Дырэктар мінскага агенцтва: «Барадулін — нацысцкая свалата. Хопіць карміць моладзь беларускай мовай»
Дырэктар агенцтва «Акадэм-нерухомасць» Аляксандр Гарашчэня, які адначасова ладзіў трэнінгі з студэнтамі БДУ, з год таму падзяліўся ў сваім фэйсбуку школьнай гісторыяй свайго сына.
Праўда, увагу інтэрнэт-супольнасці гэты допіс прыцягнуў толькі цяпер.
«Сыну ў школе задалі на памяць Рыгора Барадуліна, — напісаў Гарашчэня. — Рыгор гэты ёсць у падручніку. Сябар партыі БНФ, г.зн. перакананая нацысцкая свалата, цяпер ужо здохлая. Грэка-каталік, натуральна, і, як паэт, дрэнь. Карацей, я сказаў, што вось гэта ён вучыць не будзе. Хлопец уздыхнуў з палёгкай».
«Нацысцкая свалата, цяпер ужо здохлая» — так выкладчык БДУ піша пра паэта, бацька якога загінуў у партызанах.
Барадулін нямала вершаў прысвяціў тэме Другой сусветнай вайны.
«А я… чакаў з усіх дарог
Цябе ў сорак чацвёртым… летам
Калоны ні адной не мог
Я прапусціць з ахапкам кветак»,
— пісаў Барадулін пра свайго бацьку, які загінуў, ваюючы ў партызанскім атрадзе.
«Наша Ніва» звязалася з Аляксандрам Гарашчэнем з просьбай патлумачыць, што ён меў на ўвазе.
Той адразу сказаў, што лічыць БНФ партыяй радыкальнага нацыяналістычнага ўхілу, якая не мае дачынення да беларускага патрыятызму.
«Ва ўсяго ёсць гістарычныя карані — што з'явілася сёння, пайшло ад таго, што было ўчора. Ногі там растуць ад супрацоўніцтва з немцамі, практыкі калабарацыянізму ў Другой сусветнай вайне. Мне гэта не блізка. Дзіўна, што ў школах вывучаюць такога паэта, які падтрымліваў такую арганізацыю», — сказаў Аляксандр.
Але што ён чытаў з Барадуліна?
«Шчыра кажучы, я не аматар паэзіі, тым больш паэзіі нацыянальнай, — сказаў ён. — Тут збег абставін, найперш — біяграфічных. Я, як чалавек з савецкай сям'і, усё жыццё катаўся па Саюзе і прыехаў досыць позна, калі ўжо не сядзеш за падручнікі. Ну але я адкрыў нейкі верш ягоны ў інтэрнэце. Тое, што там было, мне не спадабалася».
Амаль гэтаксама Аляксандр думае пра Васіля Быкава — яшчэ аднаго Народнага пісьменніка, героя вайны, які актыўна падтрымліваў Народны Фронт.
«Быкаў — чалавек цяжкага лёсу. Многія думкі, якія ў яго галаве блукалі, мне не блізкія», — мяркуе Аляксандр.
Кім можна замяніць у школьнай праграме гэтых ды іншых пісьменнікаў, Аляксандр не ведае, а ў патрэбе беларускай мовы і літаратуры ўвогуле сумняецца.
«На сёння гэты прадмет даволі штучны, — сказаў ён пра мову. — Калі гвалтоўна дзяцей пачынаюць карміць… Вось трэба, каб была беларуская паэзія — давайце накормім вось гэтым, а яны не хочуць. Трэба больш разважліва падыходзіць і факультатыўна. Бо 95% насельніцтва гаворыць па-руску, навошта людзей гвалціць, асабліва, маладых людзей?»
Напрыканцы размовы мы спыталіся, ці не страшна Аляксандру, што беларусы ператворацца ў манкуртаў, калі ўявіць, што школьная адукацыя стане адпавядаць ягоным перакананням.
«Не здаецца мне гэта страшнай перспектывай, — адказаў ён. — Мяне палохаюць іншыя тэндэнцыі — калі каля кінатэатра «Кастрычнік» людзі, якія гавораць па-беларуску, чамусьці нясуць партрэты Бандэры і Шухевіча. Мне гэта не падабаецца больш. І калі абіраць паміж роднаснай культурай на Усходзе і нейкай хрэн зразумей якой, якая нармальна так падтрымліваецца тым ж Захадам….»
Каментары