На 84-м годзе жыцця памёр пісьменнік Іван Пташнікаў. Пра гэта паведаміла ў фэйсбуку Аксана Спрынчан.
Апошнія гады Пташнікаў цяжка хварэў.
Развітанне з Іванам Пташнікавым адбудзецца ў суботу, 30 ліпеня, а 13-й гадзіне ў сталічным Доме рытуальных паслуг па вуліцы Альшэўскага, 12. Для тых, хто жадае паехаць на могілкі, будзе арганізаваны аўтобус на 20 чалавек. Грамадзянская паніхіда пачнецца а 14-й гадзіне на Паўночных могілках у рытуальнай залі крэматорыя. А 15-й гадзіне — пахаванне і ад'езд.
Гісторык культуры Анатоль Сідарэвіч кажа, што адкрыў для сябе Пташнікава на пачатку 60-х. Ягоныя апавяданні вылучаліся гуманізмам, нетрадыцыйным поглядам на вайну, яны былі без ура-патрыятызму. Пазней разам з Пташнікавым рабіў.
У асобе Пташнікава было нешта таямнічае. А проза ў яго была густая, непаўторная, кажа Сідарэвіч.
«У доме №19 па вуліцы Захарава мы працавалі на суседніх калідорах. Іван Мікалаевіч — на «палымянскім», я — на «лімаўскім». Таму бачыліся, бадай, штодзённа. Іван Мікалаевіч заўсёды прыходзіў у лімаўскую бібліятэку праглядаць новыя паступленні. Пакуль ён быў рэдактарам аддзела прозы ў часопісе «Полымя», а рэдактарам паэзіі — Анатоль Вялюгін, графаманам дарога туды была зачынена. Хіба што кан’юнктурныя рэчы «пра Ільіча» ды «пра вялікі Кастрычнік» праходзілі. Тут Пташнікаў рад-няволя мусіў падняць рукі ўгору.
Гэты пісьменнік добра разумеў тое, пра што піша. Выдатна ведаў прыроду. Я часта ездзіў на электрычках і не раз бачыў Івана Мікалаевіча ў экіпіроўцы рыбалова-паляўнічага, з вялікім заплечнікам. Ён даволі часта выбіраўся на прыроду. Таму лёгка заўважаў недакладнасці ў літаратараў: у кагосьці кветка зацвіла не тую пару, калі ёй трэба цвісці, у кагосьці іншыя недакладнасці…
Ад нас пайшоў майстар навелы. Ён звярнуў увагу чытачоў і літаратараў у 1962-м сваёй палымянскай публікацыяй — апавяданнямі «Алёшка», «Алені» і «Бежанка». З гонарам магу сказаць, што Алесь Пісьмянкоў і я былі першымі чытачамі апавядання «Эфка», якое ён прынёс у «ЛіМ». Гэта было вяртанне Пташнікава ў жанр. Пісаў ён няшмат, але кожную навелу рабіў з дбайнасцю. Калі я пахваліў Янку Брылю «Львоў» і «Пагоню», Іван Антонавіч спытаў: «А «Францужанак» чытаў?». Сучасным маладым празаікам варта было б вучыцца пісаць апавяданні ў Івана Мікалаевіча.
У Пташнікава адметная рэгіянальная лексіка. Ён майстар мастацкай дэталі. Ягоная проза густая. Што «Лонва», што «Тартак». У яго твораў свой смак, непаўторны стыль.
Іван Мікалаевіч быў вельмі цікавы чалавек, але нешта было ў ім таямнічае, ён не адкрываўся цалкам, нешта не дагаворваў, прыхоўваў. Пазбягаў публічнасці. Яго нельга было «раскруціць» на інтэрв’ю.
Памятаю, як адзінаццаць-дванаццаць год таму Янка Брыль апавядаў пра сустрэчу з Іванам Мікалаевічам. Тады малодшы пісьменнік сказаў старэйшаму па-польску: składam broń (складаю зброю, гэта значыць ‘перастаю пісаць’). Але мне чамусьці думаецца, што нас чакаюць пасмяротныя першапублікацыі тэкстаў Івана Пташнікава — калі не мастацкіх твораў, дык дзённікаў, запісаў, нататак, накідаў».
«Ягоныя кніжкі дыхаюць нечым сапраўды аўтэнтычным і спракаветным, нечым, калі можна так сказаць, архетыпічным», — так пісаў пра Пташнікава перакладчык Ян Максімюк.
Ян Максімюк ставіў Івана Пташнікава ўпоравень з самымі значнымі заходнееўрапейскімі празаікамі ХХ стагоддзя. «Наша Ніва» папрасіла патлумачыць, чаму.
«Маё зацікаўленьне беларускай мастацкай літаратурай пачалося ў студэнцкія гады ў Варшаве на схіле 1970-х якраз ад прозы Івана Пташнікава. Канкрэтна — ад ягонай аповесьці «Лонва», якую я чытаў на летніх вакацыях на нашым хутары.
Аповесьць пра вёсачку Лонва, згубленую дзесьці ў лясах Меншчыны, я ўспрымаў перш за ўсё як аповесьць пра свой сьвет, які акружаў мяне ад дзяцінства на вясковым Падляшшы. Пташнікаў пісаў зь неймаверным адчуваньнем адценьняў вясковага сьвету, як у навакольнай прыродзе, так і ў псыхалёгіі герояў. Было ў гэтым пісьменьніцкім адчуваньні нешта глыбіннае, нешта настолькі праўдзівае і непадробнае, што яно перасягала часавыя і прасторавыя — відаць, і культурныя таксама — межы.
Міжволі, чытаючы Пташнікава, я думаў пра раньнюю прозу Кнута Гамсуна, пра «Сто гадоў адзіноты» Маркеса… У Пташнікава, як у Гамсуна і Маркеса, ёсьць свой самадастатковы сьвет, які ня зблытаеш ні зь якім іншым…
Потым, зразумела, былі іншыя рэчы Пташнікава, якія ў Польшчы 1980-х ня так лёгка было знайсьці. Я чытаў часопісныя вэрсіі «Мсьціжаў», «Найдорфу», «Алімпіяды», і ў кожнай з гэтых кніг знаходзіў часьцінку свайго сьвету ці, лепш сказаць, свайго адчуваньня сьвету…
Для мяне Іван Пташнікаў — апошні клясык беларускай прозы, апошні майстар слова з пакаленьня «сена на асфальце», якое жыло ў гарадзкім пэйзажы, але сьніла свой салодка-атрутны сон пра вёску».
Беларускі літаратуразнаўца Міхась Тычына называе Пташнікава рэалістам у самым добрым значэнні.
«Іван Пташнікаў — класік беларускай літаратуры. Ён рэаліст у самым добрым значэнні гэтага высокага слова. Яго тэксты заўсёды з вялікай ахвотай чыталі не толькі літаратары, але і простыя, звычайныя чытачы. Я бачыў яго кнігі ў руках вясковых людзей. Яго творчасць была запатрабаванай, — упэўнены літаратуразнаўца. — «Львы», апавяданне пра Чарнобыль, пра нягеглага сабаку, якога спрабуюць дастаць паляўнічыя. Ён нясе на сабе ўсю віну за трагедыю… Гэта адзін з найлепшых твораў пра тыя падзеі. Ён пачаў друкаваць цікавыя дзённікі, але потым спахапіўся: «Каму я адкрываюся…»
Іван Пташнікаў нарадзіўся ў 1932 годзе ў Лагойскім раёне. Рэдактар мастацкай літаратуры ў Дзяржаўным выдавецтве БССР (1957—1958), рэдактар аддзела прозы часопіса «Маладосць» (1958—1962), з 1962 — рэдактар аддзела прозы часопіса «Полымя».
Аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Зерне падае не на камень» (1959) і «Сцяпан Жыхар са Сцешыц» (1966), аповесцей «Лонва» (1965, 1982), «Тартак» (1968), «Найдорф» (1976), раманаў «Чакай у далёкіх Грынях» (1962), «Мсціжы» (1972), «Алімпіяда» (1985).
У 1980 выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах, у 1990—1992 — Збору твораў у 4 тамах.
Творчая прыхільнасць Пташнікава-празаіка — вясковая тэматыка. Таксама значнае месца ў творчасці займала тэма вайны.
* * *
Каментары