БХД і «Гавары праўду» паспрачаліся пра аўтарства зоркі на эмблемах арганізацый
Сустаршыня «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі» Віталь Рымашэўскі абвінавачвае грамадскае аб'яднанне «Гавары праўду» ў крадзяжы лагатыпу. На пячатцы ГП выяўлена васьміканцовая зорка. Гэты ж сімвал ужо больш за 10 гадоў выкарыстоўвае БХД.
Рымашэўскі сцвярджае, што сімволіка хрысціянскіх дэмакратаў «эксклюзіўная, бо замаўлялася канкрэтнаму дызайнеру. І у такім выкананні нідзе, апроч як партыяй БХД, не выкарыстоўвалася». А ў «Гавары праўду», «відаць, з крэатывам зусім стала кепска».
Сустаршыня ГП Таццяна Караткевіч у размове з Еўрарадыё абвяргае абвінавачанні:
«Гэта не лагатып «Гавары праўду», а проста пячатка. Калі ты яе замаўляеш, табе прапаноўваюць варыянты. І ты выбіраеш. Гэта прыдумляюць у самой фірме, там над гэтым працуюць дызайнеры».
Па словах Таццяны Караткевіч, «Гавары праўду» толькі распачынае распрацоўку сваіх сімвалаў. Нядаўна кампанія атрымала рэгістрацыю ў Мінюсце, таму неўзабаве яе чакае рэбрэндынг.
Спрэчкі наконт сімволікі сустаршыня ГП лічыць абсалютна лішнімі.
«Так можна і «Пагоню» прыватызаваць. І крычаць: «Не, гэта наша!» Гэта такі местачковы падыход. А трэба думаць глабальна: чым больш будзе беларускай сімволікі, тым больш яна будзе пранікаць туды, дзе яе зараз няма».
Крыху пазней Віталю Рымашэўскаму адказаў яшчэ адзін кіраўнік «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў
«Гэты сімвал быў у адкрытым каталозе прадпрыемства «Сальвіна», што робіць пячаткі. Таму наконт «эксклюзіўнай апрацоўкі» казаць недарэчна. З усіх магчымых малюнкаў толькі два было нацыянальныя: зорка і арнамент з дзяржаўнага сцяга. Зразумела, мы выбралі зорку, якая для нас найперш нацыянальны сімвал, а не партыйны. Даруй, пра БХД мы нават не ўзгадалі — думалі глыбей».
Пасля гэтага каментару Рымашэўскі прынёс «Гавары праўду» прабачэнні.
Каментары