Разбойны напад на 62-гадовую жанчыну адбыўся 24 сакавіка ў вёсцы Вялікія Чучавічы Лунінецкага раёна.
Каля 21:00, пракраўшыся ў хату праз незачыненыя ўваходныя дзверы, двое невядомых у шапках з прарэзамі для вачэй сталі патрабаваць ад гаспадыні грошай, пагражаючы ёй нажом. У адным з няпрошаных гасцей жанчына пазнала па голасе суседа і назвала яго вясковай мянушкай. Спалохаўшыся, налётчыкі збеглі.
Аператыўнікі ўстанавілі асобы зламыснікаў па гарачых слядах. Імі аказаліся непрацуючыя аднавяскоўцы пацярпелай 1994 і 1991 гадоў нараджэння. Знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення, яны захацелі працягнуць «банкет». Ідучы па вуліцы, пабачылі свет у акне дома жанчыны. Каб здабыць грошай на алкаголь, яны адзелі маскі і здзейснілі напад на жанчыну.
Падазраваныя затрыманыя. У дачыненні да іх Лунінецкі раённы аддзел Следчага камітэта распачаў крымінальную справу па ч.2 арт.207 КК (разбой з пранікненнем у жыллё групай асоб). Фігурантам пагражае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 6 да 15 гадоў.
Каментары