Меркаванні127127

Шоўмэн Канстанцін Каверын: Прычыны маёй агіды да беларускай мовы — выкладчыкі і кніга па гісторыі Беларусі за пяты клас

Шоўмэн, радыёвядучы «Юністар», дыктар на матчах БАТЭ Канстанцін Каверын патлумачыў прычыны сваёй «агіды да беларускай мовы» і высока адзначыў унёсак Андруся Горвата ў папулярызацыю беларускай мовы.

Я часам задумваюся: чаму ў мяне столькі агіды да беларускай мовы? Чаму я баюся размаўляць на ёй? Учора засынаў і неяк само сабой сфармулявалася. Мая агіда да мовы — сума дзвюх з'яў: выкладчыкі + кніга па гісторыі Беларусі за пяты клас (бел-чырвона-белы, з «Пагоняй», без малюнкаў, так?).

Мяне да гэтага часу кідае ў дрыжыкі, калі ўспамінаю, як стаяў ля дошкі на ўроку беларускай мовы і баяўся ляпнуць лішняе слова, бо ледзь не за кожны русізм — мінус бал. Цяпер, калі я спрабую ўявіць сябе ў той сітуацыі, мне ўсё бліжэйшая думка, што настаўніца — маленькая круглая жанчына з завіўкай — атрымлівала задавальненне ад дзіцячых пакут. Яна не хацела, каб я ведаў беларускую мову. Яна хацела, каб за няведанне я атрымліваў двойкі і, магчыма, каб гэта стымулявала маю цікавасць да прадмета. Ці трэба казаць, што гэта быў дурны выкладчык?

А горш за ўсё прыйшлося мне, калі я добранька падрыхтаваўся да ўрока. Адказ быў бліскучы. Было і кантрольнае пытанне з падвохам. І на яго я адказаў. Была нейкая памылка — нешта тэхнічнае, нязначнае. Я нават не спалохаўся, бо разумеў — не галоўнае. Яна ўсміхнулася і сказала: «Чацвёрка» (здаецца, з таго дня я ненавіджу гэтае слова — менавіта беларускае слова «чацвёрка»). Яна сказала гэта і спытала: «Згодны?» Я адказаў, што вырашаць ёй, а сам быў упэўнены, што яна жартуе, таму што задаволеная маім адказам настолькі, што нават настрой у яе з'явіўся і ўсё такое. Але яна вывела «чацвёрку»… Гэта быў канчатковы і бясспрэчны гамон. Дома я нават не разуўся — памятаю, сядзеў на крэсле ў калідоры і плакаў. Быў снежань, і з маіх новых чаравікаў вельмі ў тэмы сцякаў расталы снег. А я ўсё румзаў і думаў: як гэта так, бо і адказ, і чаравікі новыя, і Каляды…

Поўную супрацьлегласць гэтай жанчыне я сустрэў у ВНУ. Выкладчык быў разумны, харызматычны, фанабэрлівы. Я атрымліваў прахадныя балы выключна таму, што ён ставіўся да мяне з паблажлівасцю. Нават як бы не заўважаючы. Якая там мова — гэтаму? — нібы б думаў ён. — Хто гэта наогул такі, каб з ім размаўляць? Трымайце тройку. Па дзесяцібальнай, зразумела. І не мільгаціце перад прафесарам. Так, гэта была паблажка — адна з вытанчаных формаў пагарды. І калі ў школе я проста ненавідзеў беларускую, то ў ВНУ дадаўся яшчэ і сорам.

А яшчэ ў інстытуце была ў мяне выкладчыца, якая, верагодна, і па сёння валодае неймаверным талентам — каго заўгодна раз і назаўжды адбіць ахвоту да беларускай літаратуры. Яна не вучыла разважаць. Яна хацела, каб я чытаў. Чытаў і затым пераказваў бы ёй усё тое лайно, якое было ў яе смярдзючым аркушы (гэта называўся спіс літаратуры). Мне пашанцавала. Ці не адзіны твор, які прачытаў я з таго пераліку, — «Млечны шлях» Чорнага — трапіўся ў маім білеце. Я кінуўся ў словаблудства і дагаварыўся да таго, што параўнаў некаторыя фрагменты рамана Чорнага з тым, што было напісана калісьці Вірджыніяй Вульф (не памятаю, з якой яе кнігай я параўноўваў гэта. Ды і не важна! Думаю, калі хто-небудзь калі-небудзь яшчэ раз адшукае падабенства ў творчых метадах гэтых двух пісьменнікаў, яго неадкладна адзенуць у спецыяльную кашулю з доўгімі рукавамі і павязуць на абследаванне). Адным словам, я атрымаў дзесяць.

Усе гэтыя годныя выкладчыкі (а я ўпэўнены, што на свеце ёсць куча людзей, якія ўдзячныя ім і любяць іх, я пішу тут выключна пра сябе і мае асабістыя ўзаемаадносіны з імі — гэта значыць, ніякай аб'ектыўнасці) дамагліся свайго. Мая мова — руская. Я кажу пра гэта з вялікім шкадаваннем, бо я хацеў бы свабодна гаварыць па-беларуску. Я хацеў бы падтрымаць гутарку, калі вакол раптам загавораць на гэтай мове. Я хацеў бы лёгка і проста чытаць на ёй. Але не магу. Гэта як дакрануцца да павука, калі ў цябе арахнафобія — ведаеш, што нічога страшнага не здарыцца, а не можаш.

Але і сёння — на гэтым цудоўным інтэлігенцкім уздыме нацыянальнай свядомасці — я са шкадаваннем адзначаю, што ўсё ж такі рэдка сустракаю такіх людзей, як Андрусік наш Іванавіч Горват. Так, той самы. Перад ім хачу зняць капялюш. Узімку, калі мне пашчасціла падвезці яго, я вельмі саромеўся, пераходзячы ў зносінах з ім на беларускую. І кожны раз прасіў прабачэння, калі не мог падабраць слова. А ён махаў рукой і ўсім сваім выглядам паказваў: мне пофігу, як ты размаўляеш. Я правёў з ім дзесяць ці пятнаццаць хвілін, але пасля гэтых хвілін мне думалася — па-беларуску. Ён не смяяўся, не папраўляў, я адчуваў побач з ім, што беларуская — гэта і мая мова таксама, што я маю права карыстацца ёю сапраўды гэтак жа, як і ён, і, больш за тое, называючы прадметы і з'явы, я маю права памыляцца, можа, гэта горватаўскі магнетызм? Мне ўсё ж хочацца думаць, што не. Звычайны чалавечы розум. І нават мудрасць, калі заўгодна.

Цяпер я вучу Паліну ездзіць на ровары. І лаўлю сябе на думцы, што раздражняюся, калі яна не едзе так, як мне хочацца. І тут жа душу ў сабе гэта раздражненне, паколькі ведаю, што гэта не прывядзе да выніку. Наадварот, я хвалю яе, калі ў яе больш ці менш атрымліваецца. Таму што ўпэўнены, што язда на ровары — задавальненне, а не абавязковае ўменне, якім павінна валодаць кожнае дзіця. Прыблізна тое ж — з мовай. А Горват — адзіны пасля Караткевіча, хто даказаў асабіста мне: беларуская мова — гэта задавальненне.

Аднойчы мой добры сябар сказаў, што адзін Горват для беларускай мовы за год зрабіў больш, чым уся наша прафесура — за дзесяцігоддзі. Мне застаецца толькі дадаць: вельмі шкада, што ў нас — толькі адзін Горват.

Апытанка

Каментары127

Судзяць гендырэктара БелАЗа. Пагражае да 15 гадоў9

Судзяць гендырэктара БелАЗа. Пагражае да 15 гадоў

Усе навіны →
Усе навіны

На Беларускай чыгунцы затрымалі яшчэ аднаго грамадзяніна Японіі4

COVID-19 — хутчэй за ўсё, лабараторнага паходжання. Сенсацыйны вынік расследавання55

Мінздароўя: Тарыфы на платныя прыёмы дактароў-спецыялістаў абмяжуюць для ўсіх юрасобаў1

Гадзіннік смерці: новая мабільная праграма прадказвае час вашай смерці5

Ва Уздзе вырасцілі здаравенны гарбуз незвычайнай формы7

Беларусы адкрылі ў Польшчы аўтасэрвіс з запамінальнай назвай5

Як выглядае і колькі каштуе самае дарагое лецішча ў Беларусі2

Трамп прапанаваў Канадзе ўвайсці ў склад ЗША25

Гродзенскім студэнтам на экскурсіі ў турме расказалі пра «самыя камфартабельныя ўмовы»2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Судзяць гендырэктара БелАЗа. Пагражае да 15 гадоў9

Судзяць гендырэктара БелАЗа. Пагражае да 15 гадоў

Галоўнае
Усе навіны →