Асноўныя пагрозы фінансавай стабільнасці Беларусі сёння звязаны з рэалізацыяй назапашаных крэдытных рызык ва ўмовах пагаршэння фінансавага становішча прадпрыемстваў і зніжэння дзелавой актыўнасці. Пра гэта было заяўлена 5 мая на пашыраным пасяджэнні праўлення Нацыянальнага банка.
Як паведамляе прэс-служба галоўнага банка краіны, на пасяджэнні, дзе разглядаліся вынікі рэалізацыі грашова-крэдытнай палітыкі ў першым квартале 2016 года, было адзначана, што доля праблемных актываў банкаўскага сектара на 1 красавіка дасягнула 11,5%, што аказвае негатыўны націск на фінансавы вынік і капітал банкаў.
Праблема крэдытнай рызыкі вырашаецца ў ходзе сумесных абмеркаванняў з удзелам Нацбанка, урада, камерцыйных банкаў і найбуйнейшых крэдытаатрымальнікаў. Большасці прадпрыемстваў, якія сутыкнуліся з праблемай пагаршэння фінансавага стану, банкі аказалі дапамогу ў рэфінансаванні запазычанасці і пераразмеркаванні пазыковай нагрузкі зыходзячы з патокаў выручкі, якая паступае.
Разам з тым, як адзначаюць у Нацбанку, абмежаваць крэдытныя рызыкі толькі за кошт банкаўскага сектара не ўяўляецца магчымым. «Для недапушчэння пагаршэння паказчыкаў дзейнасці банкаў неабходна ўрэгуляваць праблему неабслугоўваных крэдытаў, забяспечыць актыўнае выкарыстанне механізму санацыі жыццяздольных структур і вывядзення з рынку «хранічна» неэфектыўных прадпрыемстваў», — заяўляе галоўны банк краіны.
Найважнейшай задачай, на думку Нацбанка, у цяперашні час з'яўляецца актывізацыя працы па дэдаларызацыі эканомікі. У сувязі з гэтым Нацбанк выступіў з ініцыятывай распрацаваць сумесны з урадам план мерапрыемстваў, які прадугледжваў бы ўсебаковыя меры па дэдаларызацыі эканомікі і выразны графік іх рэалізацыі.
Як было адзначана ў ходзе пасяджэння, на фоне неспрыяльнай знешнеэканамічнай сітуацыі ў першым квартале 2016 года Нацбанкам і банкамі ў цэлым дасягнуты пастаўленыя на гэты перыяд задачы. Запаволенне тэмпаў росту грашовай масы, фарміраванне чыстай прапановы замежнай валюты на ўнутраным валютным рынку, нармалізацыя сітуацыі на дэпазітным рынку абумоўліваюць памяншэнне інфляцыйнага націску ў краіне. Гэта стварае магчымасці для паступальнага зніжэння рэальных працэнтных ставак у эканоміцы, улічваючы іх дастаткова высокі бягучы ўзровень.
«Адпаведна, адной з задач для банкаўскай сістэмы ў найбліжэйшы час застанецца «нармалізацыя» рызыка-прэміі, якая закладзена ў працэнтных стаўках як па дэпазітах, так і па крэдытах. Яе рашэнне будзе ажыццяўляцца паступальна, з улікам комплекснага аналізу існых макраэканамічных рызык і прагнозу развіцця эканомікі краіны», — заяўляюць у Нацбанку.
Адначасова будзе працягнута рэгуляванне грашовай прапановы. Цяпер гэта «аб'ектыўна неабходна» для захавання макраэканамічнай збалансаванасці і забеспячэння фінансавай стабільнасці.
У цэлым, паводле звестак Нацбанка, большасць індыкатараў фінансавай стабільнасці знаходзяцца ў бяспечных дыяпазонах, забяспечваецца ўстойлівае бесперабойнае функцыянаванне фінансавага сектара.
За першы квартал 2016 года тэрміновыя дэпазіты насельніцтва ў беларускіх рублях знізіліся на 1,4 трлн рублёў, у замежнай валюце — на 153 млн даляраў ЗША.
Такая сітуацыя, на думку Нацбанка, «шмат у чым тлумачыцца імкненнем хатніх гаспадарак захаваць расходы на канчатковае спажыванне ва ўмовах зніжэння рэальных грашовых даходаў за кошт выкарыстання наяўных зберажэнняў». Сярод іншых фактараў, якія аказваюць уздзеянне на паводзіны насельніцтва, галоўны банк краіны таксама адзначае студзеньскі ўсплёск дэвальвацыйных чаканняў і змяненне ўмоў функцыянавання дэпазітнага рынку.
У той жа час, як указвае Нацбанк, ступень іх уплыву паступова зніжаецца, пра што сведчыць аднаўленчая дынаміка аб'ёмаў новазаключаных дагавораў. Так, у студзені 2016 года, калі назіралася мінімальнае значэнне, аб'ём новапрыцягнутых укладаў склаў 2,4 трлн рублёў, а ў сакавіку ён вырас да 3,6 трлн рублёў.
Каментары