У Беларусі будзе створаны Рэспубліканскі клінічны цэнтр паліятыўнай медыцынскай дапамогі дзецям, паведамляецца на сайце ўрада.
Так, пастановай Савета міністраў ад 28 лiпеня 2016 года № 592 Міністэрству аховы здароўя даручана прыняць меры па рэалізацыі праекта — стварэнні цэнтра паліятыўнай дапамогі. Пастанова набывае моц пасля яе афіцыйнага апублікавання.
Як раней паведамляў БелаПАН, неабходнасць стварэння ў Беларусі дзейснай сістэмы паліятыўнай дапамогі не раз падкрэслівала дырэктар грамадскай дабрачыннай арганізацыі «Беларускі дзіцячы хоспіс» Ганна Гарчакова. Галоўная задача Беларускага дзіцячага хоспіса — стварыць у краіне сістэму паліятыўнай дапамогі дзецям, якая працуе, заявіла яна 28 мая 2015 года на прэс-канферэнцыі ў Мінску.
«Нам патрэбная паліятыўная сістэма, якая працуе, — цэнтр, куды будзе сцякацца ўся інфармацыя пра дзяцей, што маюць патрэбу ў дапамозе, цэнтр, дзе будуць праходзіць навучанне спецыялісты, валанцёры і бацькі. Паліятыў — гэта комплексны падыход, гэта не толькі мы, але і вы — грамадства», — сказала Гарчакова. Паводле яе слоў, толькі ў некаторых рэгіёнах працуюць грамадскія арганізацыі прафесійнай паліятыўнай дапамогі. Каб ахапіць усіх дзяцей, якія маюць патрэбу ў паліятыўнай дапамозе, не хапае ўдзелу толькі грамадскіх арганізацый.
На сёння ў дзяржаўным рэгістры дзяцей, якія маюць патрэбу ў паліятыўнай дапамозе, каля 1,3 тыс. чалавек. Усяго ў паліятыўнай дапамозе маюць патрэбу каля 3,5 тыс. дзяцей.
Каментары