Грамадства3333

Пяць фактаў пра новага віцэ-прэм'ера Васіля Жарко

Васіль Жарко прызначаны віцэ-прэм'ерам па сацыяльных пытаннях. Да апошняга часу ён працаваў міністрам аховы здароўя. Прычым пры высокай пасадзе быў найдаўжэй сярод цяперашніх лукашэнкаўскіх міністраў — ажно з 2006 года.

Гэта той чалавек, які ў свой час з цяжкасцю, з другой спробы, паступіў у медуніверсітэт. Апошні раз ён меў медыцынскую практыку яшчэ за савецкім часам. У электронным каталогу Нацыянальнай бібліятэкі няма ніводнага ўзгадвання пра ягоныя індывідуальныя навуковыя даследаванні і адкрыцці.

«Наша Ніва» сабрала пяць фактаў пра новага віцэ-прэм'ера.

Паходзіць з-пад Драгічына

Радзіма Жарко — вёска Леснікі, гэта паўночны край Драгічынскага раёна.

Бацькі Васіля працавалі ў калгасе. У сям’і Івана і Ганны Жарко раслі трое сыноў, Васіль быў малодшым.

У 15 гадоў будучы віцэ-прэм'ер паехаў вучыцца ў Іўеўскі раён. У мясцовай медыцынскай вучэльні ў Юрацішках ужо займаўся ягоны брат.

Родную хату міністра выкарыстоўвае старэйшы брат пад лецішча

Пасля вучобы ў Юрацішках Васіля забралі ў войска. Служыць давялося ў расійскім Арэнбургу, непадалёку ад цяперашняй мяжы з Казахстанам. Жарко быў вайсковым фельчарам.

Вярнуўшыся пасля двух гадоў службы ў Беларусь, Васіль паспрабаваў паступіць у медуніверсітэт (тады Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут), але беспаспяхова. Жарко застаўся падцягваць свае веды на падрыхтоўчым аддзяленні. Дадатковыя заняткі, ды яшчэ і статус вайсковага фельчара, дазволілі яму праз год усё ж паступіць у ВНУ.

Жарко быў старэйшым за астатніх студэнтаў, і гэта дапамагло яму займець асаблівы статус. Узгадваючы поспехі будучага міністра, ягоныя аднакурснікі ўсміхаюцца і адзначаюць, што на камсамольскай ніве Васілю ўдавалася праявіць сябе значна лепш, чым у вучобе. Жарко стаў яшчэ і камандзірам будаўнічага атрада.

Сябар Людмілы Пастаялкі

Адвучыўшыся ў Мінску, Васіль на год паехаў у Брэсцкую дзіцячую абласную бальніцу. Першы год пасля заканчэння вучобы медык­выпускнік трапляе ў інтэрнатуру.

Загадчыцай інфекцыйнага аддзялення ў бальніцы тады працавала Людміла Пастаялка. У гісторыі Беларусі яна застанецца найперш як маці Ірыны Абельскай, асабістай доктаркі Аляксандра Лукашэнкі.

Гэта было першае пацверджанае перасячэнне лёсу Жарко з уплывовай чыноўніцай. Але далёка не апошняе.

У 1985-­м, пасля года працы ў Брэсце, Жарко пераехаў бліжэй да малой радзімы, у Драгічын. Тут учорашні выпускнік стаў загадчыкам аддзялення раённай бальніцы.

У Драгічыне Васіль пабраўся шлюбам з Надзеяй, дырэктаркай мясцовай крамы. У сям'і нарадзілася дачка Вольга.

Праца ў райцэнтры была апошнім месцам, дзе Жарко быў звязаны з практычнай медыцынай. У 1991 годзе ён перабраўся ў Брэст і ўладкаваўся ў чыноўніцкую структуру. Ва ўпраўленні аховы здароўя аблвыканкама Жарко спачатку працаваў доктарам-­інспектарам, а пасля ўзняўся да намесніка начальніка.

Калі Людміла Пастаялка стала першай намесніцай міністра аховы здароўя, а неўзабаве і міністрам, на павышэнне пайшоў і Жарко.

Яго ўзялі ў Брэсцкую дзіцячую абласную бальніцу (адкуль толькі што з’ехала Пастаялка) намеснікам галоўнага доктара. За што ён адказваў на новай пасадзе? Паводле інфармацыі з інтэрнэту, у тым ліку за грамадзянскую абарону і мабілізацыю.

Міністр на дзесяць гадоў

У 2003 годзе Жарко перабраўся ўслед за Пастаялкай у сталіцу. Цікава, што ў Мінск ён перабраўся адзін, без сям’і. Жонка з дачкой засталіся ў Брэсце і пераехалі ў сталіцу толькі праз чатыры гады.

Пасаду Жарко атрымаў курортную — дырэктар санаторыя «Крыніца». Прафсаюзная здраўніца на 300 чалавек знаходзіцца на беразе возера ў Ждановічах, зусім блізка ад Мінска. «Крыніца» спецыялізуецца на лячэнні сэрца, страўніка, а таксама хворых на цукроўку. Санаторый дагэтуль карыстаецца попытам сярод чыноўнікаў.

Жарко затрымаўся ў «Крыніцы» ўсяго на некалькі месяцаў. Неўзабаве яго перавялі па службовай іерархіі наверх, кіраваць «Белпрафсаюзкурортам». У падпарадкаванні арганізацыі знаходзіцца 12 санаторыяў розных профіляў, раскіданых па ўсёй Беларусі.

Прафсаюзная праца найчасцей становіцца канцом для кар’ернага росту чыноўнікаў. На гэтых няпыльных пасадах яны сустракаюць пенсію і перадаюць месца наступным адстаўнікам. Але для Жарко гэта была толькі прыступка для скачку наверх.

Неўзабаве пры дапамозе Людмілы Пастаялкі ён узначаліў Чырвоны Крыж — адну з самых масавых грамадскіх арганізацый краіны, у яе запісана больш за 1,3 мільёна чалавек.

У канцы 2005 года Людміла Пастаялка сышла з урада. Чыноўніца цяжка хварэла і заняла пасаду сенатара ў савеце рэспублікі. Праз некалькі месяцаў міністрам аховы здароўя быў прызначаны Васіль Жарко.

На цырымоніі ўзнагароджання конкурсу «Трыумф. Героям спорту — 2014» міністр прыйшоў са спявачкай Аляксандрай Гайдук

Апартаменты ў Драздах

Як і іншыя міністры, Васіль Жарко атрымаў магчымасць пабудавацца ў Драздах. Праўда, ён займеў не катэдж, а апартаменты. На жонку міністра зарэгістраваная вялізная трохпакаёўка, плошчай 123 м2, на вуліцы Піянерскай, самай дарагой у Беларусі.

Кампанія «Трэст Прамбуд» у пачатку 2010-х узвяла тут тры дамкі, па 16 кватэр у кожным. Адкрытага продажу гэтай нерухомасці не было, таму невядома, колькі заплаціла за жыллё сям'я Жарко.

Можна толькі ацаніць — кватэру такой самай плошчы іх сусед Алег Румо купляў у іпатэку. Крэдытная дамова была заключаная больш чым на 700 мільёнаў рублёў. На момант афармлення гэта было каля $320 тысяч.

Таксама сярод суседзяў бюджэтніка Жарко гандляр нафтай Аляксей Алексін.

Дом за Нацыянальнай бібліятэкай

Але калі б Жарко абмежаваўся тымі апартаментамі!

Яшчэ ў лістападзе 2010 Мінгарвыканкам прыняў рашэнне №2626/1, паводле якога яму выдязяліся 15 сотак элітнай зямлі за Нацыянальнай бібліятэкай. Тэрытарыяльна ягоны надзел знаходзіцца ўнутры катэджнага пасёлка «Тапаса», але на паперах выведзены за ягоныя межы.

Дом Васіля Жарко падчас будаўніцтва

У інтэрнэце апублікаваны тыпавы праект такога ж дома, які будзе і ў міністра. Адзіная розніца ў тым, што Жарко, магчыма, застанецца без басейна.

Катэдж двухпавярховы, але не кампактна-квадратны, а выцягнуты. Ягоная агульная плошча перавышае 640 м2.

На першым паверсе будзе вялікая зала-гасцёўня, да якой прымыкаюць кухня і камінная. Агулам гэта амаль 100 м2. З каміннай можна перайсці ў кіназалу і ў трэнажорку. Непадалёку спраектаваны і рабочы кабінет. А вось пакой для «абслугі» маленькі — усяго 6 м2.

На другім паверсе можна знайсці дзве спальні і два дзіцячыя пакоі (у кожным свой санвузел і свая гардэробная).

Катэджы ў тым раёне, што ў Жарко, ацэньваюцца на $1 мільён.

***

Васіль Жарко

Нарадзіўся ў 1956 у в. Леснікі Драгічынскага раёна. Скончыў Юрацішкаўскую медыцынскую вучэльню (1975), Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут (1984) і Акадэмію кіравання (2008).

Працаваў памочнікам санітарнага доктара ў Івацэвічах (1977), педыятрам Брэсцкай дзіцячай абласной бальніцы (1984—1985), загадчыкам аддзялення Драгічынскай раённай бальніцы (1985—1991), доктарам-­інспектарам, намеснікам начальніка ўпраўлення аховы здароўя Брэсцкага аблвыканкама (1991—2002), намеснікам галоўнага доктара дзіцячай абласной бальніцы (2002—2003), дырэктарам санаторыя «Крыніца» (2003), генеральным дырэктарам «Белпрафсаюзкурорта» (2003—2005), в.а. генеральнага сакратара Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (2005—2006).

У 2006—2016 — міністр аховы здароўя, з 2016 — віцэ-прэм'ер па сацыяльных пытаннях.

Жанаты, мае дачку.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары33

У Варшаве затрымалі былога палітвязня Ігара Банцара — гэта ён прыйшоў у Міністэрства сям'і са зброяй17

У Варшаве затрымалі былога палітвязня Ігара Банцара — гэта ён прыйшоў у Міністэрства сям'і са зброяй

Усе навіны →
Усе навіны

Лукашэнка заявіў, што Украіна здымала з фронту самыя баяздольныя часткі і адпраўляла іх на мяжу Беларусі5

Еўрасаюз спыняе закупкі мэблі з Беларусі5

На «Славянскім базары» па даносе затрымалі дзяўчыну з татуіроўкай «х*й вайне»14

Ксёндз Анджэй Юхневіч: Мяне могуць за гэта судзіць, але я хачу публічна выказаць салідарнасць з братамі-ўкраінцамі5

У Белавежскай пушчы маланка разарвала 200-гадовы дуб ВІДЭА1

Расія выкарыстоўвае для перавозу пяхоты гольф-кары і беларускія матацыклы. Ад гэтага страты растуць11

Алімпіяду-2024 у Беларусі не пакажуць7

Шахеды пачалі адзін за адным збівацца з курсу і вяртацца ў Беларусь. Сёння з-за беспілотніка зноў паднялі баявую авіяцыю14

Жыхары Мазыра сталі ў гіганцкую чаргу, каб падзарадзіць тэлефоны ВІДЭА5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Варшаве затрымалі былога палітвязня Ігара Банцара — гэта ён прыйшоў у Міністэрства сям'і са зброяй17

У Варшаве затрымалі былога палітвязня Ігара Банцара — гэта ён прыйшоў у Міністэрства сям'і са зброяй

Галоўнае
Усе навіны →