Баранавіцкі гарвыканкам адмовіў у правядзенні мітынгу індывідуальных прадпрымальнікаў.
Як паведаміў яго заяўнік, індывідуальны прадпрымальнік і грамадскі актывіст Мікалай Чарнавус, гадзіннае мерапрыемства планавалася 4 чэрвеня на Кааператыўным рынку.
Паводле слоў Чарнавуса, у мітынгу меркаваўся ўдзел 200 чалавек: мясцовых прадпрымальнікаў і іх калег з Мінска, Гомеля, Барысава, Полацка. Планавалася абмеркаваць праблемы ІП і запатрабаваць адмены ўказа № 222, бо пытанне з сертыфікатамі на тавары легпрама да гэтага часу не вырашана.
«Улада забараніла мітынг на той падставе, што ён быў заяўлены не на вызначанае гарвыканкамам для масавых мерапрыемстваў месца, якім з'яўляецца пляцоўка ў старым парку культуры і адпачынку. Але і там гарвыканкам забараняе ўсе акцыі пратэсту. З гэтага можна зрабіць выснову: чыноўнікі іх баяцца», — заявіў Чарнавус.
Каментары