Улада1616

Мікалай Аўтуховіч: Беларусам перадусім трэба поўная канспірацыя!

Мы сустрэліся з Мікалаем, каб распытаць пра сталічнае жыццё ды дазнацца пра планы на бліжэйшую будучыню, бо такі чалавек, як ён, ніколі не сядзіць на месцы без дзеянняў.

Па біяграфіі Міколы Аўтуховіча даўно можна было б стварыць серыял. Успомнім яе коратка.

Мікола Аўтуховіч.

Рос без бацькі, служыў у Афганістане, адкуль вярнуўся з ордэнам «Чырвонай зоркі» і двума баявымі медалямі. Пасля з нуля стварыў бізнэс: яго таксі «22222» у родным Ваўкавыску ведалі ўсе. Шчасце было нядоўгім: у 2003-м годзе ён, як сцвярджае, не пагадзіўся плаціць грошы ў кішэню падаткавікоў. Тыя, лічыць ён, адпомсцілі: некалькі гадоў запар ішлі пастаянныя праверкі бізнэсу. Як супраціў гэтаму было вырашана выкарыстоўваць забастоўкі і агульныя галадоўкі. Разам з Аўтуховічам галадалі больш за 30 чалавек, і ўлады нават ішлі на саступкі.

У 2004 годзе Мікола балатаваўся ў Палату прадстаўнікоў па сваім рэгіёне, і меў вялізную падтрымку насельніцтва, але хутка на яго надзелі кайданкі. Суд прызнаў Аўтуховіча вінаватым ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, а таксама ў ажыццяўленні прадпрымальніцкай дзейнасці без рэгістрацыі і атрымання ліцэнзіі.

Не паспеў ён выйсці на волю ў 2008-м, як хутка яго асудзілі яшчэ на 5 гадоў і 2 месяцы зняволення паводле артыкула «Незаконныя дзеянні адносна агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў». Спадар Мікола да гэтага часу лічыць, што абедзве справы сфабрыкавалі. Што тычыцца другой, спачатку яго нібыта падазравалі ў падрыхтоўцы падпалу хат начальнікаў турмы і падатковай інспекцыі. У судзе гэта не пацвердзілася, але пасля ператрусу ў яго дома знайшлі пяць патронаў, якія чамусьці ніхто не заўважыў падчас першай канфіскацыі зброі.

Больш за год ён, у асноўным, знаходзіцца ў Мінску. Дачка Каця выйшла замуж і жыве ў Польшчы. За домам і трыма сабакамі ў Ваўкавыску прыглядаюць іншыя людзі.

«Наша Ніва»: Дык як вам Мінск і чым вы тут зараз займаецеся?

Мікола Аўтуховіч: У Мінску я часта бываў і раней, бо бізнэс патрабаваў розных камандзіровак, таму добра яго ведаю і арыентуюся. Працую, дапамагаю тым, каму гэта патрэбна. Шмат езджу па рэгіёнах.

Калі я выйшаў з турмы, да мяне ляцеў шквал лістоў ад зняволеных, знаёмых і не, з просьбамі дапамагчы. Андрэя Бандарэнку пасадзілі, і трэба было ствараць нешта, што б стала альтэрнатывай яго праваабарончай установе «Платформа-інавэйшн», якая ўжо не працавала. Бо арганізацыя «Рэгіён-119», якую стварылі былыя паплечнікі Бандарэнкі і якія мелі намер працягваць займацца абаронай правоў зняволеных, на мой погляд, дамовіліся з МУС. Праблемы асуджанных іх цікавілі ў апошнюю чаргу. Чаго толькі вартая заява кіраўніцы гэтай арганізацыі пра тое, што ўмовы ўтрымання асуджанных у калоніях і турмах Беларусі палепшалі і сталі падобныя да армейскіх. Я вызваўся тады арганізаваць новую ўстанову, і хутка свет пабачыла арганізацыя «ТаймАкт» на чале з Васілём Завадскім, якая цяпер займаецца абаронай правоў зняволеных.

У дадзены момант мы ўшчыльную працуем па справе вучня Даната Скакуна, якога прыгаварылі да 8 гадоў пазбаўлення волі за напад на настаўніка рускай мовы. Мы ўпэўнены, што гэты хлопчык гэтага не рабіў. Сёння я не спаў да чатырох гадзін ночы, вывучаў дакументы па тэме. Там шмат пытанняў, на якія грамадскаць хоча атрымаць адказ.

Працягваю я і прафсаюзную дзейнасць, аб’ехаў шмат беларускіх гарадоў. Магу адзначыць, што менавіта ў правінцыі пратэставыя настроі моцныя, але людзей там хутка запалохваюць. На жаль, у Беларусі нам два разы адмовілі ў рэгістрацыі нашага грамадскага аб’яднання. Прыйшлося афіцыйна афармляць яго як «Камітэт Салідарнасці» ў Літве.

«НН»: А калі параўноўваць жыццё ў сталіцы з Ваўкавыскам?

МА: Мінск — вялікі горад. Тут немагчыма вырашыць некалькі пытанняў за дзень. А Ваўкавыск я за суткі аб’язджаў разоў 10 і рабіў нават больш за тое, што запланаваў. Але людзі ў правінцыі жывуць бедна. 

«НН»: Адкуль у вас бяруцца сілы рабіць нешта пасля ўсяго, што адбылося?

МА: Я ніколі не апускаю рук і ўвогуле нейкі фартовы: падчас службы ў Афгане мог некалькі разоў загінуць. Два з іх жыццё наўпрост прабягала перад вачыма. У трэцім выпадку мяне знесла выбуховай хваляй — уся тэхніка вакол была ў асколках, а я ўцалеў. Не ведаю, чаму мне так шанцуе. Можа, таму што нарадзіўся 7 студзеня?

У турме ж мне дадавала моцы думка пра тое, што я выйду і даб’юся справядлівасці. Яшчэ ў 2004-м, калі балатаваўся ў парламент, мне абралі лозунг, з якім я ішоў па жыцці: гаварыць праўду і не праходзіць міма зла. Я ўсе гады яго прытрымліваюся. І ў дзяцінстве таксама, бо гадаваўся вуліцай, пакуль маці зарабляла грошы. Для хлопцаў з мясцовага шанхая ўменне адказваць за свае словы было галоўнай рысай характару. Мая пазіцыя не змянілася і калі я пачаў займацца бізнэсам. Я ж мог лёгка адкупіцца ад новага мэра Ваўкавыска, які не паспеў заняць новую пасаду, а ўжо хацеў выкарыстаць гэта ў асабістых мэтах: намякаў, што яго жонка не адмовілася б ад новай машыны. Хочаце — зарабіце.

Я, каб чагосьці дасягнуць, днямі і начамі працаваў цягам 10 гадоў, без адпачынкаў. А чыноўнік проста прыходзіць і патрабуе — мяне гэта дзіка раздражняла. З таго моманту, як мы не дагаварыліся, мне ўжо спакою не давалі.

«НН»: І як вы збіраецеся дамагацца так званай справядлівасці?

МА: Планы ёсць і мы працуем над гэтым. Рабіць нейкія змены ў краіне з шашкай супраць танка нельга: вы ж самі бачылі, як хутка ў нас выдаляюць з арэны тых, хто ўзваліў на сябе лідарскія ці нават арганізатарскія абавязкі. Беларусам трэба рыхтавацца да пераменаў так, каб аб гэтым не было вядома сілавікам. Поўная канспірацыя. Тады гэты рэжым не зможа нічога кантраляваць, змагацца прыйдзецца з ветракамі. Галоўнае, каб людзі згубілі страх. А чыноўнікі ад ўлады баяліся парушаць Канстытуцыю: хай проста выконваюць свае абавязкі, не больш.

«НН»: А вы бачыце на сённяшняй палітычнай арэне сапраўдных лідараў?

МА: Мне вельмі не даспадобы пра гэта казаць, можа зразумееце самі, чаму. Ёсць шмат разумных і годных людзей. Справа цяпер не ў агульным лідары, бо гэта працуе не на карысць народа. У некаторых атрымліваецца агітаваць народ на акцыі, якія толькі дапамагаюць існаваць рэжыму далей, не больш за тое. Каб у нас атрымаліся перамены, трэба зрабіць не менш за 10 крокаў да гэтага. Калі іх не будзе, нічога не атрымаецца.

«НН»: А сябе вы ў такой ролі не бачыце?

МА: Я ж невук (смяецца)! У нейкіх важных рэчах магу дапамагчы з кіраваннем і арганізаціяй, але, каб пастаянна стаць на чале — не ведаю, ці дам рады. Да ўсяго іншага я проста не дыпламат: заўсёды праўду ў твар кажу.

Увогуле ж, трэба вучыцца працаваць і аб’ядноўвацца без нацыянальных лідараў. У рэгіёнах павінны быць свае каманды. Калі аднаго затрымалі, каб працэсы не спыняліся, толькі адказнасць перакладалася на наступнага.

«НН»: Моцна адгукаюцца балячкі, заробленыя ў турмах?

МА: Да турмы я ўвогуле быў амаль здаровы чалавек! Калі не лічыць хранічны гепатыт, які са мной з часоў службы ў Афганістане. Пасля галадовак за кратамі ў мяне павыпадалі зубы. Ды там і ў ежы камень мог лёгка трапіцца, вітамінаў ніякіх. У кіёсках садавіны ніколі не было: толькі калі шум на гэтую тэму падняў, памятаю, яблыкі прывезлі.

У першыя дні на свабодзе руку я назад не мог закінуць — праблема з суставамі яшчэ адна з тых, што нажыў. Калі спіш у ШЫЗА на падлозе, няма чым накрыцца — усё цела потым баліць. Адзінае, на што не магу паскардзіцца, — сон. Я магу засынаць за некалькі секунд у любых умовах.

«НН»: Пра негатыўныя наступствы зняволення зразумела, а ці можаце назваць нешта, што вы не страцілі, а наадварот — набылі там?

МА: Я пазнаёміўся са столькімі цікавымі людзьмі! Напрыклад, з тым жа Васілём Завадскім. Ён працаваў начальнікам медслужбы Дэпартамента выканання пакаранняў МУС, калі мяне прывезлі ў Гродзенскую калонію пасля галадоўкі. Я адразу звярнуў на яго ўвагу: размаўляў па-беларуску, кожную раніцу прыносіў мне ваду. Нават на такой службе ён заставаўся чалавекам і дапамагаў зняволеным. Менавіта ў калоніі я сам пачаў размаўляць па-беларуску, бо там шмат хто ўжываў мову. Мы з імі былі адной камандай.

Адначасова з гэтым я пазнаў шмат паганых людзей, даведаўся, чаго ад іх варта чакаць. Можна сказаць, што турма зрабіла з мяне і добрага псіхолага: з лёгкасцю магу вызначыць, што за асоба перад мной, толькі паглядзеўшы на яе. Жыццё за кратамі — гэта ўніверсітэт жыцця.

«НН»: Вы ўжо трэці год на волі. Але ці адчуваеце сябе вольным чалавекам?

МА: Хаджу заўсёды з аглядкамі… На жаль, адчуваў сябе расслаблена толькі за мяжой: як птушка ў паветры. Праўда, там быў апошні раз у 2005 годзе: па сённяшні дзень я невыязны з краіны.

На радзіме адчуванне свабоды апошні раз было, відаць, калі бізнэс толькі-толькі ў гару пайшоў. Гэта ўжо 20 гадоў мінула.

Мне некалькі разоў прапаноўвалі з’ехаць, але гэта не ў маім характары. 

«НН»: Усе гэтыя выпрабаванні разам з вамі раздзяліла жонка. Пашанцавала вам з выбранніцай, відаць…

МА: Алена «капала» мне на мазгі нейкі час. І калі грошы пазычаў тым, хто шчыра прасіў дапамагчы, і калі палітыкай толькі пачаў цікавіцца… Але, як я ўжо казаў, у мяне такі характар. За гады жыцця мы адзін да аднаго прывыклі і пазбягаем сварак. Дарэчы, упершыню я ўбачыў яе пры вельмі цікавых абставінах: калі ад’язджаў у Афган, яна працавала ў салоне фатографам, і зрабіла мне фотаздымак для замежнага пашпарта. Пазнаёміліся мы ўжо, калі я вярнуўся на дні нараджэння супольных знаёмых.

«НН»: Можа, параіце нешта тым, хто сёння знаходзіцца за кратамі?

МА: Каб вытрымаць усё гэта, павінна быць вера і нейкая мэта. Інакш можа дах паехаць. Ну, і важна нават ў нечалавечых умовах заставацца чалавекам. Зламацца і стаць тым, хто супрацоўнічае з паскуднымі людзьмі, ці ў казла ператварыцца, вельмі проста. Памятайце, нават за кратамі вы не рабы. І калі не хочаце імі быць, нельга працаваць там на рэжым за некалькі пачкаў цыгарэт у месяц. Я ні секунды гэтага не рабіў, адразу адмовіўся, бо ні ў чым сябе вінаватым не лічыў. Мне там нават мянушку далі следчыя — Чэ Гевара. Трэба трымаць гонар. Гэта складана, але магчыма.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары16

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»17

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»

Усе навіны →
Усе навіны

Зяленскі пазбавіў звання заслужанай артысткі спявачку, з якой спяваў Лукашэнка10

Жонка Верамейчыка: Паспеў напісаць дачцэ адно слова — дэпартацыя1

У Беларусі забаранілі маркіза дэ Сада і гісторыю Беларусі19

Расія з сакавіка паставіла Паўночнай Карэі мільён барэляў нафты — гэта ў 10 разоў больш, чым афіцыйна летась1

«Белавія» праводзіць распродаж квіткоў. Што можна ўзяць па акцыі?

Лукашэнка прапанаваў вярнуць Лінгвістычнаму ўніверсітэту ранейшую назву32

Пачаўся суд над кіраўніком ліквідаванай партыі «Зялёныя» Дзмітрыем Кучуком

Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы: Знаходжанне Верамейчыка на тэрыторыі краіны ўяўляла пагрозу нацыянальнай бяспецы38

Гайдукевіч сцвярджае, што сабраў 100 тысяч подпісаў11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»17

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»

Галоўнае
Усе навіны →