Дэпутат Палаты прадстаўнікоў можа мець да пяці памочнікаў. Гэта значыць, што апазіцыя можа атрымаць не двух, а дванаццаць чалавек, якія валодаюць асаблівым статусам. Статус памочніка не роўны са статусам дэпутата, але ўсё ж адрозніваецца ад статусу простага грамадзяніна. Што вядома пра памочнікаў Алены Анісім і Ганны Канапацкай, піша «Беларускі партызан».
Алена Анісім распавяла «Беларускаму партызану», што ў яе на гэты момант тры памочнікі.
Адзін з іх на стаўцы. Гэта юрыст Мікалай Новік са Стоўбцаў, ён вядзе прыём грамадзян двойчы на тыдзень. Двое іншых — сябры ТБМ браты Качановічы, Анатоль і Леанід. Анатоль Качановіч былы дырэктар школы, жыве ў пасёлку Коласава. Леанід Качановіч з пасёлка Гарадзея Нясвіжскага раёна, працуе ў мясцовым ЖКГ.
Сітуацыя з памочнікамі Ганны Канапацкай пакуль не высветлілася.
Паводле «Беларускага партызана», вядуцца перамовы пра тое, каб памочнікі прадстаўлялі ўсю правацэнтрысцкую кааліцыю, у якую ўваходзяць рух «За Свабоду», Аб'яднаная грамадзянская партыя і аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя».
Але пакуль вядома толькі адно прозвішча — Вольгі Кавальковай, экс-кандыдата ў дэпутаты ад БХД па 103-й Дамброўскай выбарчай акрузе ў Мінску. Вольга працуе без «корачкі памочніка», як сказаў Віталь Рымашэўскі. Зрэшты, палітык запэўніў, што гэта не прынцыпова — ёсць «корачка» ці не. Адсутнасць пасведчання ён патлумачыў складанай працэдурай ўзгаднення і шматлікімі праверкамі, у тым ліку па лініі спецслужбаў.
Рух «За Свабоду» інфармацыю агучваць пакуль адмаўляецца, спасылаючыся на тое, што ідуць перамовы.
Сама Ганна Канапацкая патлумачыла, што не мае пакуль афіцыйных памочнікаў. Паводле дэпутата, звязана гэта «з вельмі зацягнутай працэдурай праверкі дакументаў і афармлення на дадзеную пасаду». Імёны кандыдатаў у памочнікі яна не хацела б называць да афіцыйнага пацвярджэння іх статусу. Кажа, што ў працы ёй зараз дапамагае каманда актывістаў АГП.
Каментары