Макей: У краіне ствараюцца нармальныя ўмовы для больш шырокага выкарыстання беларускай мовы
Апошнім часам беларуская мова выкарыстоўваецца ў дзяржаве ўсё шырэй. Аднак гэта адбываецца не з прычыны навязвання штучных умоў для яе развіцця, а натуральным шляхам.
Пра гэта кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей заявіў у інтэрв'ю газеце «Рэчпаспаліта», стэнаграма якога апублікавана прэс-службай замежнапалітычнага ведамства.
- Прэзідэнт Лукашэнка ніколі не імкнуўся стварыць штучныя ўмовы для развіцця той ці іншай мовы. Дзяржаўная палітыка заключаецца ў тым, каб усё гэта адбывалася натуральна. Мы разумеем, што, пачынаючы з ранейшых савецкіх часоў, пераважная большасць насельніцтва Беларусі размаўляла на рускай мове. Такая сітуацыя захоўваецца і цяпер, — адзначыў Макей.
Паводле яго слоў, у краіне ствараюцца «нейкія нармальныя ўмовы для больш шырокага выкарыстання беларускай мовы». У сувязі з гэтым усё больш людзей імкнуцца і размаўляць на беларускай.
— Прэзідэнт пару дзён назад таксама сказаў аб тым, што мы плануем павялічыць і колькасць гадзін у школах для навучання беларускай мове, — нагадаў кіраўнік МЗС.
Макей адзначыў, што калі б пасля развалу Саюза было прынята рашэнне зрабіць дзяржаўнай толькі адну беларускую мову, «мы атрымалі б, можа нават не тое ж, а ў дзясяткі разоў горш сітуацыю, чым ва Украіне».
Міністр таксама распавёў, што сам вучыўся ў вясковай школе, дзе выкладанне вялося на беларускай мове, таму без праблем размаўляе на ёй.
— За апошнія 25 гадоў мы пачынаем павольна фармавацца як нацыя. Мы знаходзімся ў працэсе фармавання ідэнтычнасці беларускай нацыі. І ў гэтым плане, вядома ж, мы павінны клапаціцца пра захаванне беларускай мовы, але, не робячы гэта штучна, не прымушаючы кагосьці, як беларусы кажуць пад «прымусам», пад націскам размаўляць на беларускай мове, - яшчэ раз падкрэсліў Макей.
На пытанне журналіста, ці можна ў сувязі з гэтым назваць Лукашэнкі «бацькам нацыі», Макей нагадаў, што ў народзе прэзідэнта называюць «бацька».
- Напэўна, як і ў любога палітыка, як і ў любога чалавека, могуць быць нейкія і плюсы і мінусы, ён можа дапускаць нейкія памылкі. Але ніколі, паверце мне, я яго ўжо ведаю больш за 16 гадоў, побач практычна, працую ў гэтай камандзе, ніхто не можа сказаць пра тое, што ён нешта зрабіў у шкоду Беларусі. Я ведаю, наколькі ён моцна любіць краіну.
Каментары