«Дзяржаўныя» хакеры скралі ў Yahoo 500 мільёнаў акаўнтаў
Yahoo сцвярджае, што фінансуемыя дзяржавай хакеры скралі дадзеныя 500 мільёнаў карыстальнікаў, у тым ліку логіны, паролі, імёны карыстальнікаў, іх тэлефонныя нумары і даты нараджэння. На сёння гэта самая буйная кібер-прабоіна за ўсю гісторыю.
Хакерская атака мела месца ў 2014 годзе, але стала вядома пра яе толькі цяпер. Амерыканскае ФБР ужо займаецца расследаваннем. У Yahoo сцвярджаюць, што інфармацыя была скрадзеная хакерскай групай, якая фінансуецца ўладамі адной з дзяржаў. Але што гэта за дзяржава, кампанія не ўдакладніла.
Навіны пра імаверную хакерскую атаку на Yahoo з’явіліся яшчэ ў жніўні, калі адзін з хакераў спрабаваў прадаць дадзеныя 200 млн карыстальнікаў Yahoo.
Агенцтва Reuters са спасылкай на трох ананімных супрацоўнікаў разведкі ЗША паведаміла, што кібер-атака была сапраўды спансавана нейкай дзяржавай, таму што яна была вельмі падобнай на папярэднія атакі хакераў, звязаных з Крамлём.
Да гэтага выпадку самай буйной хакерскай атакай лічылі крадзеж 359 мільёнаў акаўнтаў MySpace.
Каментары