Як сабака, толькі вельмі вялікі — ФОТАРЭПАРТАЖ з жыцця на ферме лася Грышы
Па ўсіх звычках падлетак-ласяня амаль як сабака — ну толькі вельмі вялікі і добры сабака. Ласяня вырасла на ферме «Лясная сядзіба» ў вёсцы Абрам Мядзельскага раёна Мінскай вобласці.
Увесну летась егеры знайшлі маленькае ласяня, мабыць, нядаўна асірацелае. Жывёла была вельмі слабой і не магла самастойна перасоўвацца. Таму вырашылі пакінуць выходжваць яго ў сядзібе. Вялікай надзеі, што ласяня выжыве, ні ў кога не было.
Супрацаўніца сядзібы Святлана Цайко ўспамінае, што даглядаць Грышку было вельмі цяжка. Свае радасці выхавання гаспадыня Святлана здымае на планшэт. Малако ён мог піць толькі казінае. Карміць даводзілася з 6-й раніцы і да 12 ночы з інтэрвалам у дзве гадзіны. Больш за тое, вёска маленькая, тут трымаюць толькі адну казу, і малака Грышу бракавала. Даводзілася купляць у суседніх вёсках.
Каб жывёла развівалася, яны разам з новай «мамай» шпацыравалі некалькі разоў праз усю вёску. З часам ласяня адужала і стала сябраваць з усімі ў гаспадарцы. Але больш за ўсіх любіць свайго аднагодка, дварняка Топіка. Разам яны могуць ляжаць у кутку, бегаць і гарэзіць. Балазе, што ў іх распараджэнні 14 гектараў і два невялікія возеры. Грышка любіць сустракаць гасцей і рыбакоў, выпрошваць пачастунак (белы хлеб, батон), красавацца і слухаць, як яго хваляць, заходзіць у дом ці альтанку, каб пацягнуць пачастунак або пабачыць гаспадыню. Па ўсіх звычках падлетак-ласяня амаль як сабака, ну толькі вельмі вялікі і добры сабака.
Каментары