У суботу, 23 красавіка, у Мінску ў другі раз пройдзе акцыя «Бах у метро», падчас якой прафесійныя музыкі сыграюць творы знакамітых кампазітараў у пераходах станцый падземкі. Сёлета арганізатары пастараліся зрабіць так, каб людзі маглі пачуць адразу некалькі канцэртаў у адзін дзень.
Акцыя пройдзе з 14.00 да 17.00 у пераходах пяці станцый мінскага метро. Граць будуць не толькі Баха. Каб наведвальнікі маглі пачуць усе выступы, арганізатары змясцілі кожны на паўгадзіны.
Так, з 14.00 да 15.00 на «Уруччы» Наста Папова (скрыпка) і Эрык Арлоў (кантрабас) сыграюць Баха.
З 14.30 да 15.30 вакальны ансамбль капэлы «Санорус» выканае музыку кампазітара 12-13-га стагоддзяў Пероціна Вялікага на «Плошчы Перамогі».
З 15.00 да 16.00 на «Пушкінскай» музыкі квартэта «Акварэль» сыргаюць творы аўтараў 17-га стагоддзя са зборніка «Полацкі сшытак».
З 15.30 да 16.30 Сяргей Доўгушаў (колавая ліра, вакал), Ілона Лесь (віяланчэль) і Павел Бортнік (гітара) выканаюць на «Каменнай горцы» творы англійскага кампазітара 16-17-га стагоддзяў Джона Доўлэнда.
Завершаць акцыю «Бах ў метро» з 16-й да 17-й гадзіны музыкай Вівальдзі на «Трактарным заводзе». Творы знакамітага італьянца сыграюць Анастасія Валаткевіч (скрыпка), Канстанцін Валаткевіч (габой) і Таццяна Зубарэнка (віяланчэль).
Каментары