У панядзелак у Азербайджане адбудзецца рэферэндум, на які вынесена 29 паправак у канстытуцыю. Паводле заканадаўства, 26 верасня ў Азербайджане будзе непрацоўным днём.
Сёння ў Азербайджане перад рэферэндумам наступіў «дзень цішыні», паведамляе vesti.az.
Грамадзянам краіны трэба будзе вырашыць пытанне падаўжэння тэрміну прэзідэнцкіх паўнамоцтваў з пяці да сямі гадоў, а таксама вызначыцца, ці патрэбныя ў Азербайджане віцэ-прэзідэнты, даць згоду на зняцце ўзроставага цэнзу для кандыдатаў на пасаду кіраўніка дзяржавы і ў дэпутаты.
Паведамляецца таксама, што прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў сёння, у нядзелю, прыняў дэлегацыю ацэначнай місіі ПАСЕ.
Паводле выбарчага кодэкса Азербайджана, лічыцца, што рэферэндум адбыўся, калі ў ім возьмуць удзел як мінімум 25% выбаршчыкаў. Вынесеныя на рэферэндум пытанні лічацца прынятымі, калі за іх прагаласуюе больш за палову выбаршчыкаў, якія ўдзельнічаюць у галасаванні.
ЦВК Азербайджана абяцаў абвясціць вынікі плебісцыту да 21 кастрычніка.
Каментары