атрымалася ў яго з «куратарам».
Пальчыс прыходзіць да высновы, што пасля гісторыі з затрыманнем ананімных (да пэўнага часу) аўтараў «Рэгнума», сілы з Усходу, зацікаўленыя ў дэстабілізацыі сітуацыі ў Беларусі, перайшлі да больш мэтавай і асцярожнай работы, падкупаючы канкрэтных людзей унутры краіны, якія гатовыя б былі прасоўваць іх ідэі на ўжо існуючых парталах.
У сацыяльных сетках іранізуюць, што памеры ганарараў могуць спакусіць толькі ўжо даўно «прададзеных».
Як узор прыводзіцца тэлеперсанаж АНТ Андрэй Лазуткін, тэксты якога публікуе партал, імаверна, створаны ў якасці яшчэ адной пляцоўкі для прасоўвання ідэй «рускага свету» — «Палітрынг».
За гэтым «Палітрынгам», імаверна, стаяць людзі, гатовыя плаціць за размяшчэнне прарасійскіх навінаў.
Чытайце таксама: Слаўгарадскі юрыст Агафонаў і мінскі ахоўнік Канстанцінаў заснавалі прарасійскую арганізацыю
Гэтая сітуацыя раней трапляла ў поле зроку «Нашай Нівы» — нам было вядома пра спробы подкупу буйных суполак «УКантакце», якім невядомыя прапаноўвалі перастаўляць за грошы публікацыі «Нашай Нівы» і «іншых рэсурсаў з супрацьлеглымі пазіцыямі». Адміністратары тады выйшлі з намі на сувязь, каб высветліць, ці насамрэч Рэдакцыя прапануе грошы за перастаўленне матэрыялаў, пасля гэтага тыя «эмісары» зніклі.
Тады мы зрабілі выснову, што гэта працэс «асваення» чарговых сродкаў з няясных крыніц, кшталту тых, якія фінансуюць малачытаныя сайты розных «імхаклабаў», «часныкоў» і «тэлескопаў» — на гэтых старонках рэтранслююць думкі, што без Расіі Беларусі не выжыць, а шэраг падзей унутры краіны інтэрпрэтуюць так, нібыта яны нясуць пагрозу для Расіі.
Гісторыя з хуткім выкрыццём чарговых інфармацыйных маніпулятараў паказвае, што прарасійскія сілы не здольныя, прынамсі пакуль што, на стварэнне ў Беларусі нейкага запатрабаванага ў грамадстве праекту, нават маючы грошы пад гэта.
Каментары