У Мінску праходзяць здымкі новай беларускай камедыі «PARTY-zan фільм» («Партызан-фільм») сцэнарыста і рэжысёра Андрэя Курэйчыка, які летась прэзентаваў на кінафестывалі «Лістапад» нашумелы фільм «ГараШ». Але, нягледзячы на баявую назву стужкі, фільм будзе не зусім пра вайну і беларускіх партызан. Насамрэч гэта моладзевая камедыя пра маладых авантурыстаў, у планах якіх хутка і лёгка разбагацець.
Галоўныя героі фільма – маладыя праграміст Дзяніс (які аказаўся без працы) і бізнэсмен Аляксей (за ўсё хапаецца, але ва ўсім прагарае) — захацелі зарабіць лёгкіх грошай. Але не паступова, а хутка і шмат. І самае лепшае, што ім прыйшло ў галаву – прадставіцца маскоўскай кінагрупе дасведчанымі беларускімі кінапрадзюсарамі і ўзяцца зняць за добрыя грошы некалькі ваенных сцэн.
Але што за авантурная камедыя без прыгод? У цягніку Мінск – Брэст адзін з герояў забывае торбу з буйной сумай грошай, ды яшчэ ў іх жыццё нечакана ўрываецца прыгожая і прадуманая Марта. І прыгоды пачынаюцца. Модны маскоўскі рэжысёр і знакаміты аператар ужо прыехалі ў Беларусь, на пад'ездзе расійскія кіназоркі… А пачынаючым прадзюсарам цяпер свеціць сутыкненне з бандытамі і турма за махлярства.
Герояў на галоўныя ролі шукалі некалькі месяцаў. Іх выканаюць узыходзячыя зоркі беларускага тэатра і кіно: Аляксандр Душачкін (Дзяніс), Аляксандр Тарасаў (Аляксей) і Аліса Аўчыннік (Марта). Апроч іх, убачым у стужцы і шэраг зорак беларускага кіно. Як, напрыклад, Эвеліна Сакура, якая сыграе ролю заможнай гаспадыні кватэры.
Чымсьці стужка будзе нагадваць «Хлапечнік у Вегасе», ці, больш верна сказаць – у Брэсце. Назва ж фільма шматзначная. Па-першае, назву «PARTY-zan фільм» можна перакласці як «Вечарынка-фільм» («Party», англ. – «вечарынка, тусоўка»). Па словах самога Андрэя Курэйчыка, партызанскае існаванне, уласцівае беларусам цягам стагоддзяў, мае і культурны кантэкст. І для творчай групы фільма рабіць незалежнае кіно – гэта таксама пэўная культурная партызаншчына. Фільм будзе выконваць не толькі функцыю прыгодніцкай камедыі, ён яшчэ і аналізуе нашу культурную прастору: чаму Беларусь выступае з большага ў якасці кінабазы для расіян, а самі мы здымаем гэтак мала, пры гэтым маючы дастаткова шырокі патэнцыял. А таксама фільм з гумарам іранізуе над беларускай марай пэўнай часткі сучаснай моладзі: «як зарабіць шмат, хутка і, пажадана, нічога асабліва не робячы».
Аналізуючы творчасць Андрэя Курэйчыка ў беларускім кінематографе, нельга не падкрэсліць адну асаблівасць. У яго беларускіх фільмах мы заўсёды можам пачуць беларускую мову. У «Вышэй за неба» гэта быў Вінсэнт, які размаўляў толькі па-беларуску. У леташнім «ГараШы» гучаў верш Максіма Багдановіча. І ў новай стужцы мы пабачым героя, які будзе гаварыць па-беларуску. Можа, мовы будзе не шмат (зрэшты, фільм на рускай мове), але яна абавязкова будзе ў адным з эпізодаў.
Бюджэт фільма пакуль яшчэ не падлічаны, але вядомы, што ён будзе ў 2-2,5 разы большы, чым у карціны «ГараШ», якую творчая група зняла менш чым за 5 тысяч даляраў. Але каманда Курэйчыка не ставіць перад сабою мэты дабіцца камерцыйнага поспеху. Галоўнае – прывабіць гледача да беларускага кіно, паказаць, што і яно можа быць цікавым, і прыцягнуць беларускага гледача ў кінатэатры. Прэзентацыя трэйлера запланаваная на 15 лістапада 2016 года. Прэм’ерны паказ фільма мае адбыцца пад Новы год, 29 снежня.
Каментары