Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін заявіў, што кіраўнікі Украіны «перайшлі да практыкі тэрору». Такім чынам ён пракаментаваў паведамленне ФСБ, якая абвінаваціла ўкраінскую разведку ў падрыхтоўцы тэракту ў Крыме.
На думку Пуціна, Украіна спрабуе справакаваць канфлікт, каб адцягнуць увагу народа «ад гаротнага становішча эканомікі Украіны, ад гаротнага становішча значнай колькасці грамадзян краіны».
Пуцін згадаў замах на лідара ЛНР Ігара Платніцкага і адзначыў, што ў выніку баявых дзеянняў у Крыме загінулі двое расіян. «Мы, безумоўна, міма такіх рэчаў праходзіць не будзем», - паабяцаў прэзідэнт Расіі.
***
10 жніўня ФСБ заявіла аб прадухіленні тэракту ў Крыме, які нібыта рыхтавала ўкраінская разведка. Па сцвярджэнні расійскай спецслужбы, у ноч на 7 жніўня каля горада Армянска былі выяўленыя дыверсанты, у ходзе бою з імі загінуў супрацоўнік ФСБ. У ноч на 8 жніўня, па дадзеных ФСБ, былі зроблены новыя спробы прарыву на тэрыторыю Крыма, якія суправаджаліся масіраваным абстрэлам. Загінуў вайсковец міністэрства абароны РФ.
ФСБ паведаміла аб затрыманні аднаго з меркаваных дыверсантаў, які нібыта дае прызнальныя паказанні.
Каментары