Вядоўца са сцэны: Здзейснілася прадказанне газеты «Наша Ніва», зробленае ў 1910 годзе!
«Прыйдзе час, калі памяць пра Ігната Буйніцкага будзе святой для ўсіх! І гэтая сённяшняя ўрачыстасць — сведчанне таму! Памяць пра Ігната Буйніцкага — дарагая для ўсіх!»

У Празароках (Глыбоцкі раён) прайшло свята ў гонар 155-х угодкаў з дня нараджэння заснавальніка прафесійнага беларускага тэатру Ігната Буйніцкага.
Калі аўтару гэтых радкоў прапанавалі скласці кампанію — паехаць у Празарокі на ўрачыстасць, то было прадчуванне нейкага масавага мерапрыемства, ва ўсялякім разе, калі не дзяржаўнага маштабу, то хоць абласнога. Усё ж — 155! А прыехалі — пусты прыкасцельны пляц! Праўда, з дзясятак камерсантаў, са сваімі гандлёвымі намётамі, дзіцячымі атракцыёнамі ўсё ж было.
Пакуль усё пачнецца, завітаў у краму «Дукат», што на прыкасцельным пляцы — набыць напою, бо спёка.
— Не бачу ў вашай вёсцы свята! Усё ж — юбілей! — кажу прадаўцу, якая ў пустой краме глядзела на мяне пажадліва, — хоць бы нешта купіў.
— Усе на бульбе! Ды й для каго свята? Адны састарэлыя пенсіянеры! Усе Празарокі — дзесьці 300 чалавек…
— А ваш «Дукат» — дзяржаўная ці прыватная крама?
— Дзяржаўная! Тут жа побач «Талер» — прыватная. Дык рашылі, каб была «канкурэнцыя», назвалі нашую «Дукат»! — тлумачыць прадавец.
Першае ўражанне, як сталася, было памылковае. Увесь народ прысутнічаў на імшы ў касцёле, пры гэтым, як мне сказалі, у ксяндза і дзень народзінаў.
Пасля касцёла — за два дзясяткі крокаў — народ перайшоў у Дом культуры.
Магу назваць колькасць людзей, якая прысутнічала, з дакладнасцю 99%. 132 — столькі месцаў у зале, плюс з дзясятак людзей, якія стаялі ў праходах. То бок, як для вёскі (ой, аграгарадка) — вялікае свята!
Прывітальнае слова ад кіраўніцтва раёна прамовіла Таццяна Малатоўнік, намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях. Згадаўшы пры гэтым, што Глыбоччына — радзіма дзясяткаў выбітных людзей, якія пакінулі свoй важкі след у гісторыі Беларусі. Нагадала, што Глыбоччына ёсць радзімай і для Вацлава Ластоўскага, палітыка, гісторыка, літаратара, Клаўдзія Дуж-Душэўскага, грамадска-культурнага дзеяча, архітэктара, дыпламата.
Стала ўжо добрай традыцыяй — глыбоцкія чыноўнікі не цураюцца на сцэне роднай мовы.
На сцэне выступілі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Дамоў культуры Глыбоцкага раёна, а таксама артысты мясцовага Дома культуры, якія прадэманстравалі танцы і праспявалі любімыя беларускія песні Ігната Буйніцкага, што былі ў рэпертуары яго тэатральнай трупы.
Адзінае засмучэнне — перыядычна, раз на 2-3 гады, прыязджаючы ў Празарокі, бачыш, як шыкоўнае і вядомае некалі мястэчка паступова ператвараецца ў непрыкметны аграгарадок.
Паспільвалі векавыя ясені і клёны. Неяк стала пуста і няўтульна. А самае галоўнае, пазносілі шмат цікавых местачковых будынкаў. Гадоў дзесяць таму я прайшоўся ад касцёла па Цэнтральнай вуліцы — кіламетры паўтара — аж да чыгуначнага прыпынку «Палевачы». То ўся вуліца ўяўляла тэатральную сцэнічную пляцоўку часоў Ігната Буйніцкага. Цяпер тут стаяць тыповыя, з белай цэглы, «аграгарадковыя» дамкі. І стала «красіва»!
Дарэчы, у Празароках — 6 вуліцаў і ніводнай савецкай назвы:
Літоўская, Полацкая, Аптэчная, Цэнтральная, Вакзальная, Садовая.
Каментары