4 мая на дзіцячай пляцоўцы ў Мінску знайшлі 6-гадовую дзяўчынку без прыкмет жыцця. На наступны дзень яна памерла ў бальніцы. Мясцовыя жыхары распавялі «Нашай Ніве» свае версіі здарэння.
На пляцоўцы каля інтэрната ЦЭЦ-4, што на Альшэўскага, 11, гуляе малады хлопец з гадавалай дачкой і сабакам. Ён якраз спускае з той самай злашчаснай горкі сваё дзіця. Пра здарэнне хлопец ведае, але мяркуе, што яно адбылося ў іншым месцы. Даведаўшыся, што горка — «тая самая», ён на ўсялякі выпадак адыходзіць. Неўзабаве з’яўляецца яго жонка. Яна ганіць мужа: «Я ж табе казала, што гэта ўсё было на горцы каля пошты!»
Хлопца завуць Максім. Ён мяркуе, што здарэнне, зразумела, няшчасны выпадак. Аднак, кажа ён, можа быць вінаваты і стан дзіцячай пляцоўкі.
«Вы паглядзіце — гэта ж жах. Дваццаць першае стагоддзе, а мы тут жывем як у гета. Глядзець не хочацца. І такіх пляцовак вакол шмат, — кажа Максім. — Некалькі адрамантавалі, але гэта паказуха. Астатнія як стаялі, так і стаяць».
Ён жыве недалёка. На пляцоўцы бавіў час, пакуль жонка хадзіла на пошту. Аднак, па яго словах, пляцоўка амаль заўсёды пустая — большасць бацькоў гуляе з дзецьмі ў парку ці ў суседніх дварах.
За суседнімі дамамі насамрэч больш народу. Пра трагедыю большасць ведае, але не ўсе. Версіі розныя. Хтосьці сцвярджае, што дзяўчынка гуляла адна, а старэйшая сястра прыглядвала за ёй з акна. Хтосьці кажа, што дзіця было з цёткай, якая якраз кудысьці адышла. Але, мяркуючы па ўсім, на момант здарэння на пляцоўцы не было нікога. Яна сапраўды не карыстаецца папулярнасцю.
На версію Максіма пра тое, што і самі пляцоўкі не надта бяспечныя, жанчыны паціскаюць плячыма.
«Гэта няшчасны выпадак. Тады можна вінаваціць і вытворцаў той вопраткі», — кажуць яны.
Не бачылі бяды і супрацоўніцы крамы па продажы свяцільнікаў. Вялікія вокны крамы выходзяць якраз на тую дзіцячую пляцоўку.
«Гэта як злы рок нейкі. У той час, калі гэта ўсё адбывалася, нашыя дзяўчыны вешалі люстры ў іншым памяшканні. А адтуль тую горку і не бачна», — кажа адна з прадавачак.
Вядома, што дзяўчынка з бацькамі жыла ў інтэрнаце філіі ЦЭЦ-4. Але жыхары інтэрната аб тым, што здарылася, гавораць неахвотна.
«Мы структурнае падраздзяленне вялікага філіяла. І без дазволу кіраўніцтва ЦЭЦ я размаўляць не буду. Спачатку ідзіце да кіраўніцтва па дазвол, — кажа камендант інтэрната Ірына Віктараўна. — Я сама толькі месяц займаю пасаду. Дакументаў аб тым, хто адказвае за пляцоўку і бяспеку на ёй, не маю. І ўвогуле — гэтая тэрыторыя не інтэрнацкая, яна належыць гораду».
Па версіі жыхароў інтэрната, дзяўчынка была на пляцоўцы са старэйшай сястрой, якая адышла. У гэты час дзіця зачапілася за парэнчы шнуркамі ад байкі, якія і сціснулі шыю. Ці праўда гэта — ізноў жа сказаць ніхто не можа. Вядома толькі адно: за дзіцём не даглядзелі. Бяды ніхто не чакаў — а хто чакае яе на звычайнай пляцоўцы ля дома?
* * *
Нагадаем, што трагедыя здарылася ўвечары 4 мая. Шасцігадовую дзяўчынку заўважылі на горцы — яна ляжала без прыкмет жыцця. Мінакі аказалі дзіцяці першую дапамогу і выклікалі хуткую дапамогу. Дзяўчынка была экстрана шпіталізавана ў цяжкім стане.
На месца выехалі следчыя, праводзіўся агляд месца здарэння. Прыехаў нават старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч.
Як стала вядома раніцай 5 мая, дзяўчынка памерла ў бальніцы.
Каментары