У Мінскім гарадскім судзе далі паказанні бацькі Улада Казакевіча — хлопца, які прыйшоў у гандлёвы цэнтр «Новая Еўропа» з бензапілой ды сякерай і забіў жанчыну.
Першай выслухалі Вольгу Мажэйка — маці Улада.
«Заўсёды былі добрыя ўзаемаадносіны. Ён добра вучыцца, займаецца спортам, дапамагае бацькам… Я яго люблю, выхоўваю з любоўю», — сказала жанчына.
7 сакавіка 2014 года яна выйшла замуж за грамадзяніна Германіі.
«Самы цяжкі для мяне быў перыяд, калі Улад быў у бальніцы — у 2014 годзе… Усё гэта [спробы і думкі пра самагубства] было шокам, вялікім стрэсам для мяне. Ён стаў вельмі закрыты — гэта мяне пужае. Але я заўсёды лічыла, што гэта яго асаблівасць характару. Любіць яго я менш не стала».
Жанчына расказала, што з хлопцам заўсёды можна было пагаварыць, калі ён быў не згодзен, аргументаваў сваю пазіцыю.
Па словах жанчыны, Казакевіч не паспеў здзейсніць тую спробу самагубства ў гаражы, пра якую казаў раней. Маці нібыта атрымала паведамленне ад настаўніцы, што Улад даслаў дзіўную смс, і на таксі паехала шукаць сына. Знайшла Улада ля таго гаража. Тым часам бацька выклікаў міліцыю — спадзяваліся, што сына «запеленгуюць» па сігнале мабільнага. Міліцыя, якая прыехала, забрала хлопца ў пастарунак, там з ім доўга гаварылі. Пасля Вольгу пераканалі, што сына варта шпіталізаваць. «Міліцыянт сказаў: я сына вам не аддам, вы зараз з ім не паладзіце», — узгадала Мажэйка. — Міліцыянт абгрунтаваў гэта — і я пагадзілася».
Пасля выпіскі Улада перавялі ў іншую школу. «Мне здавалася, што ўсё стала добра», — кажа Мажэйка.
У мінулай школе класны кіраўнік, настаўніца біялогіі, увесь час чаплялася да сына, сцвярджае маці. Улад быў вінаваты ва ўсім: штосьці прапала, штосьці зламалі…
«Аднойчы Улад здаў лабараторную… Там быў чысты аркуш і паведамленне, што работа напісана нябачным чарнілам. Быў грандыёзны скандал», — узгадвае маці.
Але ў 2015 годзе Улад стаў яшчэ больш замкнёным. Ён разышоўся з дзяўчынай, маці лічыць, што гэта вельмі паўплывала на хлопца.
«Але з сынам мы заўсёды былі разам. Мы жылі разам. Я з’язджала максімум на тыдзень, і тое толькі цягам 2016 года. 6 верасня я паехала ў Германію. Улад ведаў, што я прыеду 9 кастрычніка [трагедыя адбылася 8 кастрычніка]. Ён жа дастаткова дарослы. І заўсёды мог прыгледзець за сабой», — распавяла Вольга Мажэйка.
20 верасня ў Германію паехала і сястра Улада. Хлопец застаўся ў кватэры адзін.
За дзень да яе вяртання Вользе пазваніў Валянцін Казакевіч, бацька Улада, і распавёў пра здарэнне ў гандлёвым цэнтры.
Падчас дачы паказанняў маці амаль не глядзела на сына. Улад на маці глядзеў, часам здавалася, што ён вось-вось заплача — але гэтага так і не адбылося.
Пасля дачы паказанняў суддзя прапанаваў Вользе Мажэйка застацца ў зале, калі яна хоча. Жанчына выйшла.
Наступным выслухалі Валянціна Казакевіча — бацьку.
Ён таксама сказаў, што быў з сынам у выдатных адносінах. Бацька паўтарыў версію маці, пра тое, што настаўніца занадта чаплялася да яго сына.
«У іх псіхалагічная несумяшчальнасць», — падсумаваў мужчына.
Але сам хлопец на настаўніцу не скардзіўся.
«Улад ніколі ні на што не скардзіўся, не расказваў пра праблемы. Казаў толькі: усё нармальна, усё добра, — паціснуў плячыма бацька.
Казакевіч-старэйшы падтрымаў ідэю сына зняцца з уліку ў дыспансеры.
«Колькі мы туды ездзілі… Я не бачыў, каб з боку медыкаў штосьці адбывалася адносна здароўя сына. Зайшлі, праз 10 хвілін выйшлі. І ўсё. І таму натуральна, што ён тую заяву напісаў», — сказаў Валянцін Казакевіч.
Вучоба трохі ажывіла сына, узгадаў Казакевіч-старэйшы.
«Звычайна ён такі… Манатонны, хоча хутчэй скончыць размову. А тут ён быў вясёлы, меў жаданне пагаварыць даўжэй. Я абрадаваўся, думаў, добры ўплыў аказвае інстытут».
За пару дзён да трагедыі Улад званіў бацьку.
«Ён спытаў: а як называецца шведская марка пілы? Я адказаў: «Хускварна». А што?» — узгадаў Валянцін. — Сын адказаў: «Нічога, ёсць тут адна ідэя».
Бацька сказаў, што ў яго ёсць дзве пілы, запрасіў сына зайсці на выходных.
«Падумаў, яго цягне да ручной працы. Сказаў: заходзь, у мяне ёсць пні, папілуем», — распавёў мужчына.
Суддзя прапанаваў Казакевічу-старэйшаму застацца ў зале суда пасля дачы паказанняў.
«Улад, мы цябе любім», — сказаў той сыну.
На гэтым пасяджэнне скончылася. Мужчына шчыра прызнаўся: ён пакуль не ведае, ці зможа ў далейшым прысутнічаць на працэсе.
Каментары