Каб захаваць беларускасць сыноў, Шэіны перавялі іх на хатняе навучанне
Першае, што кідаецца ў вочы, калі трапляеш у кватэру Шэіных — лабірынты кніжак.
Яны паўсюль: на паліцах, падлозе, сталах… Чытаць любяць усе члены сям’і: і гаспадыня Наталля, і дзеці. Старэйшы Якуб глытае іх залпам, а малыя Ян ды Сымон паціху падцягваюцца за братам. Аляксею як пісьменніку-пачаткоўцу без літаратуры ніяк. Шэсць гадоў таму ён канчаткова вырашыў адысці ад актыўнай палітычнай дзейнасці ў Хрысціянскай дэмакратыі, каб пагрузіцца ў майстэрства стварэння гісторый.
Нядаўна раман для падлеткаў «Сем камянёў», напісаны Аляксеем, атрымаў міжнародную прэмію Еўрапейскага таварыства навуковай фантастыкі як найлепшы літаратурны дэбют, а на сцэне РТБД паставілі спектакль па яго першай п’есе «1517» пра Францыска Скарыну. Цяпер ён рыхтуе адразу некалькі новых кніжак.
Пра іх будучы змест, былыя прыгоды, каханне, якое было не з першага, а з «сотага» погляду, ды хатняе навучанне дзяцей, Аляксей разам з жонкай Наталляй распавялі «Нашай Ніве».
«Мог стаць алкаголікам, але стаў пісьменнікам»
Аляксей рос у Гродне. У Мінск трапіў, як паступіў у Ліцэй БДУ. Пасля працягнуў навучанне на філфаку. Дарэчы, менавіта ў Ліцэі разам з сябрамі ён вырашыў перайсці на беларускую мову. Вось як сам Аляксей пра гэта ўспамінае: «Мне было 15, ішоў 1991 год, атмасфера перамен натхняла на многае. Разам з аднакласнікамі мы проста захацелі раз і назаўжды перайсці на мову: у мяне атрымалася зрабіць гэта за тры месяцы. Але
першы ўрок патрыятызму я атрымаў яшчэ ад маці. У школе нам неяк задалі пераклад з рускай на беларускую. Я падышоў да маці і спытаў: «Как по-ихнему будет пулемёт?». Яна мяне адразу асекла і аблаяла: «Якая іхняя? Гэта наша мова!». Пры тым што ў сям'і мы па-беларуску не размаўлялі, беларускую я чуў толькі ў Ракаве ў бабулі».
Студэнцкія гады ў хлопца былі насычаныя: Аляксей быў адным з заснавальнікаў «Маладога фронту». З паплечнікамі вывешваў бел-чырвона-белыя сцягі на дахі цэнтральных будынкаў, ладзіў акцыі. У нейкі момант на хвалі свабоднага жыцця без бацькоў пачаліся праблемы з алкаголем.
«Раз на два дні мне стабільна трэба было выпіць, сабрацца з нейкай кампаніяй. Аднойчы, вяртаючыся з філфака, я так і не дайшоў да інтэрната на Кастрычніцкай: па дарозе затрымалі. Прачнуўся ўжо ў выцвярэзніку. Яшчэ неяк, памятаю, быў не ў гуморы, мы ішлі кампаніяй праз паркоўку каля стадыёна «Дынама», і я пачаў рукой біць люстэркі на машынах, яна ўся скрываўленай стала. Ахоўнікі хутка схапілі, прыехала міліцыя — добра, што патрапіўся адэкватны міліцыянер, толькі грошы папрасіў аддаць уласнікам, хуліганку мне не прыпісалі. Як разумееце, актывісту «Маладога фронту» гэтыя гісторыі ніяк не пасавалі. Добра, што, калі паверыў у Бога, мне ўдалося перамагчы залежнасць: генетыка не даравала б працяг алкагольных гісторый».
Былы атэіст і бунтар — сёння вернік, бацька траіх дзяцей і пісьменнік. Кожны дзень Аляксей сядае за працоўны стол, каб напісаць мінімум 500 слоў для адной з будучых кніжак.
«Асноўны мой праект цяпер — раман-квэст па Беларусі. Па сюжэце школьнікі наведваюць розныя гарады, дзе шукаюць скарб. З дапамогай гэтай кніжкі, я спадзяюся, чытачы лепш пазнаёмяцца з геаграфіяй і гісторыяй нашай краіны. Акрамя гэтага, паралельна я працую над адным гістарычным прыгодніцкім падлеткавым раманам і кніжкай для дарослых», — дзеліцца гаспадар дома.
«Каханне напаткала праз 10 гадоў знаёмства»
Будучая жонка Аляксея Наталля таксама вучылася на філфаку: у іх быў курс розніцы.
І калі Аляксей дзяўчыну асабліва не заўважаў, то яна якраз наадварот: «Інакш і быць не магло: на філфаку хлопцы — рэдкасць. Добра калі тры на плынь было. Таму Аляксея я адразу запомніла: у белым швэдры, з даўгімі валасамі, барадой і «фенечкай» на руцэ».
Яна была упэўненая, што такім, як Аляксей, падабацца не можа: ён — творчы чалавек, яна — больш матэматык і практык. Ды і не да хлопчыкаў тады было: Наталлю куды больш цікавілі розныя адукацыйныя курсы, разам з чарнобыльскім фондам яна суправаджала беларускіх дзяцей у Італіі, рана пачала зарабляць грошы рэпетытарствам.
Пазнаёміліся яны ўжо ў пратэстанцкай царкве, куды ў 1997 годзе прыйшлі за пэўнымі жыццёвымі адказамі. Праўда, доўгі час толькі віталіся, не больш. А потым нейкім чароўным чынам Аляксей паглядзеў на Наталлю па-іншаму. «Ёсць каханне з першага погляду, а ў нас яно напаткала нас праз шмат такіх позіркаў», — Аляксей да гэтага часу сам не разумее, як спрацавала так званая хімія. Тлумачэнне таго, што яны пачалі сустракацца, мужчына знаходзіць яшчэ ў адным цікавым побытавым моманце:
«У «Маладым фронце» быў крызіс. З двух камп'ютараў, што мы мелі, адзін прыйшлося прадаць, каб аплаціць прыезд рэгіянальных лідараў на сустрэчы ў Мінск. А там яшчэ, здаецца, прэзідэнцкія выбары набліжаліся, 2001-ы год, улёткі трэба было друкаваць… І Наталля пазычыла нам 400 даляраў. На той момант гэта была нерэальная сума: працуючы навуковым супрацоўнікам музея Янкі Купалы, я атрымліваў 16 даляраў. Шмат часу мы не маглі гэтыя грошы вярнуць, а Наташа нават і не патрабавала — гэта шмат казала пра яе характар».
Каб каханне паспела, спатрэбілася 10 гадоў, амаль столькі ж Шэіны жывуць разам у статусе мужа і жонкі.
«Акцябраты, крычалкі, сцягі — хочацца трымаць сваіх дзяцей ад такога далей»
Дзецям Наталлі і Аляксея не прыходзіцца ўставаць рана, каб паспець своечасова прыйсці ў дзіцячы садок ды школу. Калі гэта не канікулы, то прачынаюцца яны а палове на дзявятую, ядуць, а пасля сядаюць за заняткі. Старэйшы Якуб разам з маці вучыцца, а меншыя, Ян ды Сымон, гледзячы на гэта, таксама выцягваюць свае сшыткі ды паўтараюць за настаўніцай, наколькі хапае вытрымкі. Наталля — сама выкладчыца, таму праблем з тлумачэннем курса пачатковай школы не адчувае. Дый у прынцыпе лічыць, што веды першых класаў сваім дзецям могуць перадаць нават тыя людзі, якія скончылі толькі сярэднюю школу.
«Мы пайшлі на гэты крок, каб выхоўваць сыноў у беларускім асяроддзі. У школе бываем толькі раз на чвэрць, каб здаць прамежкавы кантроль, атрымаць атэстацыю ва ўсіх настаўнікаў. Шмат падручнікаў, метадычнай літаратуры, дапаможнікаў сёння можна знайсці ў адкрытым доступе, таму новыя веды — гэта не праблема. Кніжак на беларускай мове, канечне, не хапае — чытаем розныя. Мульцікі дадаём то на ўкраінскай, то на польскай, то на англійскай», — расказвае галоўны арганізатар вучэбнага працэсу Наталля. І працягвае:
«У нас шмат хто пытае пра сацыялізацыю. На наш погляд, калі ты ў школе цягам 11 гадоў замкнёны ў адзін калектыў, таксама складана належнай сацыялізацыі дасягнуць. Яшчэ цяжэй гэта зрабіць, калі трапляеш пад нейкую марку. Напрыклад, цябе аднойчы палічылі хвасцістам — значыцца, ты ўвесь час павінен сядзець на апошняй лаўцы і плявацца. З прылепленым цэтлікам прыходзіцца ўжывацца, хочаш ты таго ці не. У мяне быў ярлык выдатніцы: і паспрабуй тут толькі не вывучыць урок ці прыйсці на дыскатэку — на мяне адразу глядзелі, як на нешта звышнатуральнае».
Адзіным масавым мерапрыемствам, якое Якуб наведаў у школе, была рэпетыцыя лінейкі. Акцябраты, піянеры, крычалкі, сцягі — пасля ўбачанага бацькі вырашылі трымаць сваіх дзяцей ад такіх падзей далей.
Не трэба думаць, што дзеці Шэіных зусім не пакідаюць межы кватэры: яны разам са сваімі сябрамі наведваюць беларускамоўныя заняткі, якія арганізоўваюць самі бацькі мінскіх дзяцей, што вучацца дома. Гэта англійская мова, навука, хор, мастацтва, тэатральны гурток… Канечне, калі сыны трапляюць у краму ці гуляюць з аднагодкамі ў двары, прыходзіцца штораз тлумачыць, чаму людзі навокал размаўляюць не так, як у іх сям’і.
«Мы кажам дзецям, што беларуская — іх родная мова, і вучым яе любіць. Наш уласны прыклад і прыклад нашых сяброў — гэта пакуль што дастатковая для дзяцей матывацыя, каб захоўваць беларускамоўнасць, хаця ў падлеткавым узросце могуць узнікнуць праблемы, мы гэтага не выключаем», — дзеляцца муж з жонкай.
У будучыні яны хочуць паспрабаваць выкладаць дома і праграму для старэйшых класаў: арганізаваць вучэбны працэс такім чынам, каб бацькі сяброў, якія разбіраюцца ў матэматыцы, чыталі гэты курс, географы — свой прадмет і гэтак далей.
Каментары