Былы дэпутат Дзярждумы Расіі Дзяніс Вараненкаў у інтэрв'ю ўкраінскаму выданню «Цензор.Нет» параўнаў Расію з нацысцкай Нямеччынай, назваў грубай памылкай далучэнне Крыма і заявіў пра татальную фальсіфікацыю вынікаў выбараў у РФ, паведамляе Meduza.
«Сітуацыя ў Расіі цяпер, як у нацысцкай Нямеччыне Гітлера <…> Цэлая дзяржава звар'яцела менавіта ў псеўдапатрыятычным чадзе», — заявіў Вараненкаў.
Па словах былога дэпутата, «Крым стаў такой лакмусавай паперкай — ён аб'яднаў Расію вакол ідэі нешта ******** (скрасці) у свайго суседа».
Пры гэтым Вараненкаў сцвярджае, што не галасаваў у Дзярждуме за далучэнне Крыма да Расіі. Ён заявіў, што за яго гэта зрабілі іншыя сябры фракцыі КПРФ. «Карткай яны прагаласавалі замест мяне, хоць даверанасці на галасаванне я не даваў», — сказаў былы дэпутат.
У інтэрв'ю Вараненкаў таксама заявіў, што ў Расіі фальсіфікуюць вынікі ўсіх выбараў ад муніцыпальных да федэральных, а ФСБ узурпавала паўнамоцтвы ўсіх сілавых ведамстваў у краіне.
Вараненкаў пацвердзіў, што даў паказанні ўкраінскай пракуратуры па справе Віктара Януковіча, якога ва Украіне абвінавачваюць у дзяржаўнай здрадзе. Па словах былога дэпутата, Януковіч «здрадзіў сваёй краіне, датычны да масавых забойстваў людзей, збег у іншую краіну і заклікаў войскі іншай дзяржавы знішчаць свой народ».
Вараненкаў з'ехаў з Расіі ў кастрычніку 2016 года. У снежні ён атрымаў грамадзянства Украіны.
Каментары