Хлопец з фота ў Сухараве: Мы пачалі цалавацца, а потым — усё. Жарсць
У канцы ліпеня у інтэрнэце з'яўляецца фота, на якім маладыя хлопец і дзяўчына займаюцца сэксам проста на ходніку у мінскім мікрараёне Сухарава. Фота выклікае рэакцыю ў сацсетках, яго публікуюць СМІ. Праз нейкі час міліцыя заяўляе, што фота - фэйк і шукаць хуліганаў не будуць.

Праз месяц канал «Беларусь 1» паказвае сюжэт пра затрыманне хлопца са скандальнага здымка. Паказваюць ператрус ў яго кватэры, дзе сцены завешаныя сімволікай футбольнага «Дынама-Мінск», міліцыя рапартуе пра «хуліганства, здзейсненае групай асобаў». Справа ідзе да суда.
Знаходзім Вадзіма - так завуць героя скандальнага фота - праз сацыяльныя сеткі. «Я па тэлефоне не хачу пра гэта размаўляць. Як вы хочаце, то прыязджайце. Я цяпер на працы» — кажа ён.
Працуе Вадзім у адным з гандлёвых цэнтраў, прадае вопратку. Пытае, ці не нашкодзіць наша размова яму на судзе. Расказвае, што затрымалі яго толькі праз месяц пасля таго памятнага ўчынку.
«Я выходзіў раніцай на працу, каля 9-ці гадзін прыкладна. І ў пад'ездзе да мяне падышоў чалавек, прадставіўся. Мяне затрымалі. Зайшлі да мяне дадому. Ну вы ўсё бачылі. Я быў у кайданках. Потым павезлі ў пастарунак. Я не адпіраўся, што гэта я на фота. Прызнаўся. Знайшлі мяне па відэа, у іх было яшчэ відэа. Патрымалі трохі ў пастарунку, потым на Акрэсціна быў тры дні. Выпусцілі да суда пад залог», - расказвае хлопец.
Залог, дарэчы, немаленькі - 2100 новымі рублямі. Калі будзе суд, пакуль не вядома. Прычым на Акрэсціна Вадзім быў не адзін, а са сваёй дзяўчынай з таго самага фота: «Яе таксама затрымалі, адначасова са мной. І потым таксама адвезлі ў ізалятар».
Хлопца здзіўляе вялікая ўвага, якую надаюць гэтаму выпадку. «Навошта гэта ўсё так раздзьмулі? Каму яно патрэбна… Я бачыў публікацыі і ў нашых СМІ, і ў замежных», - кажа ён.
На пытанне, чаму яны з дзяўчынай вырашылі заняцца сэксам проста пасярод вуліцы, адказвае адразу: «Гэта ўсё жарсць, ведаеце. Мы пачалі цалавацца — і ўсё. Жарсць. Ужо было не спыніцца. Там жа не было людзей зусім, пуста. Каб людзі былі, то мы, вядома, устрымаліся бы. А так… Мы не былі п'яныя, як цяпер пішуць. Проста жарсць успыхнула».
Таксама Вадзім абвяргае, што з'яўляецца актыўным футбольным фанатам. Кажа, што проста любіць футбол: «Я не належу ні да якой групоўкі, палітычнай ці футбольнай. Проста люблю футбол, хаджу на матчы. Некалькі разоў быў на сектары, але я звычайны заўзятар. Не разумею, навошта міліцыя падала мяне як фаната».
Дата суда над Вадзімам і яго сяброўкай пакуль не вядомая. Ім пагражае арышт на тэрмін да 6 месяцаў, абмежаванне волі да трох гадоў, альбо пазбаўленне волі ад 1 да 6 гадоў.
-
Жахлівая гісторыя ў «Мінск-Свеце»: сабака на двары напароўся на шампур, гаспадыня лічыць, што яго ўваткнулі наўмысна
-
Чаму высокі ціск не дазваляе расійскім Суперджэтам лятаць? Хоць для Боінга гэта не праблема
-
У Віцебску тры месяцы шукалі серыйнага люкакрада. Яго затрымалі, але люкі працягваюць знікаць
Каментары