Няшчасны выпадак адбыўся сёння раніцай у вёсцы Корчыцы, паведамілі ў УДАІ УУС Брэсцкага аблвыканкама.
Паводле папярэдняй інфармацыі, каля 7.20 школьны аўтобус маркі «ПАЗ 3205 А1» пад кіраваннем 54-гадовага жыхара Кобрына рухаўся па вул. Перамогі ў кірунку аўтадарогі Р127 Кобрын-Дзівін. Насупраць зернесушыльнага комплексу кіроўца ўчыніў наезд на 64-гадовую жыхарку вёскі Малыя Корчыцы, якая рухалася ў спадарожным кірунку па краі праезнай часткі дарогі.
У выніку наезду жанчына атрымала цяжкія траўмы і шпіталізаваная ў Кобрынскую цэнтральную раённую бальніцу. Выяўлена, што пацярпелая не была пазначаная святлоадбіўнымі элементамі. У момант аварыі аўтобус ажыццяўляў падвоз дзяцей да ўстановы адукацыі.
Па факце ДТЗ праводзіцца праверка.
Каментары