Вядомая беларуская мадэль, арганізатар шоу і конкурсаў прыгажосці Наталля Макей памерла ад атручэння чадным газам. Ёй было 43 гады.
— Нешта здарылася з катлом у яе доме. Наталля была адна, заснула і не прачнулася, — распавялі Tut.by ў «Школе мадэлінгу Наталлі Макей». — Пахаванне адбудзецца ў суботу.
Наталля Макей скончыла політэхнічную акадэмію. Яшчэ ў часы студэнцтва пачала ўдзельнічаць у паказах і рэкламных здымках як мадэль. Сваё агенцтва адкрыла ў 2002 годзе. Яна таксама вядомая як арганізатар шоу, конкурсаў прыгажосці, неаднаразова ўваходзіла ў склад журы конкурсаў прыгажосці ў Беларусі і Расіі.
На пытанне інтэрнэт-выдання пра моду SALON375, якое дасягненне ў сваёй прафесійнай кар'еры лічыць самым сур'ёзным, Наталля адказала: «Яно яшчэ наперадзе. Я вельмі крытычна стаўлюся да сваёй працы і тое, што мы выстаялі на рынку і маем павагу сярод заказчыкаў і мадэляў, напэўна, чагосьці варта. Да таго ж скончыўшы адзін праект, які аўтаматычна становіцца «гісторыяй», у мяне ўжо ў галаве шмат творчых ідэй для наступнага».
Каментары