Практыка дзяржпадтрымкі эканомікі ў Беларусі істотна адрозніваецца ад існай у краінах Еўрасаюза і Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва (АЭСР аб'ядноўвае развітыя краіны, якія прызнаюць прынцыпы дэмакратыі і свабоднай рынкавай эканомікі). Такая выснова ўтрымліваецца ў аналітычнай запісцы, якую падрыхтавалі эксперты Даследчага цэнтра ІПМ і Нямецкай эканамічнай групы (GET) у Беларусі.
Першае, на што звяртаюць увагу эксперты, — тое, што ў адрозненне ад еўрапейскіх краін, дзе ўся статыстыка аб дзяржпадтрымцы даступная грамадскасці, Беларусь такія звесткі не публікуе. «Рэальны сектар эканомікі Беларусі мае доступ да шырокага спіса субсідый і дырэктыўнага крэдытавання, якія выдзяляюцца індывідуальна і скажаюць канкурэнцыю. Поўнай статыстыкі аб аб'ёмах аказанай падтрымкі не існуе, а яе маштабы і структуру можна ацаніць толькі часткова», — гаворыцца ў дакуменце.
Яшчэ адна асаблівасць беларускай практыкі дзяржпадтрымкі — гэта шырокае распаўсюджанне субсідый, якія дзяржава дае прадпрыемствам. Паводле ацэнак аўтараў даследавання, калі ў Беларусі субсідыі складаюць прыблізна 11% расходаў сектара дзяржаўнага кіравання, то ў краінах АЭСР — прыкладна 3%.
На думку экспертаў, існуюць значныя адрозненні і ў тым, як аказваюцца грамадскія паслугі і дасягаюцца мэты дзяржаўных праграм у Беларусі і ЕС/АЭСР. «Параўнанне ролі дзяржаўнай падтрымкі і дзяржаўных закупак паказала, што Беларусь у дасягненні мэтаў сацыяльнай і эканамічнай палітыкі ў большай меры разлічвае на падкантрольны і субсідаваны дзяржавай сектар эканомікі», — гаворыцца ў даследаванні.
У адрозненне ад Беларусі ў эканоміцы краін АЭСР «урад у большай ступені выступае замоўцам, а не пастаўшчыком паслуг, тавараў і работ, якія аказваюцца насельніцтву ў якасці грамадскіх паслуг».
У Беларусі ж дзяржаўныя праграмы даюць прэферэнцыйныя магчымасці менавіта дзяржпрадпрыемствам. «У дзяржаўных праграмах захоўваецца прэферэнцыйнае стаўленне да дзяржаўных прадпрыемстваў. Нягледзячы на тое што ў заканадаўстве дзяржаўныя і прыватныя прадпрыемствы надзеленыя роўным доступам да дзяржаўных праграм, менавіта дзяржаўныя прадпрыемствы ў некаторых выпадках прапісаныя ў праграмах у якасці арганізацый-выканаўцаў», — заўважаецца ў дакуменце.
Эксперты рэкамендуюць беларускім уладам павысіць эфектыўнасць дзяржаўных праграм. Гэта прапануецца зрабіць у тым ліку за кошт «жорсткага падзелу інстытутаў, адказных за ацэнку і выбар прапанаваных мерапрыемстваў, ад дзяржаўных устаноў, непасрэдна адказных за выкананне асобных дзяржаўных праграм».
Каментары