Гарнітуры сувязі для расійскіх вайскоўцаў будуць перадаваць гук непасрэдна ў косткі чэрапа
Для перспектыўнай баявой экіпіроўкі «жаўнера будучыні» у Расіі стварылі гарнітуры сувязі, якія перадаюць гук не ў традыцыйныя навушнікі, а праз косткі чэрапа ў скроневай вобласці.
«У распрацоўках выкарыстаная найноўшая тэхналогія… Калі баец кажа ці прымае каманды, гук падаецца не праз вушы і традыцыйныя мікрафоны, а праз косткі галавы, вобразна кажучы, праз скроні. Перадаюцца ваганні, якія чытае апаратура. Такім чынам баец мае магчымасць адначасова атрымліваць каманды па радыёсувязі і чуць усё, што адбываецца на полі бою», — паведамілі ТАСС у Аб'яднанай прыборабудаўнічай карпарацыі.
Гарнітура лёгка апранаецца і здымаецца без патрэбы мяняць канструкцыю шлема, паведаміў прадстаўнік АПК.
Ідэя пра перадачу гука з выкарыстаннем эфекту косткавай праводнасці была прапанаваная ў 1923 годзе амерыканскім інжынерам Хьюга Гернбекам. Цяпер падобныя навушнікі выкарыстоўваюцца ў слыхавых апаратах ці ў гарнітурах сувязі, якія павінны працаваць у асаблівых умовах (у вялікім шуме ці пад вадой). Гэтую тэхналогію выкарыстоўваюць таксама Google Glass.
Каментары