Прэзідэнт Беларусі выказаў сваё меркаванне з нагоды масавага атручэння ў Іркуцку канцэнтратам для ваннаў «Глог» і заклікаў чыноўнікаў і сілавікоў не дапусціць такога ў Беларусі. Гэта заява прагучала ў сюжэтах беларускіх тэлеканалаў АНТ і «Беларусь-1».
На нарадзе 26 снежня ў Мінску з прадстаўнікамі ўлады ў тым ліку падымаліся і пытанні бяспекі падчас калядных і навагодніх святаў. Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу сілавікоў на тым, што «трэба зрабіць усё, каб на вуліцах было спакойна, каб людзі правялі нармальна свята».
«І глядзіце, каб не адбылося як у Расіі. Яны пачалі падымаць акцызы на алкаголь, зрабілі завоблачныя цэны на спіртныя напоі, і людзі пачынаюць піць барматуху, як гэта было ў нас у савецкія часы», — сказаў кіраўнік краіны, маючы на ўвазе масавую гібель людзей у Іркуцку.
«Трэба спыніць гэта балаўство з гэтымі падаткамі на спіртное. Ну святы… Такія нашы людзі-славяне. І выпіць любяць, і закусіць. Не трэба іх штурхаць да таго, каб піць глог ці яшчэ штосьці. Трэба гэта мець на ўвазе, як бы гэта непапулярна ні прагучала з маіх вуснаў», — дадаў кіраўнік дзяржавы.
Нагадаем, у снежні ў расійскім Іркуцку адбылося масавае атручэнне людзей, ад якіх на сённяшні дзень памерлі 77 чалавек. Загінулыя ўжывалі канцэнтрат для ваннаў «Глог», які утрымліваў замест пазначанага на этыкетцы этылавага метылавы спірт.
Каментары