«Адрэагуем вельмі жорстка»: «Юністар» пакарае вядучага, які прызнаўся ў агідзе да беларускай мовы
Шоўмэн і радыёвядучы Канстанцін Каверын днямі справакаваў хвалю абурэння ў сацыяльных сетках, прызнаўшыся, што адчувае агіду да беларускай мовы.
Прычынай ён назваў кепскія адносіны са школьнымі і ўніверсітэцкімі выкладчыкамі.
Праўда, гэтым справа не скончылася — у абмеркаваннях свайго допіса ў фэйсбуку Каверын дазваляў сабе даволі фрывольныя фразы ў дачыненні людзей, якія абаранялі супрацьлеглую пазіцыю.
Адзін з іх — актывіст БХД Дзяніс Садоўскі — звярнуўся на радыё «Юністар», дзе працуе Каверын, з просьбай разабрацца ў сітуацыі.
«Рэдакцыя нясе поўную адказнасць за тое, што выказваецца вядучым у эфіры, а таксама на па-за эфірных мерапрыемствах радыёстанцыі. А старонка ў сацсетках з'яўляецца яго асабістай прасторай, і меркаванне, агучанае Канстанцінам у фэйсбуку, можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі (што і адбылося ў гэты раз), — адказалі яму з «Юністар».
— Мы лічым недапушчальным хамства ў адносінах да іншых карыстальнікаў сацыяльнай сеткі. Паводзіны вядучага ацэнены як непрымальныя. Мы прынялі захады, Канстанцін пакараны».
Якім чынам пакаралі вядучага?
Сам ён не адказаў на пытанне «Нашай Нівы», сказаўшы, што гэтая сітуацыя яму абрыдла і ён не хоча пра яе гаварыць.
Больш разгорнуты каментар даў праграмны дырэктар радыё «Юністар» Аляксандр Налівайка:
«У нас была вялікая размова з Канстанцінам, літаральна раніцай. Канчатковыя захады мы будзем прымаць жорсткія, і датычаць яны ў першую чаргу яго рэакцыі на каменты, якія ўзніклі пад допісам. Я кажу пра не вельмі этычную рэакцыю на людзей, якія выказвалі свае думкі. А што да самога допіса Канстанціна, то добра калі хоць палова каментатараў дачыталі да канца, дзе пачынаецца пра Горвата. Фактычна там допіс не пра мову, а пра адносіны вучняў і настаўнікаў».
Налівайка запэўніў, што ў эфіры «Юністар» былі і застаюцца беларускамоўныя кампазіцыі.
Каментары