Меркаванні44

Сяргей Лескець — фатограф, які зрабіў сабе імя на аграгарадках

Жыць у беларускай правінцыі і друкавацца ў еўрапейскіх часопісах? Лёгка! Фатограф Сяргей Лескець з Заскавіч, вёскі пад Маладзечнам, публікуецца ў брытанскім Guardian і выстаўляецца ў сталіцах. Лескець расказвае свае правілы жыцця і ўмовы поспеху.

Сяргей Лескець, аўтапартрэт.

Сяргей Лескець: Я нарадзіўся ў 1984 у Маладзечанскім раёне, у вёсцы Турэц-Баяры. Затым сям’я перабралася ў Заскавічы. Бацька — звычайны трактарыст, пенсіянер, але працуе. Маці працуе на чыгунцы. У пачатку 90-х яны хацелі заняцца фермерствам, набралі крэдытаў… Але ж не выйшла.

У дзяцінстве я любіў чытаць кніжкі. Мне бацька падкінуў «Палескіх рабінзонаў» Янкі Маўра — я першыя пару старонак ледзь адолеў, а потым як уцягнуўся… Яшчэ з сябрамі любілі ездзіць на роварах па суседніх вёсках, пашыралі «зону камфорту». І гэтая цікавасць да даследаванняў, падарожжаў, пошуку ў мяне не згасла і па сёння. Увогуле, у дзяцінстве я вельмі любіў і «Клуб кінападарожжаў», і «Каманду Кусто». Маці і па сёння ўзгадвае гісторыю, як яна збіралася ў нашу вясковую краму і спытала, што мне купіць. А я адказаў: «Акваланг!»

«НН»: А да фатаграфіі як прыйшлі?

СЛ: Ну, спачатку я хацеў быць гісторыкам. Даследаваў свой радавод, гісторыі навакольных вёсак, цікавіўся гісторыяй антысавецкага супраціву. Вярстаў «Куфэрак Віленшчыны» — гісторыка-краязнаўчы і літаратурна-мастацкі часопіс. Нават паступіў у Мінск на гісторыка.

Вучыўся платна, таму падпрацоўваў — паркоўшчыкам, напрыклад.

Да таго ж мяне ўзялі ў Беларускі калегіум, я гадзінамі праседжваў у Нацыянальнай бібліятэцы, чытаў старыя рэдкія кнігі… Але з універсітэта мяне адлічылі з 3,5 курса.

«НН»: Чаму?

СЛ: Можа, таму што ў мяне было шмат пропускаў — а пропускі былі, бо я «прападаў» у бібліятэцы. І я пайшоў у армію. Быў сувязістам, служылася нармальна. Затым, пасля войска, працаваў ахоўнікам у краме ў Мінску. У мяне тады было шмат сяброў, была крутая тусоўка мастацка-культурніцкая ў сталіцы, дый дзяўчына мая хацела застацца ў Мінску. Але я заўсёды шукаў такую працу, каб заставаўся час на мае справы. Падарожжы, фотаздымкі. Дарога расстаўляе акцэнты. Калі праходзіш па вёсках, ідзеш па некалькі кіламетраў пехатою, без тэлефона, без інтэрнэту, думаеш пра сваё, разважаеш… Ачышчаешся.

І фатаграфаваць я спрабаваў спачатку для сябе: дзевачкі-кветачкі, здымаў вяселлі знаёмых… Да таго ж фатаграфія была такім дадаткам да блогерства — я вёў блог, выкладаў там фота… Але, здымаючы тыя вяселлі, я паціху пачаў разумець, што здымаю вясковую традыцыю, якая трансфармуецца.

Прызнанне ў свеце Сяргей Лескець здабыў серыяй здымкаў жыхароў беларускіх аграгарадкоў. Фота з серыі «Агра», calvertjournal.com.

Таксама я зразумеў, што, каб чагосьці дасягнуць, чымсьці трэба ахвяраваць. Спачатку я думаў, што перахварэю на сваё краязнаўства, вандроўкі, буду звычайным «сытым бюргерам». Але не папусціла. Да таго ж паступова фатаграфія пачала цікавіць мяне ўсё больш і больш.

Але працаваць трэ’ было хоць дзе. Я пайшоў працаваць на чыгунку. І трапіў на будаўніцтва чыгункі ля АЭС. Зняў рэпартаж адтуль — тады я ўжо цікавіўся дакументальнай фатаграфіяй.

«НН»: А чаму вырашылі з’ехаць з Мінска?

СЛ: Мая дзяўчына — сёння мы ўжо ажаніліся — пасля сканчэння ўніверсітэта не магла знайсці нармальную працу. Яна перакладчыца, а на той момант вакансій па спецыяльнасці для яе не было. І збанкрутавала фірма, дзе працаваў я. Таму стала зразумела, што трэба нешта мяняць. Мы перабраліся ў Маладзечна: мае бацькі недалёка, і мая каханая сама родам адсюль. Ажаніліся.

Іван Семяняка страціў жонку і трох сыноў, sputnik.by.

«НН»: А ў чым розніца для вас паміж жыццём у сталіцы і ў правінцыі?

СЛ:

Мінск — гэта не маё. Фактычна ў Мінску сябе не знайшоў. Гэта не мой горад. Ды і жыць, калі ты не ведаеш суседзяў, людзі адзін з адным не вітаюцца… Душнавата. У правінцыі людзі ўсё ж больш светлыя, душэўныя.

Жыццё запаволенае. Але ёсць і такая хамаватасць — напрыклад, выходзіш з аўтобуса, а табе дарогу ніхто не саступіць. Хамаватасць кантралёраў, міліцыі…

«НН»: І калі пераехалі ў Маладзечна, то чым займаліся?

СЛ: Я хацеў паспрабаваць сябе ў фотажурналістыцы. Ну і разаслаў рэзюмэ з фотаздымкамі з чыгункі ля АЭС у розныя рэдакцыі. Адгукнуліся з «Інтэрфакса», ім спадабалася, што я прыдумаў ідэю для рэпартажа сам. Мы пачалі супрацоўнічаць. Пасля мяне пазвалі на kraj.by — мясцовы рэгіянальны сайт. Але заробкі былі вельмі маленькія. Здымак каштаваў 5 тысяч рублёў.

Да таго ж, калі сайт недзяржаўны, то там часам складаней працаваць, чым на дзяржаўным. Пры гэтым яны хацелі, каб больш я ні з кім не супрацоўнічаў. Але ж была свабода.

«НН»: А як жа вы жылі за тыя грошы?

СЛ: Я падпрацоўваў на мясакамбінаце. Два праз два графік, 600 даляраў заробак. Нармальна. Два дні працуеш, два дні здымаеш. Дарэчы, адздымаў і серыю з мясакамбіната.

Фота: Сяргей Лескець, calvertjournal.com.

Паступова я зразумеў, што блогерства, краязнаўства — усё ж не маё. Хацелася рабіць сур’ёзныя фотапраекты. І было нейкае непаразуменне з рэдактарамі: бо кожны ж «усё ведае». Я выпрацоўваю сваю візуальную мову, а ад іх чую, што гэта «цемнавата», тое — «нецікава»… Мяне гэта абурала. Да таго ж я хацеў вырвацца са свайго рэгіёна, а для kraj.by асноўныя тэмы — Маладзечанскі раён. Ну і стала зразумела, што час валіць.

«НН»: Куды?

СЛ: Я здымаў партрэты бабак-шаптух. Дарэчы, на kraj.by гэтая тэма не зайшла, бо рэдактарка-каталічка была супраць. Дык вось, я звязаўся з Веранікай Трызна з «Інтэрфакса», з якой супрацоўнічаў раней. Прапанаваў ёй. Але яна з камандай сыходзілі на Sputnik якраз, паабяцалі, што як толькі гэты новы праект запрацуе, то мяне паклічуць.

Тады я разаслаў рэзюмэ хіба не ва ўсе беларускія СМІ, але ніхто не адгукнуўся. А пасля мяне паклікалі на Sputnik.

Там я пазаштатнік. Здымаю і для іх, і свае праекты.

Фота: Сяргей Лескець, BelarusDigest.

«НН»: А як жа рэпутацыя? «Спутнік» жа даччын праект «Расіі сёння». Кісялёўшчына, усё такое?

СЛ: Мне, каб здымаць без перашкодаў, усё ж патрэбна акрэдытацыя да нейкага СМІ. І пытанне паўстала так: альбо Sputnik, альбо нічога. А працаваць хочацца.

«НН»: А як вашымі здымкамі зацікавіліся замежнікі?

СЛ: У мяне была сяброўка з вёскі. Да яе прыязджала сястра, якая вучылася ў Амерыцы, пасля — у Гарвардзе. І яна была датычная да праекту Belarusdigest. Ну і вось, праз знаёмых даведаліся пра мяне. Надрукавалі мае вясковыя партрэты. А праз іх мае здымкі трапілі ў Guardian.

Фота: Сяргей Лескець, BelarusDigest.

«НН»: А што ў Беларусі цікавіць беларусаў, а што цікавіць замежнікаў? У плане фатаграфіі, маю на ўвазе.

СЛ: Ну… У беларускіх СМІ, напрыклад, ёсць свая спецыфіка ў кожнага. Я не буду здымаць для «Спутніка» палітычныя падзеі, бо не ведаю, як здымак падпішуць, напрыклад. Для іх я здымаю традыцыі, абрады. Што тычыцца замежнікаў, то гэтая чарнуха 90-х, «як усё дрэнна ў Беларусі», адыходзіць паціху. Ім патрэбна нейкае іншае бачанне. Хаця ўмоўныя «бабкі ў андараках» і па сёння нармальна прадаюцца.

Радаўніца ў Вішневе (Валожынскі раён), sputnik.by.

«НН»: Ваша найвядомая серыя прысвечаная жыццю ў аграгарадках. Чаму?

СЛ: Гэта вельмі цікавы феномен. Бо аграгарадкі — фішка папулісцкая, але яна спрацавала. Я раней думаў, што людзі з вёскі будуць толькі з’язджаць. Але не, у аграгарадках яны жывуць, гадуюць дзяцей. І я захацеў паказаць гэтых людзей, як яны бачаць жыццё, як яны жывуць самі. У нейкай ступені гэта партрэт эпохі, антрапалагічнае даследаванне.

Сяргей Лескець, серыя «Агра», calvertjournal.com

«НН»: А што такое для вас сённяшні аграгарадок?

СЛ: З аднаго боку, гэта стан сучаснай вёскі, якая да яго сама ішла, проста ёй, можа, трохі дапамаглі. А традыцыйная вёска сыходзіць, памірае, няма пераемнасці. Сённяшні вясковец не жыве так, як яго прадзед.

Сяргей Лескець, серыя «Агра», calvertjournal.com

А з другога боку, фінансаванне аграгарадкоў скарачаецца. Гэтая эпоха неўзабаве таксама адыдзе. І я хачу гэта зафіксаваць.

«НН»: З кім цяжэй працаваць: з моладдзю з аграгарадкоў ці з бабулямі з вёсак?

СЛ: З моладдзю працаваць вельмі проста. Праблема ў аграгарадках, хутчэй, з людзьмі, якія пры ўладзе, якія могуць дазволіць ці забараніць здымаць штосьці.

Яны не разумеюць, што адбываецца і навошта. Я прывозіў у свой родны пасёлак аўстрыйцаў, якія цікавіліся жыццём сучаснай беларускай вёскі, дык пасля маёй маці выгаворвалі, нібыта я прыцягнуў замежнікаў, каб паказаць, як беларусы бедна і брудна жывуць. Дык а я лічу так: хочаце, дык рабіце чысцей, калі лічыце, што ў вас брудна, а не сядзіце па лаўках. Пры чым тут я?

А гэта паказушнасць наша, якая засталася асабліва ў дзяржаўнай прэсе, калі фатаграфія ўспрымаецца як прапаганда… У нас б’юць не таго, хто ў хаце не прыбраў, а таго, хто святло ўключыў.

А са старымі ў вёсках дапамагае беларуская мова. Размаўляеш па-беларуску, то адразу табе давяраюць. Магія. Да таго ж гэтыя шаптухі замаўляюць і лякуюць па-беларуску. Вылечваюць беларускім словам, гэта неймаверна.

Фота: Сяргей Лескець, BelarusDigest.

«НН»: А чым вы розніцеся ад іншых беларускіх фатографаў?

СЛ: Шмат хто проста лянуецца ездзіць і шукаць цікавыя тэмы. Многа хто ўвогуле не выязджае з Мінска. А калі едзе, то вёску здымаюць банальна: вышыванкі, бабулькі, усякае такое.

Я хачу сказаць сваё слова. Бо праўду мала хто паказвае. «Советская Белоруссія» пакажа так, «Хартыя» інакш, а на справе ж усё і не так, і не гэтак. А я хачу рабіць аб’ектыўна, нейтральна.

Фота: Сяргей Лескець, BelarusDigest.

Каментары4

Як жыве і чым займаецца Крысціна Моцная — меркаваная дачка Аляксандра Лукашэнкі37

Як жыве і чым займаецца Крысціна Моцная — меркаваная дачка Аляксандра Лукашэнкі

Усе навіны →
Усе навіны

Лаўроў даў прымірэнча-спакуслівае інтэрв'ю Карлсану10

Сёння даляр упаў на сем капеек да 3,4 рубля

На падтрымку дэпартаванага ў Беларусь экс-каліноўца Васіля Верамейчыка сабралі неабходную суму3

На трасе Мінск — Гродна заўважылі дзікіх коней ВІДЭА1

Кіраўнік МЗС Польшчы: Я зачыню ўсе расійскія консульствы, калі Масква працягне дыверсіі5

Кіраўніка крымінальнай міліцыі Клімавічаў арыштавалі за хабар. Пагражае да 15 гадоў10

Пара ажанілася з-за размеркавання. Суд прызнаў шлюб несапраўдным3

Трамп прызначыў «цара» па пытаннях штучнага інтэлекту і крыптавалют4

Адбылося лёсаванне новага футбольнага турніру — Клубнага чэмпіянату свету2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як жыве і чым займаецца Крысціна Моцная — меркаваная дачка Аляксандра Лукашэнкі37

Як жыве і чым займаецца Крысціна Моцная — меркаваная дачка Аляксандра Лукашэнкі

Галоўнае
Усе навіны →