Камісія па расследаванні аварыі знішчальніка Су-33 на авіяносцы-крэйсеры «Адмірал Кузняцоў» у Міжземным моры вылучыла ў якасці асноўнай версіі памылку пілатавання. Пра гэта «Коммерсанту» распавяла крыніца, блізкая да Галоўнага штаба ВМФ.

Мяркуецца, што пілот адхіліўся ад восі пасадкі, што выклікала занадта вялікую нагрузку на тармазны трос і прывяло да абрыву. Дапушчальнае адхіленне складае 4,2 метра, а самалёт сышоў ад восі на 4,7 метра.

Знішчальнік з 279-га асобнага карабельнага знішчальнага авіяцыйнага палка вяртаўся на крэйсер пасля выканання баявой задачы ў Сірыі ў добрых умовах надвор'я. Хуткасць заходу на пасадку была дапушчальнай - 240 км/г.

Вытворца аэрафінішора (сістэмы тросаў для тармажэння самалёта), у сваю чаргу, абвяргае версію пра заводскі брак, бо ўсе тросы праходзяць неабходныя выпрабаванні. Афіцыйна Мінабароны РФ не каментуе вынікі расследавання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0