У радзільні Слуцка яшчэ адно дзіця нарадзілася мёртвым. СК праводзіць праверку
У мінулым годзе Дзмітрый ў свае 38 гадоў першы раз ажаніўся. І з дня на дзень рыхтаваўся стаць бацькам. Паводле яго слоў, на працягу ўсёй цяжарнасці яго жонка пастаянна назіралася ў дактароў і здавала аналізы, піша Tut.by.
Медыкі казалі, што ўсё добра. Увечары 17 мая ў жанчыны адышлі воды. На хуткай яе адвезлі ў слуцкую радзільню. Бліжэй да апоўначы пачаліся схваткі. Але ў выніку хлопчык нарадзіўся мёртвым.
— У мяне ў нядзелю быў дзень нараджэння. Я думаў, што сын, якога мы з жонкай так доўга чакалі, стане выдатным падарункам. Але здарылася тое, што здарылася, - са слязамі распавядае Дзмітрый.
У жонкі Дзмітрыя гэта было б ужо другое дзіця.
— У нас усё было добра. І мы вельмі хацелі сына. Жонцы доўга не ўдавалася зацяжарыць. Але потым, дзякуй Богу, усё атрымалася, — распавядае мужчына.
Ужо на першых тыднях цяжарнасці яго жонка Вікторыя стала на ўлік у жаночую кансультацыю.
Аналізы выявілі ў яе ўрэаплазму. Гэтая інфекцыя, як і ўсе астатнія, тэарэтычна можа выклікаць паталогію цяжарнасці і плоду. Але жанчыне прызначылі курс таблетак і сказалі, што пры правільным і своечасовым лячэнні ўсё павінна быць добра.
— Мне казалі, што вялікіх праблем быць не павінна. Асабліва пасля таго як высветлілася, што ў нас будзе хлопчык. Гэтая інфекцыя, па словах дактароў, часцей выклікае паталогіі ў дзяўчынак, — кажа Вікторыя. — Перыядычна скакаў гемаглабін. Але па іншых паказчыках усё было ў норме. Я ўсю цяжарнасць была пад наглядам. Мне заўсёды казалі, што працэс працякае нармальна і турбавацца няма пра што.
За 3 тыдні да родаў Вікторыю паклалі на захаванне — хлопчык у жываце «быў вельмі буйным», як кажа маці. Але на мінулым тыдні жанчыну выпісалі.
— Увечары 17 мая ў мяне дома адышлі воды. Мы выклікалі хуткую, якая адвезла нас у бальніцу. Каля 23 гадзін пачаліся схваткі. Дактары казалі, што да раніцы я павінна нарадзіць. Але ўсё пайшло хутчэй, — аднаўляе храналогію Вікторыя. - Роды праходзілі цяжка — не магла нармальна тужыцца. А потым, калі дзіця ўсё-такі выйшла, дактары сказалі, што ён мёртвы. Мяне ў тую ж секунду пачало калаціць. Не магу адысці да гэтага часу.
Яшчэ паўгадзіны дактары спрабавалі выратаваць дзіця. Але нічога не выйшла. Вядома, што 16 мая плод быў яшчэ жывы — маці была на прыёме ў жаночай кансультацыі. Дакладнай прычыны смерці немаўляці бацькі не ведаюць. Паводле папярэдняй версіі, ён задыхнуўся. Зараз інцыдэнтам займаецца Следчы камітэт.
Загадчык радзільні слуцкай бальніцы Аляксей Валетка ад каментароў адмовіўся.
— Я з вамі размаўляць не буду. Мне не падабаецца ваш партал. Да пабачэння, - сказаў Аляксей Валетка і павесіў слухаўку.
Як раней пісалася, у пачатку лютага ў Слуцкай ЦРБ у парадзіх з розніцай у два дні загінулі два немаўляці.
Пазней камісіяй Міністэрства аховы здароўя было ўстаноўлена, што «ў Слуцкай ЦРБ пацыенткам была аказана кваліфікаваная медыцынская дапамога - у поўным аб'ёме і своечасова».
Каментары